сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна Буланда — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 212 г. Мінска. Пачатковая школа Лістапад 2001

Новы год на тэатральнай сцэне.

Тэатральная пастаноўка па вершаванай п’есе-казцы Г. Аўласенкі “Новы год у лесе”

Дзеючыя асобы:
1. 1-ыЛесавік.
2. 2-і Лесавік.
3. Заяц.
4. Вавёрка старэйшая.
5. Вавёрка малодшая.
6. Мышка.
7. Цецярук.
8. Мядзведзь.
9. Лісіца.
10. Воўк.
11. Бабёр.
12. Дзед Мароз.
13. Снягурка.

(Заслона. Перад заслонай з’яўляюцца лесавікі.)

1-ы Лесавік.
Прывітанне, дружбакі!
2-і Лесавік.
Мы, дзядкі-лесавікі,
Завіталі ў госці зноў
Да сваіх малых сяброў.
1 -ы Лесавік.
Мы спяшаліся сюды
Праз снягі і халады.
2-і Лесавік.
Прабіраліся з ахвотай
Цераз гурбы і сумёты.
1 -ы Лесавік.
Мы баяліся спыніцца,
Каб на свята не спазніцца.
Ну а зараз...
2-і Лесавік.
Зараз час
Віншаваць са святам вас,
Дарагія гледачы!
1-ы Лесавік.
Пачакай, не балбачы!
Лепей торбачку здымай,
Казку новую вымай!
2-і Лесавік.
Дзякуй, дружа, за падказку!

(Здымае з пляча сваю торбачку, развязвае яе.)
Вось, трымайце, дзеці, казку
Пра Лісіцу і Ваўка,
Зайца і Цецерука.
1 -ы Лесавік.
Пра паважнага Мядзведзя,
Пра яго малых суседзяў,
Пра вавёрак і баброў...
2-і Лесавік.
Пра другіх лясных звяроў.
1 -ы Лесавік.
Пра зіму, пра Новы год,
Пра вясёлы карагод
Каля елак і бярозак...
2-і Лесавік.
Пра Дзядуленьку Мароза.
1-ы Лесавік.
А калі ж пачатак казкі?
2-і Лесавік.
Вось пачатак! Калі ласка!

(Лесавік узмахвае рукой, узнімаецца заслона. За ёй — палянка зімовага лесу. У цэнтры палянкі ўпрыгожаная навагодняя ёлка.)

1-ы Лесавік.
У бары, у гушчары,
Весяліліся звяры.
2-і Лесавік.
Песенькі спявалі,
Танцы танцавалі.
1 -ы Лесавік.
Тупалі, скакалі,
Новы год чакалі...
2-і Лесавік.
Зайцы елку выбіралі,
Каб высокая была.
1 -ы Лесавік.
Птушкі елку прыбіралі,
Каб прыгожая была.
2-і Лесавік.
А вавёрачкі і мышкі
Серабрылі снегам шышкі.
1-ы Лесавік.
А паважны цецярук
Іх развешваў, хоць без рук...
2-і Лесавік.
А глушцы і курапаткі
Для гасцей пяклі аладкі
I другія стравы,
Каб не быць без справы.

(Лесавікі адыходзяць убок, знікаюць. На палянцы з’яўляюцца Заяц, вавёркі — старэйшая і малодшая, і Мышка.)

Заяц.
Ах, якая наша ёлка!
Як блішчаць на ёй іголкі.
Вавёрка старэйшая.
Ах, як шышкі зіхацяць!
Вавёрка малодшая.
Нібы зорачкі ляцяць!
Мышка.
Дык давайце танцаваць,
Нашу песеньку спяваць.
(Бяруцца за рукі, ходзяць вакол ёлкі, спяваюць.)
Цецярук (выбягае на паляну).
Не спявайце! Пачакайце!
Без мяне не пачынайце!
Заяц.
Цецярук прыйшоў на свята.
Сапраўды, гасцей багата!
Тут і птушкі, і звяры.
Мядзведзь (выходзіць з лесу).
Прывітанне вам, сябры!
Утрымацца я не змог,
Хоць ужо ў бярлогу лёг,
Задрамаў, ды вось...
Заяц.
Нічога!
Не ўцячэ твая бярлога.
Вавёрка старэйшая.
Чым ляжаць і проста спаць,
Вавёрка малодшая.
Лепей свята сустракаць!
Мядзведзь.
Я таксама так мяркую.
Ну, а зараз прапаную
Стаць ізноў у карагод
I спяваць пра Новы год!

