сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. А. МЯЖЭВІЧ, настаўнік Смалянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Беларуская мова і літаратура 4/2006

«Ой, лянок, лянок мой чысты,
валакністы, залацісты!»

Літаратурна-этнаграфічная гасцёўня (VII—VIII класы)

Мэты: пазнаёміць вучняў з прыладамі для апрацоўкі льну і паэтычнымі творамі, прысвечанымі цяжкай жаночай працы; выхоўваць цікавасць да мінулага роднага краю, беларускай паэзіі, павагу да сялянскай працы, традыцый беларускага народа.
Абсталяванне: рэпрадукцыі карцін М. Савіцкага «Ільнаводы» (1962), «Сцелюць лён» (1962); калаўрот, прасніца, верацяно, церніца, трапло, грэбень, кужаль (кудзеля) на прасніцы, сукала, саматканыя ручнікі, абрусы, ткацкі станок або яго часткі (бёрда і інш.), сноп льну.
Месца правядзення: этнаграфічны музей або актавая зала.
Час: 2 гадзіны.
Прыказкі: Дзе кросны, там жонкам млосна. Дзень падаўжэў — нітка пакарацела. Не напрала пад дымком, мусіш прасці пад тынком. Рана ўстала, ды мала напрала. Скубі драсён, каб не блытаў красён. Слуцкія ткачыхі могуць увесь свет спавіць. Тады доўгую нітку прадуць, як шчупакі лёд хвастом разаб’юць. Ці маё горла — суконнае бёрда? Чужыя жанкі ткуць кросны, а мая шэша лён чэша. Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон лён (14 чэрвеня). Якая кудзеля, такая прадзеля. Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі. Які зачын, такі зацін.
Эпіграф:
Госці ў хату — беларусы
Рассцілаюць на сталах
Саматканыя абрусы,
Вараць бульбу ў саганах.
У. Скарынкін. Госці

Гаспадыня. Лён — старажытная культура. Яго ведалі людзі тысячы гадоў назад, калі яшчэ карысталіся каменнымі прыладамі ў гаспадарцы. Гэта расліна дала матэрыял для замены звярыных шкур, у якіх хадзіў тады чалавек.
Шмат песень і прыказак склаў народ пра лён, пра яго хараство, пра багацце, якое прыносіць ён чалавеку.
«Пасееш лён — збярэш золата», — кажуць людзі. Але не лёгка дастаецца чалавеку гэта багацце. Лён любіць, каб яго добра даглядалі: палолі, падкормлівалі, а дзе трэба, і палівалі. Не дагледзіш як след — і знізіцца ўраджай, валакно будзе горшае. (Т. Цулукідзе)
Гаспадар. Валакно льну служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Для атрымання валакна саломку льну рассцілалі на лузе або на пожні, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Пры дажджлівым надвор’і саломка вылежвала 3—4 тыдні, пры сухім — 5—6. У раёнах таварнай вытворчасці (поўнач і паўночны ўсход) яе вымывалі (часам спачатку вымочвалі, а потым рассцілалі).
Гаспадыня. Валокны з мачанца лепш выбельваліся і былі больш моцныя, трывалыя. Гатовую трасту звязвалі ў кулі, сушылі ў ёўні, на печы і інш. У кастрычніку яе мялі церніцай, трапалі траплом, часалі грэбенем або шчоткай. Атрыманыя кужаль або кудзелю пралі пры дапамозе верацяна ці на калаўроце.
Першы госць. Ёўня — старадаўняя гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і льну. Канструкцыйна больш простая, чым асець. Гэта звычайна квадратная ў плане зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. У кутку ля ўвахода ў невялікім паглыбленні складалі з камення або збівалі з гліны печ (без дымахода).
Другі госць. Снапы ставілі на тонкіх жэрдках (цапках, цапніках, каласніках). Жэрдкі свабодна перамяшчаліся на дзвюх умацаваных на вышыні каля 1 м ад падлогі бэльках. Ёўня часам непасрэдна прымыкала да гумна або будавалася на пэўнай адлегласці ці нават унутры яго. Тады яна не мела страхі. Магла выкарыстоўвацца як лазня. Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.
Трэці госць. Гэтую прыгожую і карысную расліну, яе цвіценне ўславілі Янка Купала, Максім Танк, Язэп Пушча, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Рыгор Барадулін і іншыя беларускія паэты. Купалаў верш «Лён» — самы вядомы. Твор быў напісаны летам 1935 г. у Ляўках — на дачы паэта, размешчанай на беразе Дняпра паблізу мястэчка Копысь на Аршаншчыне. У чэрвені, часткова ў ліпені і жніўні 1935 года тут былі напісаны шматлікія вершы.
Чацвёрты госць. На экземпляры перакладу гэтага верша на рускую мову Максім Горкі, тады рэдактар часопіса «Колхозннк», напісаў слова «Славно».
Падзеі ў вершы разгортваюцца ад вяс- ны да восені. Пасеяла дзяўчына лён і адначасна «спадабала» брыгадзіра Міхася. Расце лён, клапатліва, дбайна дагледжаны ўмелымі рукамі, расце ў душы гераіні пачуццё да яе абранніка.
Апрача гераіні і брыгадзіра Міхася, ёсць яшчэ адзін герой у гэтай вельмі рэалістычнай пастаралі — лён. Лён тут — самая сапраўдная жывая істота.
Першы чытач (выконвае верш Янкі Купалы «Лён»).
Як на поле, на зямлю
Прыйшла раніца вясны,
Я пасеяла ў раллю
Жмені зёран ільняных.

