сцэнарыі святаў на беларускай мове

ГЛІНСКАЯ Алена Вікенцьеўна - магістр педагагічных навук музычна-педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання 2/2009

«Мая краіна - Беларусь»

Сцэнарый тэматычнага мерапрыемства, прысвечанага Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. IV клас

Праграма тэматычнага мерапрыемства даецца ў пазнавальна- гульнявой форме, што дазваляе вучням лёгка ўспрымаць і засвойваць прапанаваны матэрыял. Дзеці маюць магчымасць не толькі быць гледачамі, але і прымаць актыўны ўдзел у праграме.

Гучаць пазыўныя свята «Белая Русь». На фоне музыкі I. Лучанка «Жураўлі на Палессе ляцяць» вучань чытае верш Ул. Караткевіча «Беларуская песня».
Вучань.
Дзе мой край?
Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца мае з першым крокам, як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
I бары — акіяны, і неба — разлівы ільноў.

Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі — хлапцы, маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўе з павуціннем і добрае сонца ў гары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую і тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты — наш край.
Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе!

Вядучая. Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь! Тут мы нарадзіліся, тут жылі нашы продкі, жывуць і працуюць нашы бацькі, сваякі, суседзі — землякі, грамадзяне нашай краіны.
У маі яна святкуе Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. I сёння мы сабраліся, каб праславіць сваю радзіму, у якой нарадзіліся і жывём.

Гучыць песня на верш Я. Купалы «Мой родны кут».

Xлопец. Наша дзяржава, як і ўсе краіны, мае сваю нацыянальную сімволіку: Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг, якія з’яўляюцца найвышэйшымі сімваламі народа.
Дзяўчына. Дзесяць—дванаццаць стагоддзяў таму ў свеце існавалі строгія правілы стварэння
дзяржаўнай сімволікі. Сёння яны замацаваны традыцыяй. Галоўная ўмова — кожны герб і сцяг павінны адлюстроўваць толькі ім уласцівую сімволіку. Інакш кажучы, усе сцягі і гербы павінны істотна адрознівацца.
Вядучая. Я запрашаю на сцэну эрудытаў — хлопчыкаў і дзяўчынак, якія добра ведаюць сімвалы Рэспублікі Беларусь.

Конкурс «Мая Беларусь»


1. Што сімвалізуе чырвоны колер на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь? (Чырвоны колер сімвалізуе барацьбу, кроў, пралітую падчас яе.)
2. Што сімвалізуе зялёны колер на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь? (Зялёны колер — гэта колер гаёў і дубраў, балот і палёў, ён заўсёды з'яўляецца сімвалам жыцця, веснавога абуджэння прыроды пасля зімовага сну.)
3. Аб чым сведчыць беларускі арнамент? (У аснове арнаменту — узор «узыходзячага сонца», які з’яўляецца не проста ўпрыгожваннем, а своеасаблівым пасланнем «розумам і сэрцам».)
4. Што азначаюць каласы на гербе Рэспублікі Беларусь? (Беларусь з'яўляецца аграрнай рэспублікай.)
Вядучая. Малайцы! Мы пераканаліся ў тым, што вы вельмі добра ведаеце сімвалы нашай краіны.

Гучыць песня «Слуцкія ткачыхі».
Хлопчык і дзяўчынка на сцэне закручваюцца ў паясы.


Вядучая. Скажыце, а што вы зараз робіце?
Хлопец. Гуляем у «Слуцкія паясы».
Дзяўчынка. Пераможцам будзе той, хто першым закруціцца да сярэдзіны пояса.
Вядучая. Цудоўна, вось мы і ведаем, што кожны народ мае свае любімыя гульні, песні, танцы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. А зараз, мае добрыя сябры, паглядзім, ці ведаеце вы свой горад?
1. Назавіце сталіцу Рэспублікі Беларусь.
2. Як выглядае сцяг горада Мінска?
3. Як выглядае герб горада Мінска?
4. У якім годзе заснаваны горад Мінск?
5. Якая рака працякае па тэрыторыі Мінска?
6. Назва якой ракі паслужыла асновай для называння прыпынку станцыі метро і тарговага цэнтра?

Харэаграфічная кампазіцыя «Беларусь мая, блакітнавокая».
На фоне музыкі I. Лучанка «Жураўлі на Палессе ляцяць» вядучая чытае верш Ул. Скарынкіна.


Вядучая. Мы вас віншуем са святам і ганарымся тым, што наша Радзіма — Беларусь!
Белая Русь мая.
Чыстая ты мая.
Родная ты мая!

Белыя гоні бульбы,
Белыя косы дзяўчат.
Воблакаў белых над
Бугам Вечны парад.

Белых грыбоў кашолкі,
Белыя плечы бяроз,
Белыя россыпы золкіх
Чыстых світальных рос.

Белых туманаў плыні,
Белыя вершы буслоў.
Ціхая завадзь Бялыніч,
Рык белавежскіх зуброў.

Вейкі рамонкаў белых,
Белыя грывы завей,
Чыстыя думы смелых,
Простых сваіх людзей.


Да новых сустрэч, сябры!

Яшчэ на гэту тэму:

Па сцяжынках спадчыны     Я - грамадзянін Беларусі