(Усе становяцца ў карагод, пачынаюць спяваць. Адначасова апускаецца заслона. Перад ёй з’яўляецца Лісіца.)
Лісіца.
Разгуляліся звяры,
Але ж гэта да пары.
Хутка я туды прыйду —
Свой парадак навяду.
Зайца першага злаўлю —
Вельмі ж я яго люблю. (Аблізваецца.)
Быць вавёркам у бядзе —
Не схаваюцца нідзе
Ад маіх лап-кіпцюроў.
Палаўлю я ўсіх звяроў!
(Перад заслонай з’яўляецца Воўк.)
Ты, кумок, як адчуваў,
Што сюды прышыбаваў.
Справа ёсць, кумок, адна.
Воўк.
А ці смачная яна?
Лісіца.
Кіпцюры абліжаш, шэры.
Воўк.
Штосьці я не маю веры.
Ты, кума, мяне падманеш...
Лісіца.
Што ты, шэры!
Воўк.
А не маніш?
Лісіца (з абурэннем).
Хіба ж я калі маню?!
Воўк.
Ды па сто разоў на дню!
Але што ў цябе за справа?
I ці будзе смачнай страва?
Лісіца.
Сёння ж будзе ў нас абед.
Накармлю цябе як след!
Ёсць задумачка адна.
(Шэпча штосьці Ваўку на вуха.)
Ну і як табе яна?
Падабаецца?
Воўк (радасна).
Вядома!
Лісіца.
Ну, тады бяжым дадому.
Трэба ўсё падрыхтаваць.
Воўк (радасна).
Сёння будзем баляваць!
(Бягуць убок, знікаюць з вачэй. Узнімаецца заслона, вакол ёлкі сядзяць лясныя жыхары.)

