сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна ДЗЯНБІЦКАЯ, метадыст ясляў-сада N 528 НВА “Інтэграл” Мінска. Пралеска 1996/06

А на купалу рана сонца іграла

Сцэнарый свята “Купалле”

Святочна ўпрыгожаная пляцоўка. Дзяўчынкі і хлопчыкі апрануты ў беларускія касцюмы, у дзяўчат на галовах вяночкі. Яны спяваюць купальскую песню “А на Купалу”.

А на Купалу
Рана сонца іграла—
Рана сонца іграла,
На добрыя годы—
На добрыя годы,
На цёплыя росы—
На цёплыя росы,
На хлябы-ўраджаі—
На хлябы-ўраджаі.

Несцерка. Дзень добры, дзяўчынкі і хлопчыкі! Дзень добры, госці дарагія! Ці пазналі вы мяне? Я—Несцерка, вясёлы і добры, гарэзлівы і смешны.

На свята вас запрашаю,
Хто пасмяяцца жадае.
Дзяўчат—каб вяночкі вілі,
А хлапцоў—у пляс каб хадзілі.
Бо толькі купальскае свята
Вяселлем і жартам багата.

На свята прыязджаюць баба Еўка і дзед Тумаш, дзед вядзе за сабой кабылу Лыску (пашытую з тканіны, якая надзяваецца на двух чалавек). Кабыла смешна перавальваецца з аднаго боку на другі.
Баба. Хутчэй, дзядок, бо на свята спознімся. Ды на кірмаш не паспеем.
Дзед. I навошта я з табой на свята паехаў, лепш бы сядзеў на печы ды еў смачныя калачы.
Баба. Маўчы ўжо, стары, лепш пашукай, куды гэта я паклала свой кашалёк з грашыма. Ці ты яго схаваў? Давай сюды!
Дзед. Э, не, баба, перш-наперш адгадай загадкі. Вось табе першая: Чатыры вушкі і два брушкі.
Баба. Гэта жаба.
Дзед. Ой, баба, рассмяшыла ты ўвесь белы свет! Дзе ты бачыла ў жабы чатыры вушкі? Гэта ж падушка!
Баба. Усё б табе падушка ды печка.
Дзед. Не, баба, мяне не падманіш, слухай другую загадку: Па хаце ходзіць, хвастом водзіць.
Баба. 0, гэта я ведаю. Гэта мыш!
Дзед (смяецца). Не, не адгадала.
Баба. Дык я зараз у дзяцей запытаю. (Баба просіць дзяцей гучна адказаць, хто гэта.)
Дзед. Ой, баба, лепш забірай свой кашалёк ды пойдзем разам з дзецьмі. А што гэта за свята сёння ў вас?
Дзеці. Купалле.
Баба. А ці ведаеце вы, што такое Купалле? Гэта цудоўнае свята. Даўным-даўно існавала нават легенда, што ў купальскую ноч нібы расцвітае Папараць-кветка і той, хто яе адшукае, можа авалодаць усімі зямнымі скарбамі і будзе самы шчаслівы на свеце.
Дзед. Ой, баба, чаму ж ты мне раней аб гэтым не сказала? Ну, я пайшоў Папараць-кветку шукаць.
Баба. Куды ты, стары? Ці ведаеш ты, што гэтая кветка цвіце ў лесе ноччу, але знайсці яе можа толькі малады і смелы чалавек?
Дзед. Ну, вось, як заўсёды, спазніўся. Чаму ты мне раней аб гэтым не гаварыла?
Калі быў я малады,
Я быў хлопец хоць куды.
I спяваў, і танцаваў,
На гармоніку іграў.