Неба сеяла цяпло,
Цёплы дожджык церушыў,
Ў думках радасна было,
Беглі песні ад душы.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як расці стаў, як падрос,
Як лісткі ўзняў дагары, —
Лён палола з ранніх рос
Да вячэрняе зары.

Сэрца ныла, бы з нуды,
Бы сама была не ўся, —
Спадабала я тады
Брыгадзіра Міхася.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як адцвіў ды як надзеў
Лён галоўкі на сябе,
Быў не горш, як у людзей,
Мела шчасце я ў сяўбе.

Рваць ішла яго ў снапы,
Пела песні аб вясне.
Брыгадзір лічыў капы,
Час ад часу моргаў мне.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як ішла лён абіваць,
Пад нагамі цёрся жвір;
Нібы семя арфаваць, —
За мной следам брыгадзір.

А мой пранік лясь ды лясь
Па гліняным па таку,
Падышоў бліжэй Міхась,
Мне паклаў на стан руку.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

А як слала я лянок
На зялёным на лугу,
Дзе папаўся Міхасёк,
Цалавала на бягу.

Сэрцу лёганька было,
Цэлы свет — вясёлы рай,
Хоць і восень, а святло
Так і льецца цераз край.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Змяла ў мяльніцы я лён,
Адтрапала лён траплом, —
Засвяціў, як цудны сон,
Лён шаўковым валакном.

Промень ясны загуляў
Па страсе і па сцяне...
Хату новую стаўляў
Брыгадзір мой для мяне.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
1935

Гаспадар. Мастак Міхаіл Андрэевіч Савіцкі бліскуча прадэманстраваў, што можна напісаць зусім розныя карціны на адзін і той жа сюжэт. Сведчаннем таму з’яўляюцца яго палотны «Ільнаводы* і «Сцелюць лён». Першае напісана амаль манахромна. Спалучаючы сілуэты жаночых фігур і пакатыя пагоркі, ён перадае зладжанасць плаўных рухаў на фоне спакойнай восеньскай прыроды.
Гаспадыня. У палатне «Сцелюць лён» амаль тыя ж нахіленыя фігуры. Аналагічны пейзаж. Але гучаць тут зусім іншыя ноты — не працоўных будняў, а свята. Гэта адчуванне ствараецца радаснай дэкаратыўнасцю лакальных колераў: сіняга, чырвонага, залацістага. Змяненнем каларыту дасягаецца розніца эмацыянальнага стану. Акрамя таго, калі ў «Ільнаводах» выявы жанчын пераважаюць у нерухомай прасторы, то карціна «Сцелюць лён» будуецца на раўнапраўі фігур і фону. Зямля, здаецца, актыўна ўключылася ў рух, у яе барознах з’явіліся кругавыя рытмы, што ўздымаюцца ў вышыню.
Другі чытач (выконвае верш Міхася Машары «Ручнікі»).
Прала, выпрадала, —
ночанькі не спала, —
лянок валакністы.