Заяц (сумна).
Вось і ёлка ёсць у нас,
I для свята самы час.
Што ж Дзядуленька Мароз
Падарункі не прынёс?
Вавёрка старэйшая.
Можа, ён пра нас забыўся?
Вавёрка малодшая.
Можа, ён з дарогі збіўся?
Мышка.
Можа, з ім бяда якая?
Мядзведзь.
Дык чаго ж мы тут чакаем?
(Ускоквае, бяжыць у бок лесу.)
Заяц.
Ты куды?! Няўжо ў бярлогу?
Мядзведзь (спыняецца).
Пабягу на дапамогу!
Пашукаю ў гушчары.
Дзед Мароз такі стары.
Мабыць, збіў на гурбах ногі
I чакае дапамогі.
Цецярук.
Ты ж яго, Мядзведзь, знайдзі ! на свята прывядзі,
Мядзведзь.
Як знайду — дык прывяду.
Ну, а можа й не знайду.
(Уздыхае, знікае між дрэў.)
Заяц (устае).
Ну, не будзем сумаваць.
Будзем лепей танцаваць!
Станем зноў у карагод —
Сёння ж свята, Новы год.
Бабёр (выбягае з лесу, у лапах — бярэмя кары).
Не спяшайцеся, чакайце,
Без мяне не пачынайце.
Я прынёс для вас кары —
Хто жадае, той бяры.
Заяц.
Я жадаю! Я бяру! (Бярэ кару, грызе.)
Дзякуй, дружа, за кару!
Бабёр (вавёркам).
Ну, а вы?
Вавёрка старэйшая.
А мы з сястрою
Не харчуемся карою.
Бабёр (Цецеруку).
Ну, а ты?
Цецярук.
Таксама не!
Рацыён другі ў мяне:
Я люблю з бяроз пупышкі.
Вавёркі (разам).
Мы — з сасны ці елкі шышкі!
Бабёр (Мышцы).
Ты не хочаш, Мышанятка?
Мышка.
Я, Бабёр, люблю зярняткі.
Бабёр (кладзе кару ля ёлкі).
Не жадаеце? Шкада.
Заяц.
Але ж гэта не бяда.
Мы, Бабёр, удвух з табою
Падсілкуемся карою.
Вось зярняткі ёсць для Мышкі,
Вось ляжаць вавёркам шышкі,
Вось пупышкі ад бяроз...
Мышка (сумна).
Дзе ж Дзядуленька Мароз?
(Усе ўздыхаюць, пачынаюць сілкавацца кожны сваім харчам.)
Заяц (уздыхае).
I Мядзведзя ўсё няма...
Цецярук.
Можа, мы сядзім дарма?
Бабёр.
Не бядуйце! Я пайду
I абодвух іх знайду.
Пакажу ім накірунак,
Атрымаю падарунак.
Усе.
Ну, а мы?!
Бабёр.
I вы таксама.
Пабягу да рэчкі прама,
Пашукаю ля вады
I да вас хутчэй сюды.
(Бабёр ідзе, знікае між дрэў. Астатнія нейкі час маўчаць.)
Цецярук (уздыхае).
I Бабёр пабег шукаць...
Заяц (устае).
Ды не трэба сумаваць.
(Углядаецца кудысьці ў бок лесу.)
Пачакайце! Паглядзіце!
Да мяне хутчэй ідзіце!
Там, ля елак і бяроз,
Сам Дзядуленька Мароз.
3 ім Снягурка.
(Усе ўскокваюць з месца.)
Цецярук.
Што?!
Вавёркі (разам).
Ура!
Мышка.
А Бабёр?
Заяц.
Няма Бабра.
Цецярук.
I Мядзведзя з ім няма.
Мышка.
Будуць там шукаць дарма.
(3 лесу выходзяць Воўк, апрануты Дзедам Марозам, і Лісіца ў касцюме Снягуркі. У Ваўка на плячы пусты мех.)
Лісіца (Ваўку шэптам).
"3 Новым годам" гавары.
Воўк.
3 Новым годам вас, сябры.
Лісіца.
Мы прыйшлі да вас праз лес.
Воўк.
Згаладаліся...
Лісіца (шэптам).
Балбес!
Лепш, наогул, памаўчы!
За здабычаю сачы!
Воўк (шэптам).
А калі ж хапаць?
Лісіца (шэптам).
Скажу.
Воўк (шэптам).
Ну дык мех хоць развяжу...
(Здымае з пляча мех, пачынае развязваць яго.)
Заяц (расчаравана).
А чаму мяшок пусты?
Мышка.
Так, пусты.
Цецярук.
I сапраўды.
Вавёрка старэйшая.
Дзе ж цукеркі?
Вавёрка малодшая.
Дзе ласункі?
Мышка.
Дзе ж, дзядуля, падарункі?
Лісіца (паспешліва).
Не хвалюйцеся, сябры,
Мех чароўны. Там, знутры,
I цукеркі, і ласункі,
I другія падарункі.
Атрымаюць іх усе!
Заяц.
Чур, я першы!
Цецярук (адпіхвае Зайца).
Па чарзе!
Вавёркі (разам).
Занялі чаргу мы зранку.
Мышка.
Я ж наогул на світанку.
Лісіца.
Стойце! Стойце! Пачакайце!
Бойку тут не пачынайце!
Наш дзядуленька стаміўся.
Праз гушчар лясны ламіўся.
