сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга ШАГОЙКА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 525 г.Мінска. Пралеска 07/2012

«Дыямент жывы вякоў»

Сцэнарый свята ў сярэдняй групе

Мэта: далучыць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры.
Задачы: фарміраваць цікавасць дзяцей да беларускай мовы; выхоўваць сяброўскія адносіны паміж дзецьмі.
Вядучы (В.). Добры дзень, дзеці! Сёння мы завітаем у госці да нашай роднай мовы. Якая мова з’яўляецца для нас роднай? Чаму вы так думаеце? (Адказы дзяцей.) Так, мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь — наша Радзіма. Тут мы гуляем, вучымся, тут будзем працаваць. Тут жывуць нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі. Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць народныя песні, танчыць народныя танцы, ведаць, як адзначаюцца святы на нашай зямлі. А зараз мы ўсе павітаемся.

Прывітанка «Ці усе ёсць?».

Ці ўсе ёсць? Вітаем вас (махаем рукамі, вітаем)!
Пачынаем, бо ўжо час.
Ёсць тут я, ёсць і вы (паказваем пальцам на сябе і на іншых).
Раз, два, тры (пляскаем у далоні)!
В. Добра, а зараз слухайце ўважліва і адгадвайце:
Хоць сама яна нямая —
3 чалавекам размаўляе. (Кніга.)
Той, хто сябруе з кнігамі, шмат чаго ведае. Таму жыццё яго вельмі цікавае і духоўна напоўненае. А самыя лепшыя кнігі— кнігі на роднай мове.
Дзеці чытаюць верш К. Цвіркі:
Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай.
На паліцах —безліч кніг!
Тоўстых, тонкіх — розных самых.
Цэлы свет — у кніжках тых.

Я куплю табе вось гэту...
Гэту й гэту варта ўзяць...
Ты пра ўсе краіны свету
3 гэтых кніжак будзеш знаць.

Ой, як добра! Дзякуй, мама!
Я пра іх чытаць люблю.
Толькі знаць хацеў таксама
Я пра нашую зямлю.

I яшчэ — за што, няйначай,
Буду ўдзячны я ўдвайне —
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне.

То ж Айчыны нашай мова,
Мова прадзедаў, бацькоў.
У той мове што ні слова —
Дыямент жывы вякоў.

В. Ці ведаеце вы, хто надрукаваў самую першую кнігу на беларускай мове? Давайце адправімся ў госці да дзеда Васіля і папросім яго расказаць пра той даўні час.
Паедзем мы на машынах, але будзьце ўважлівымі, памятайце правілы дарожнага руху і сачыце за светлафорам.

Фізкультхвілінка «Светлафор».

Дзеці бяруць у рукі «рулі» і рухаюцца па зале ў розных напрамках, Вядучы трымае ў руках сцяжкі альбо іншыя прадметы зялёнага, жоўтага і чырвонага колераў.
Музычнае суправаджэнне — твор з дзвюх рознахарактарных частак — хуткая (зялёны колер) і павольная (жоўты колер). Вядучы па чарзе паказвае дзецям сцяжкі а яны выконваюць адпаведныя рухі: зялёны — свабодная хада, жоўты — прыпыніцца і хада на месцы, чырвоны — спыніцца.
Пасля заканчэння фізкультхвілінкі вядучы запрашае дзяцей падысці да шырмы, з-за якой выходзіць дзед Васіль.
Дзед Васіль. На нашай зямлі нарадзіўся і жыў адзін разумны і мудры чалавек, якога звалі Францішак Скарына. ён надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Зараз — амаль праз 500 гадоў — кнігі Скарыны можна знайсці ў нас толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Але на звычайных паліцах іх там не ўбачыш. Гэтыя кнігі захоўваюць у спецыяльных памяшканнях, дзе заўсёды падтрымліваюцца пэўныя тэмпература і ступень вільготнасці паветра, каб старая папера і друк маглі захавацца як найдаўжэй
В. 3 той пары, калі жыў Францішак Скарына, мінула шмат часу, але ўдзячныя людзі памятаюць яго. I ў Мінску (каля Нацыянальнай бібліятэкі, у дворыку Беларускага ўніверсітэта і ў парку імя Янкі Купалы каля набярэжнай ля Свіслачы), і ў Полацку, дзе ён нарадзіўся, стаяць помнікі знакамітаму друкару. Кожны год на Свята беларускага пісьменства добрым словам узгадваюць гэтага чалавека і малыя, і дарослыя.
Дзед Васіль. А вы, дзеці, сябруеце з кнігай? Раскажыце, пра што вы даведаліся з кніг.
Дзеці адказваюць, потым чытаюць вершы.
Не проста ў словы я гуляю,
На мове роднай размаўляю.
У час дасветны, вечаровы
Кажу пяшчоты цёплай словы:
Дзень добры, сонейка над гаем,
Свяці над мілым, родным краем.
М. Мятліцкі

