сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля КАЛЯДА, выхавальнік дашкольнай адукацыі, Нягневіцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Пралеска 07/2016

Славім, лецейка, цябе!

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: замацаваць уяўленні дзяцей аб порах года, летніх прыродных з’явах, раслінах, правілах паводзін у прыродзе; развіваць спрытнасць, хуткасць, увагу, лагічнае мысленне, творчасць; выхоўваць сяброўскія адносіны.
Матэрыял і абсталяванне: сняжынкі, лісце жоўтага і зялёнага колераў з кардону, рознакаляровыя кветкі, стужкі жоўтага колеру, сонейкі-сувеніры па колькасці дзяцей, кошык, люстэрка, шалік, вядзерца з вадой, 2 абручы, кеглі, вяровачкі, перанасныя вароты, венік, мяч маленькага памеру, сляды з кардону, «чароўныя чаравічкі», 2 стойкі, аўдыязапісы: «Вальса» П. Чайкоўскага, вясёлай музыкі, «Полькі» Ю. Слонава, «Лявоніхі», касцюмы для герояў.
Дзеючыя асобы: вядучы, Лета, Баба Яга, Лясун, Пятрушка — дарослыя, Сонейка, Дажджынка, Ветрык — дзеці.

Ход мерапрыемства

На пляцоўцы раскіданы сняжынкі, лісце жоўтага і зялёнага колераў з кардону, рознакаляровыя кветкі па колькасці дзяцей.
Вядучы (В.). Добры дзень, усіх запрашаю гуляць, спяваць і танцаваць, славіць лета. (Звяртаецца да дзяцей.) Дзеці, што вы бачыце на траве? (Адказы дзяцей.) Зараз я буду чытаць верш, а кожны з вас будзе падымаць з травы той прадмет, які адпавядае пэўнай пары года.
Парадак мае ўсё на свеце:
У сад увосень ідуць дзеці,
(Падымаюць лісце жоўтага колеру.)
Узімку Новы год мы сустракаем,
(Падымаюць сняжынкі.)
А ўвесну сонца яснае вітаем.
(Падымаюць лісце зялёнага колеру.)
Цяпер зямля цяплом сагрэта,
Значыць, вясну змяніла лета.
(Падымаюць рознакаляровыя кветкі.)

В.
У дзіцячым садзе сёння
Будзе музыка гучаць.
Заспявае наваколле —
Лета будзем услаўляць!
1-е дзіця.
Сонца яснае вітаем,
Лета ў госці запрашаем.
2-е дзіця.
Сонца, сонца, грэй мацней,
Будзе свята весялей!
Дзеці (разам).
Лета-лецейка, прыйдзі
Ды на нас ты паглядзі.

Гучыць «Вальс» П. Чайкоўскага. Уваходзіць Лета, прыбранае ў мноства рознакаляровых кветачак і матылькоў.

Лета.
Добры дзень, мае сябры!
Сумавалі па мне вы?
3-е дзіця.
Па табе мы сумавалі,
Дзянькоў цёплых мы чакалі.
Лета.
Будуць цёплыя дзянькі,
Будуць кветкі, матылькі,
Будзе сонца, будзе дожджык,
Будзе многа фарбаў розных.
Буду радасцю, вяселлем
Кожны дзень ваш напаўняць,
Усіх хлопчыкаў, дзяўчынак
Цяплом летнім саграваць.

Песня «Тапаліныя пушынкі»-

(сл. і муз. Я. Жабко)
В. Дзеці, да нас прыйшлі галоўныя героі лета. Давайце з імі пазнаёмімся.
Сонейка.
Я — Сонейка-сонца, залатое донца.
Варта толькі мне заззяць,
Пачынае ўсё спяваць.
Дажджынка.
Я палью сады, палеткі,
Напаю траву і кветкі.
Чыстае вадзіцы
Дам усім напіцца.
Ветрык.
Як я толькі завітаю,
Усё адразу ажывае.
На сена высушу траву,
Па лесе, полі прабягу.
Прыганю я хмарку, дожджык —
На зямлі мне рады кожны.

В. Шаноўныя Сонейка, Дажджынка, Ветрык, мы спадзяёмся, што разам з вамі лета ў дзяцей пройдзе цікава і запомніцца надоўга!
Сонейка. Абавязкова! Я падарую дзецям вяснушкі!
Даждынка. Я акраплю іх чароўнымі кроплямі!
Ветрык. А я паказычу так, што на твары ў кожнага будзе вясёлая ўсмешка!