Лез па гурбах без дарогі,
Застудзіў старыя ногі!
Хай ён крышку адпачне.
Вы ж бяжыце да мяне!
Станем дружна ў карагод,
Каб спяваць пра Новы год!
(Усе на чале з Лісіцай пачынаюць вадзіць карагод і спяваць. Воўк з мяшком напагатове адыходзіць крыху ўбок і, як толькі карагод праходзіць каля яго, спрытна хапае спачатку Мышку, потым па чарзе абедзвюх вавёрак. Раптам Цецярук азіраецца.)
Цецярук (здзіўлена).
Дзе ж вавёркі, Мышаня?
Зніклі проста сярод дня.
Заяц (азіраецца).
А і праўда, іх няма.
Лісіца (паспешліва).
Не шукайце вы дарма.
Мышаня пабегла ў норку,
На сасне сядзяць вавёркі.
Ну, давайце танцаваць!
Заяц (устрывожана).
Гэта што з мяшка чуваць?
Мышка, вавёркі (з мяшка).
Гэй, сюды! Дапамажыце!
Адпусціце! Развяжыце!
Цецярук (разгублена).
Што такое?! Чуеш, Зай?
Заяц.
Чую, дружа. (Лісіца хапае яго.) Уцякай!
Нас з табою падманулі!
Цецярук.
Хто ж тады замест дзядулі?
Заяц (спрабуе вырвацца).
Не пазнаў хіба Ваўка?
Лісіца.
Воўк, трымай Цецерука!
(Воўк хоча схапіць Цецерука, але той спрытна ўхіляецца, і Воўк падае.)
Цецярук (уцякаючы ў лес),
Хто ж Снягурка?
Заяц.
То Лісіца.
Даўгахвостая хітрыца!
Воўк (устае).
Вой, як трэснуўся аб пень!
Што за кепскі сёння дзень.
Лісіца (Ваўку).
Недарэка ты старая!
Воўк.
I лісіца дакарае,
I ўцякла мая здабыча...
Заяц (працягвае вырывацца).
Адпусці мяне, Лісіца!
Лісіца.
Адпусціць цябе? Ну, не!
(Засоўвае Зайца ў мех, які моцна завязвае.)
Планы іншыя ў мяне.
Воўк.
Не ў цябе, кума, а ў нас! (Аблізваецца.)
Лісіца.
У цябе — у іншы раз.
Упусціў сваю здабычу?!
(Воўк вінавата маўчыць, але, калі Лісіца закідвае мяшок за спіну і хоча ісці, Воўк рашуча хапаецца за мяшок.)
Воўк.
Вой, не злуй мяне, Лісіца!
Калі што не па нутру —
На кавалкі раздзяру!
Лісіца (спрабуючы вырваць мех).
Што ж ты, шэры абармот,
Разяўляеш зараз рот
На чужое. Дай сюды!
(Тузае мех да сябе, але безвынікова.)
Дачакаешся бяды.
Воўк (трымаючы мех).
Вой, не злуй мяне, кума!
Дачакаешся сама.
Я, кума, цябе вышэй.
Я, кума, цябе дужэй.
Я, кума, цябе мацней.
Я, кума, цябе... (Задумваецца.)
Лісіца (падказвае).
Дурней?
Воўк (важна).
Так, дурней! Дакладней, не!
Ты заблытала мяне!
Адпусці мяшок, кажу.
А не тое — укушу.
Лісіца (тузаючы мяшок).
Зубы я таксама маю.
Іх ахвотна ў ход пускаю,
Калі штосьці не па мне.
Адпусці мяшок! (Зноў тузае.)
Воўк (трымаючы мяшок).
Ну, не!
Жартаваць я не люблю:
За кіршэнь цябе схаплю,
Патрасу разоў з пяток —
Дык закрыеш свой раток.
Лісіца.
Ах, разбойнік! Рабаўнік!
Хоць бы ты кудысьці знік.
Воўк.
Хоць бы знікла ты сама,
Даўгахвостая кума.
(У час іх барацьбы на паляне з’яўляюцца сапраўдныя Дзед Мароз і Снягурка.)
Дзед Мароз.
3 Новым годам! (Здзіўлена.) Што такое?
Трапіў я на поле бою?!
(Лісіца і Воўк бачаць Дзеда Мароза, спыняюць бойку і спрабуюць схаваць ад яго мяшок.)
Лісіца (лісліва).
Вой, Дзядуленька Мароз
Падарункі нам прынёс.
Мы з Ваўком вас так чакалі!
Дзед Мароз (азіраецца).
Дзе ж звяры усе?
Лісіца (махае лапай).
Паўцякалі.
Кажуць: што нам гэта свята?
I разбегліся па хатах.
Мы ж чакалі нездарма.
Воўк.
Праўду кажаш ты, кума.
Мы чакалі, каб на свяце
Падарункі атрымаці.
Лісіца.
Вы іх нам усе аддайце.
Мы ж падзелім...
Снягурка.
Пачакайце!
Хтосьці плача тут, здаецца.
Лісіца.
Гэта... Гэта Воўк смяецца!
(Непрыкметна дае Ваўку кухталя, той пачынае гучна рагатаць.)