Я часта ў кнізе па лесе блукаю,
Дзівосныя скарбы яго я збіраю:
Зязюль кукаванне і песні драздоў,
Грыбное маўчанне і звон раўчукоў,
I смутак сасновы, і пах чабаровы,
Рабіны цяпло і бярозак святло.
Я самы шчаслівы, багаты
Вяртаюся з лесу дахаты.
Вучаць кнігі радзіму любіць
I сумленнымі, добрымі быць.
Вучаць кнігі старых шанаваць
I цудоўныя казкі казаць.
Вучаць мудрасці і чысціні -
I святлейшымі робяцца дні.
Зоркі-літары свецяць ўначы
I ад ведаў нам дораць ключы.

Гучыць песня «Родная мова» (верш Н. Гілевіча, музыка Н. Сакаловай).
Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была!
Мова мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!

Ты звініш, як я уранку
Чую песні за акном,
I журчыш, як баіць байку
Мне бабуля перад сном.

Разгарну буквар вясёлы —
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты.
Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.
Дзед Васіль. Ну, дзеткі, вельмі вы парадавалі мяне, старога. I спяваць вы ўмееце, і мову родную шануеце, і да кніг паважна ставіцеся. Вершы добра расказалі,- песню хораша спявалі, але яшчэ не пагулялі.

Гульня «Дудка» (бел. нар. мелодыя «Янка»).

Дзеці стаяць па крузе, спяваюць і адначасова перадаюць дудку адно аднаму.
Гэта дудка не прастая —
Ад усіх яна ўцякае.
Каму ў рукі пападзе.
Той у круг скакаць пайдзе.

Дзіця з дудкай выходзіць на цэнтр круга і выконвае танцавальныя рухі, усе астатнія дзеці пляскаюць у далоні.
Дзед Васіль. А зараз паспрабуйце адгадаць мае загадкі. Яны пра птушак, якія жывуць на Беларусі.

Загадкі

Доўгая шыя, чырвоныя боты, белы ды шэры ідзе ўздоуж балота. (Бусел.)
Тут лапоча, там стракоча, усе навіны ведаць хоча. Гэта птушка белабока — балбатлівая... (сарока).
Хто на дрэве, на суку, кліча голасна: «Ку-ку»? (Зязюля.)
Шэранькая птушка па двары гуляе, крошкі збірае, «чык-чырык» спявае. (Верабей.)
В. Ой, як весела ў нас — ногі так і рвуцца ў пляс.

Танец-гульня «Вясёлая полечка»