Гучыць вясёлая музыка. Сонейка свеціць на ўсіх люстэркам, Дажджынка — акрапляе вадой, Ветрык — прабягае каля дзяцей з шалікам у руцэ.

Лета. Дзеці, я ведаю, што вы ўмееце цудоўна танцаваць. Можаце свае таленты паказаць? (Так.)

Танец з кветкамі

пад песню «Добры дзень, сонейка»
(сл. і муз. Я. Жабко)

Лета. Настала нам пара пагуляць. Ёсць у мяне адна гульня, спадзяюся, што яна вам спадабаецца. Бачыце, у мяне два сонейкі без праменьчыкаў. Давайце да кожнага прымацуем праменьчыкі.

Гульня-атракцыён «Складзі сонейка»

Дзеці становяцца ў 2 калоны. У кожнага ў руках стужка жоўтага колеру. У канцы паласы перашкоды ляжыць абруч. Дзеці па адным бягуць змейкай паміж кегляў, пераскокваюць праз вяровачкі, якія ляжаць на адлегласці 50 см. адна ад адной, дабягаюць да абруча, выкладваюць стужачку-праменьчык і па прамой бягуць да каманды.
Лета. Малайцы, дзеці, дружна выконвалі маё заданне.
В. Да нас яшчэ завіталі госці.

Уваходзяць Лясун і Баба Яга. Ні на каго не звяртаючы ўвагі, яны спрачаюцца паміж сабою.

Баба Яга. Я табе кажу, што не прагоняць
! Лясун. А я кажу: «Прагоняць!»
Баба Яга. Мяне? Ды мяне на любым свяце рады бачыць! Няхай толькі паспрабуюць выгнаць, я іх хутка венікам замяту.
Лясун. Вось пабачыш, што выганяць. Ці не.першы раз?
В. Не шуміце, калі ласка! Чаго вы спрачаецеся, паважаныя Баба Яга і Лясун? Дзень добры! Праходзьце, мы нікога праганяць не будзем. Так, дзеці? (Так.)
Баба Яга (азіраецца па баках). Ой, куды мы трапілі?
Лясун. Бачу, тут вельмі многа дзяцей. Што гэта?
Дзеці. Дзіцячы сад.
Лясун. Я прыйшоў да вас, дзеці, каб запрасіць у госці. У маім зялёным царстве ёсць і звяры, і птушкі, і камары, і мурашкі. Яны ўсе паміж сабой сябруюць. Маё царства вельмі багатае. Давайце ўсе возьмемся за рукі, пройдзем па ім і паглядзім, якія расліны там растуць. Толькі вы іх не рвіце і не тапчыце!

Дзеці ідуць за Лесуном змейкай па пляцоўцы, падыходзяць да дрэў, кустоў, кветак і называюць іх. Затым ён праводзіць гульню «Знайдзі тое, што назаву». Лясун называе расліну (дрэва, куст, кветку), а дзеці павінны яе знайсці на пляцоўцы.

Баба Яга. Хадзем, дзеткі, лепей у мой лес. Там ёсць вясёлая паляна — усе кветкі павялі, дрэвы загінулі, птушкі ў клетках і даўно-даўно не спяваюць.
В. Нікуды мы з табой не пойдзем! Не перашкаджай нам славіць Лета! Так, дзеці? (Так.)
Баба Яга. Не пойдзеце? Вы яшчэ пашкадуеце. (Бярэ венік і шэпча.)
Лета, Лета, пакланіся,
Лета, Лета, пакружыся.
На венік хуценька сядай,
У маю хату адлятай.

Лета кланяецца, кружыцца, «сядае» на венік Бабы Ягі і«адлятае».

Баба Яга.
Лета вам ніколі не знайсці,
Бо заблытаю ўсе сцежкі —
Ні праехаць, ні прайсці. (Смяецца і ўцякае.)