Мышка, Заяц і вавёркі (з мяшка).
Гэй, ратуйце! Памажыце!
Адпусціце! Развяжыце!
Дзед Мароз.
Гэта што за мех такі,
I вялізны, і цяжкі?
Што ў ім там?
Лісіца (спалохана).
У ім? Нічога.
Мышка, Заяц і вавёркі.
Гэй! Сюды! На дапамогу!
Дзед Мароз.
Развяжы, унучка, мех.
(Снягурка пачынае развязваць мех, Лісіца спрабуе ёй перашкодзіць.)
Лісіца.
Тут адзіны толькі снег.
Я яго знарок набрала —
Ёлку снегам абсыпала.
(У гэты час мех развязваецца, адтуль выбіраюцца звяры.)
Заяц.
Гэта ўсё яна, Лісіца!
Дзед Мароз.
Ах ты, рыжая хітрыца!
Вавёрка старэйшая.
Гэта ўсё яны з Ваўком.
Вавёрка малодшая.
Заявіліся цішком,
Падманулі нас, схапілі...
Мышка.
Ды у мех нас пасадзілі.
Лісіца (спалохана).
Мы ж, Дзядуленька Мароз,
Гэта жартам, не ўсур’ёз.
Праўда ж, шэры?
Воўк.
Так, кума.
Ты злавіла іх сама.
Я ж дык толькі дапамог,
Сам бы я злавіць не змог.
Лісіца (злосна).
Памаўчы ты, дурань шэры!
Заяц.
Ім даваць не трэба веры.
Мышка.
Трэба іх за ўсё судзіць!
Вавёркі (разам).
Трэба ў мех іх пасадзіць!
Лісіца (Ваўку).
Уцякаем ад бяды!
(Яны бягуць у лес, але насустрач выходзяць Мядзведзь, Бабёр і Цецярук. Мядзведзь хапае Ваўка і Лісіцу за шкіркі.)
Мядзведзь.
Пачакайце! Вы куды?!
Вы пакрыўдзілі звяроў,
Нашай пушчы жыхароў,
I цяпер адказ трымайце,
Пакаранне атрымайце.
Лісіца.
Не карайце! Не судзіце!
Воўк.
Дзеля свята адпусціце!
Дзед Мароз.
Што вы скажаце, звяры,
Гэтай пушчы жыхары?
Мядзведзь.
Ну... няхай ідуць дахаты.
(Адпускае іх.)
Мышка.
Ну, а можа, дзеля свята.
Іх пакінем?
Заяц.
Што?! Лісіца
Будзе з намі весяліцца?
Бабёр.
Хай пабудуць, сёння ж свята.
Заяц.
Тут і так гасцей багата.
Без Ваўка і без Лісіцы!
Вавёрка старэйшая.
Ну, а мы з маёй сястрыцай
Хочам Мышку падтрымаць.
Вавёрка малодшая.
Трэба сёння дараваць
Тое, што яны зрабілі.
Мышка.
I што ў мех нас пасадзілі.
Заяц.
Добра! Сёння хай танцуюць,
Толькі больш так не жартуюць.
Лісіца.
Абяцаем танцаваць,
Болей так не жартаваць.
Воўк.
Жыць з усімі ў добрай згодзе
I ў наступным нават годзе.
Воўк і Лісіца (разам).
Шчыры дзякуй вам, звяры!
Снягурка.
А цяпер, мае сябры,
Станем дружна ў карагод.
Сёння ж свята! Новы год!
(Усе становяцца ў карагод.)
А на ёлачцы для нас
У святочны гэты час
Хай заззяюць ліхтары!
Дзед Мароз.
Калі ласка! Раз, два, тры!
(Стукае кійком, на ёлачцы запальваюцца рознакаляровыя агеньчыкі.)
Заяц.
Глянь, як ёлачка заззяла!
Мышка.
Глянь, якой прыгожай стала!
Снягурка.
Ну, давайце танцаваць,
Ёлцы песенькі спяваць.
(Усе пачынаюць вадзіць карагод, спяваць. У гэты час апускаецца заслона. На сцэну зноў выходзяць Лесавікі.)
1 -ы Лесавік.
Вось і ўсё, мае сябры.
2-і Лесавік.
Казка скончана... Звяры
Доўга ў лесе танцавалі.
1 -ы Лесавік.
Песні розныя спявалі.
2-і Лесавік.
Атрымалі падарункі:
Цацкі, пернікі, ласункі
I цукеркі...
1 -ы Лесавік.
Нават мёду
Атрымаў Мядзведзь калоду.
2-і Лесавік.
Весяліліся звяры
У бары, у гушчары!
1 -ы Лесавік.
Вы ж таксама не сумуйце —
Весяліцеся, танцуйце.
Песні розныя спявайце.
2-і Лесавік.
Нас, сябры, не забывайце!
1 -ы Лесавік.
А цяпер нам час дахаты.
2-і Лесавік.
Да звяроў ідзём на свята
У бары, у гушчары.
Лесавікі (разам).
3 Новым годам вас, сябры!

(Навагодняе свята працягваецца. Праводзіцца дыскатэка з жартоўнымі конкурсамі, у якіх прымаюць удзел і дзеці, і дарослыя.)