(народная мелодыя «Бульба»).
Усе за ручкі сябра ўзялі,
Хутка парачкамі сталі.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Будзем польку танцаваць.
Прыпеў:
Закружыліся хутчэй,
Ўсім нам стала весялей. (2 разы)
Будзем мы з табой дружыць,
Па далоньках гучна біць,
I вось так, і вось так
Па далоньках гучна біць.
Прыпеў.
Як не будзем мы мірыцца —
Будзем пальчыкам сварыцца,
I вось так, і вось так
Будзем пальчыкам сварыцца.
Прыпеў.
Нашы ручкі, патанцуйце («ліхтарыкі»),
Ну, а дзеткі пастаяць.
Хутка разам уцякайце...
В. Я вас буду даганяць!
Прыпеў.
Дзед Васіль. Вы зусім не сумныя, а спрытныя, разумныя!
В. Так, дзядуля, мы такія, і пакажам табе, як мы ўмеем уважліва слухаць і лічыць.
На канапе дружна ў рад
Цацкі Таніны стаяць:
Дзве матрошкі, Бураціна,
Арлекіна і Мальвіна.
Добра цацкі палічыце,
Колькі ўсіх іх, адкажыце. (5)
У Алёнкі ў гасцях
Кураняткі два ў лапцях,
Качка ў спадніцы,
Курка ў завушніцах,
Конік прыскакаў зялёны.
Колькі цацак у Алёны? (5)
У бабулі Дар'і
Унучка Наталля,
Сабачка Дружок
I коцік Пушок.
Колькі ўнукаў у бабулі? (1)
Пайшоў коцік пад масток
Рыбак налавіў каток
Плотку, шчупака, карасіка
Для малога Стасіка.
Колькі рыбак налавіў каток? (3)
В. Выхадзіце, хлопцы, дзеўкі, пра- спявайце нам прыпеўкі.

Беларускія прыпеўкі

Туры-туры, растатуры
Беларускай мы натуры,
Трошкі пасварыліся,
А потым памірыліся.

Ой, дзяўчаты, вы, дзяўчаты
Добра вы спяваеце,
Толькі вось ад вашых песень
Куры разбягаюцца!

Добра хлопцы зайгралі
На вясёлай дудцы,
Падвываў ім пёс Барбос,
Седзячы на будцы.
Дзед Васіль. Малайцы, а ў мяне для вас таксама ёсць маленькі сюрпрыз (паказвае цацку ката). Гэта мой коцік (дае пагладзіць жадаючым). Ён у мяне такі ж вясёлы і спрытны, як і вы. Давайце з ім пагуляем.

Пальчыкавая гульня.*

Дзеці слухаюць верш «.Пра ката».
Расхацелася катку спаць,
Выйшаў каток пагуляць.
Перайшоў цераз масток,
Замачыў шэры хвасток

Ішоў каток ля балота,
Бачыць — на лужку вароты.
За варотамі, як гномік,
Стаіць зайчыкавы домік

Бег да доміка кот спрытна,
Аказаўся той закрытым,
Бо зайчатка яшчэ зранку
Скіраваўся на палянку.
*Паказваем пальчыкамі тое, што ў вершы:
коцік — сярэдні і безыменны пальцы прыціснутыя сагнутым вялікім пальцам да далоні, мезенец і ўказальны палец выцягнутыя ўверх;
масток — становішча рук гарызантальнае, кончыкі пальцаў дакранаюцца адзін да аднаго;
вароты — зведзеныя кончыкі пальцаў абедзвюх рук прыціснуты адзін да аднаго ў гарызантальным становішчы;
домік — кончыкі пальцаў абедзвюх рук злучаны, далоні нахілены;
бег — указальны і вялікі пальцы рук хутка рухаюцца па стале;
закрыты домік — рукі сціснутыя ў кулакі, вялікі палец закрыты астатнімі пальцамі;
зайчык — указальны і сярэдні пальцы разведзены, безыменны і мезенец напаўсагнуты і нахілены да вялікага пальца.
В. Ну што ж, сёння мы даведаліся, што кніга — гэта радасць для кожнага чалавека. Хто чытае яе, становіцца мудрым, разумным, шмат чаго ведае. А зараз настала пара развітвацца. Давайце падзякуем дзядулю Васілю за цікавыя гульні і аповеды і спяём на развітанне.

Песня «Бывайце здаровы»

(верш А Русака, музыка I. Любана).
Дзед Васіль. Я сёння пачуў ад вас такія прыгожыя вершы і песні пра нашу мову і нашу родную Беларусь, павесяліўся разам з вамі I хачу сказаць вам вялікі дзякуй за гэта і нагадаць такіх беларускіх пісьменнікаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк Яны шанавалі беларускую мову і ў творах услаўлялі яе. Сёлета мы адзначаем іх юбілеі. Памятайце сваіх песняроў, чытайце іх творы, спявайце і размаўляйце па-беларуску! Да пабачэння!


Яшчэ на гэту тэму:

«Над Белай руссю — белы бусел»     Жыву ў Беларусі і тым ганаруся