В. Што нам рабіць? Мы збіраліся славіць Лета, а Баба Яга нам усё сапсавала. (Дзеці выказваюць свае думкі.) Застаецца ісці шукаць Бабу Ягу і Лета. Дзеці, пойдзем? (Так.)
Пад вясёлую музыку дзеці ідуць па пляцоўцы, бачаць на траве сляды і спыняюцца.
В. Дзеці, глядзіце, нейкія сляды! Давайце пойдзем па іх, можа яны прывядуць нас да Лета. (Ідуць і спыняюцца каля «чароўных чаравічкаў».) Цікава, я думала, што гэта сляды Бабы Ягі, а гэта нейкія чаравічкі... Глядзіце, пісьмо. (Чытае.) «Вы шукаеце дарогу да Бабы Ягі? Мы дапаможам вам, але спачатку абуйце нас».
Вядучы абувае чаравічкі і пачынае танцаваць беларускі народны танец «Лявоніха».
В. (пасля танца). Дзеці, а чаравічкі чароўныя! Яны мяне некуды вядуць. Хутчэй за мной, не адставайце!
Усе разам ідуць і прыходзяць да хаты Бабы Ягі.
Баба Яга. Фу, дзіцячым духам пахне! Знайшлі ж такі Бабулечку Ягулечку! Але Лета я вам не аддам!
В. Баба Яга, аддай нам Лета!
Баба Яга.
Я — Бабуля Яга, касцяная нага.
Гадоў тысячу жыву я
I са спортам я сябрую!
Дайце клюшку ды вароты —
Шайбу так забіць ахвота!
Але няма ў бабулі клюшкі, адзін венік застаўся. Але ім таксама можна забіць гол. Навучыць?

Гульня «Забі гол»

Баба Яга становіцца на вароты, а дзеці па чарзе венікам спрабуюць забіць гол.
Баба Яга. Малайцы, цудоўныя хакеісты! Добра, аддам я вам Лета, але толькі патанцуйце са мной!

Гучыць «Полька» Ю. Слонава. Усе танцуюць Баба Яга вяртае Лета.

Лета. Дзякуй, што мяне выратавалі!
В. Глядзіце, нехта да нас зноў спяшаецца! Дык гэта ж Пятрушка.
Пятрушка. Прывітанне! Настрой у мяне сёння цудоўны! Прымеце ў свой гурт? Я ўмею спяваць, танцаваць, весяліцца. Са мной вам сумна не будзе! Гульні вясёлыя любіце? (Адказы дзяцей.)

Эстафета «Сараканожка»

Каманды стаяць у дзве калоны. Першы ўдзельнік бяжыць да стойкі, абягае яе і вяртаецца назад. За яго чапляецца другі ўдзельнік, які абягае стойку і вяртаецца за наступным удзельнікам і г.д. Перамагае тая каманда, якая хутчэй закончыць эстафету.
В. Добра мы адпачнулі, павесяліліся. Але прыйшоў час развітвацца.
Лясун. Цяпер я ўпэўнены, што гэтыя дзеці не будуць ламаць дрэвы, таптаць кветкі і траву. Яны будуць берагчы прыроду. Так, дзеці? (Так.)
Пятрушка. А яшчэ яны вырастуць спрытнымі, смелымі, хуткімі, як я!
Баба Яга. I статнымі, і прыгожымі, як я!
Лета. Але настаў час развітання.
Няхай здзяйсняюцца жаданні.
А я пайду — чакаюць справы,
Чакаюць новыя забавы.
Жадаю добра адпачыць,
Здароўя, сілы накапіць.
Я ведаю, што вы вельмі любіце адгадваць загадкі, таму не магу пакінуць вас без такога цікавага задання.
Я на сонейка падобны,
Мой ласунак — чорны, дробны...
Не тады, калі свячуся,
А як згасну і сагнуся. (Сланечнік.)

Востры хвост, нібыта вілы,
Дзіўны выгін маюць крылы.
Прыляціць да нас калі -
Лепіць дом сабе з зямлі. (Ластаўка.)
М. Пазнякоў
Руплівіца, ўецца,
Лёгкая, лёгкая,
Дзякуе кветцы,
Што тая салодкая. (Пчала.)

На ўсіх глядзіць, смяецца,
А глядзець на сабе не даецца. (Сонца.)

Хоць і ў жытцо перабраўся,
Але на хлеб не прыдаўся. (Васілёк)

Пчаліная справа.
Мядзведжая страва. (Мёд.)
А. Клышка
Тая птушка не пяе
I гнязда сабе не ўе.
Блісне вогненным пяром —
Загрукоча дзядзька гром. (Маланка.)

Беленькія вейкі,
Жоўценькія вочкі.
Міргаюць яны сонейку
Ад раніцы да ночкі. (Рамонак)
Н. Сторажава

Жадаю ўсім добрага адпачынку. I на памяць аб нашай сустрэчы хачу падарыць вам маленькія сонейкі-сувеніры.
Пад вясёлую музыку дзецям уручаюць падарункі.
В.
Сустрэча завяршаецца,
Мы сумаваць не будзем.
Хай мары ўсе здзяйсняюцца
На радасць добрым людзям.

Літаратура:

1. Жабко, Я.Г. Катится по небу солнышко: песни для детей дошкольного возраста (от 3 до 7 лет): пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / Я.Г. Жабко. — Минск: Нац. ин-т образования, 2015.