Ужо даўно б усе скарбы мае былі.
Баба. Навошта яны табе, гэтыя скарбы?
Дзед. Навошта-навошта, можа б, я замест нашай Лыскі “Таёту” купіў, а замест сала “Снікерсы” еў.
Баба. Ой, дзед, у мяне ад тваіх баек галава трашчыць.
Несцерка. Ну, годзе вам спрачацца, а лепш патанцуйце для нас ды праспявайце якую-небудзь песню.
Дзед і Баба выконваюць песню “Сабірайся ў госці, мой дзядок ”.
Несцерка. Дзякуй вам, як добра вы спяваеце!
Баба. А мы да вас прыехалі не адны, а са сваёй унучкай Купалінкай.
Паяўляецца Купалінка, пад музыку яна ідзе вакол карагода.
Купалінка. Добры дзень усім!
На Івана, на Купалу
Ў лесе кветкі я збірала,
А калі ў гушчар пайшла,
Квстку-Папараць знайшла.

Несцерка. Як табе пашанцавала, Купалінка, ты бачыла Папараць-кветку?
Купалінка. Бачыла і нават трымала яе ў руках, але, калі я ішла да вас, нейкія незнаёмцы адабралі ў мяне кветку.
Пад музыку выходзяць ражаныя: Лясун, Баба Яга, Вадзянік, Мухаморы.
Купалінка. А вось і яны.
Лясун. Вось тая злая дзяўчынка, што ў нашым лесе сарвала чароўную Папараць-кветку.
Купалінка. Вярніце мне гэту кветачку, я знайшла яе ў лесе.
Баба Яга. Вось я зараз ператвару цябе ў дрэва ці ў мухамор.
Мухаморы. Ты чаму ў нашым лесе гаспадарыш? Ці ведаеш ты, што нікому яшчэ не ўдавалася сарваць гэтую чароўную кветку?
Купалінка. Але я знайшла яе. Вярніце мне, калі ласка, кветачку. Я хацеЛа падарыць яе дзецям, каб у іх заўсёды было весела, каб яны заўсёды былі добрымі і шчаслівымі, бо гэта самыя вялікія скарбы на свеце.
Лясун. Калі нам спадабаецца ў вас на Купаллі, можа, і падорым яе вам.
Несцерка. Калі ласка, заставайцеся ў нас. добрым гасцям мы заўсёды рады.
(Звяртаецца да дзяўчынак.) А ну, дзяўчынкі, заспяваем.
Дзяўчынкі спяваюць купальскую песню.

Дзяўчынка. На купальскае свята жадаем шчасця багата!
Хлопчык.
Што, дзяўчынкі, засмуціліся,
Можа, трошкі прытаміліся?
Сіл не шкадуем ніколькі,
Вас запрашаем на польку!

Дзяўчынкі і хлопчыкі танцуюць польку.
Несцерка.
Завадзі карагод,
Расступіся, народ!
Патанцуй, Купалінка,
Нам, дзяўчынка маленька!

Карагод Купалінкі і дзяўчынак з вяночкамі.
Лясун. Ой, і нам вельмі хочацца паспяваць.
Баба Яга. I патанцаваць таксама.
Несцерка. Калі ласка, будзем вельмі рады.
Баба Яга і Лясун спяваюць частушкі.
Баба Яга.
Зараз мы спяём частушкі,
Вы памыйце свае вушкі.
Вельмі любім мы спяваць,
А таксама танцаваць.

Лясун.
У цырульні Бабка Ёжка
Зрабіла прычоску.
Ўсёй цырульняй ў той прычосцы
Шукалі расчоску.

А ў Бабы Ягі Касцяныя дзве нагі.
Гэта бабка—першы клас,
Бо танцуе лепш за нас.

Баба Яга. Ой, зусім прытамілася я.
Лясун. Сядай, Ягуся, адпачні хвілінку-другую.
Несцерка. Ох, мастакі ж вы песні спяваць!
А зараз запрашаю вас пагуляць!
Дзеці гуляюць у беларускія гульні.
Лясун. Вельмі нам падабаецца на Купаллі, таму мы, лясныя жыхары, вырашылі падарыць вам чароўную Папараць-кветку, каб усе зямныя скарбы — здароўе, шчасце, радасць, любоў — былі вашымі.
Несцерка. Дзякуй вялікі вам!
Гучыць беларускі народны танец у грамзапісе. Усе танцуюць.

Яшчэ на гэту тэму:

Традыцыйныя абрады. Купалле     Як шукалі ўлетку чароўную кветку