Кросенцы зжынала,
з песняй пачынала
узор прамяністы.

Пільна, пільна ткала,
выткаўшы, паслала
ручнікі на росы.

Да зары мачыла,
на сонцы сушыла,
каб былі бялёсы.

I мне на пацеху
сталі белым снегам
і мякчэй за вату.

Выкачала гладка,
як вучыла матка,
і занесла ў хату.

Жыта каласочкі,
з сінім васілёчкам,
шоўкам вышывала.

Красачак радочкі,
як мілога вочкі,
самі аджывалі.

За работай гэтай
прамінула лета,
лета залатое.

А настала восень,
больш не ткала кросен, —
сталася другое:

сусед нашай хаты
прыйшоў з Янкам ў сваты —
мяне заручаці.

Як ішла да шлюбу і
з Янкам сваім любым,
праводзіла маці.

Жытам абсявала,
долю заклікала,
стоячы на ганку,

вешала на шыю
ручнічочкі тыя
мне і майму Янку.
1936

Першы госць. Верацяно — прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20—30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні.
Другі госць. Грэбень — прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя) і металічныя грабяні. На Беларусі бытавалі два тыпы драўляных грабянёў: лапатападобныя (характэрныя для поўдня) і прамавугольныя (характэрныя для поўначы). Першы тып выраблялі з аднаго кавалка дрэва (асіны, бярозы). На лопасці (шырынёй 20—30 см) прарэзвалі зуб’е (20— 25 см), лопасць пераходзіла ў ручку (80—90 см; звычайна ручку клалі на ўслон і садзіліся на яе). Другі тып — прамавугольная дошка (даўжынёй 1 м, шырынёй 30—40 см), у цэнтры якой прымацоўвалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб’ем.
Трэці госць. У другой палове XIX стагоддзя пашыраны былі грабяні з металічным зуб’ем, набітым пасярэдзіне або на абодвух канцах дошкі (рэдкае і частае). У самаробных грабянях набівалі звычайныя цвікі.
Інсцэніраванне верша Веры Вярбы «Ручнікі»

У суботу Янка
Ехаў ля ракі,
Пад вярбой Алёна
Мыла ручнікі.
— Ой, Алёна-сэрца,
Дай тваю руку!
Дзе тут пераехаць
Мне у брод раку?
— Адчапіся, хлопец,
Едзь абы-куды,
Скаламуціў столькі
Чыстае вады...
У маркоце Янка
Галавой панік,
Упусціла дзеўка
Беленькі ручнік.
— Янка, мой саколік,
Памажы хутчэй,
Ой, ужо знікае
Мой ручнік з вачэй...
— Любая Алёна,
Я вады баюся,
Пацалуй спачатку —
Што, як утаплюся?..
Супыніўся гнеды
Пад вярбой зялёнай.
Цалавала Янку
Над ракой Алёна.
Стала ціха-ціха
На усёй зямлі.
Па рацэ далёка
Ручнікі плылі.

Гаспадар. Выбарнае ткацтва бытавала ў канцы XIX — пачатку XX ст. пераважна на Гомельшчыне і Віцебшчыне. У народзе выбарнае ткацтва звычайна называюць перабіраннем. Для выбарных тканін характэрны рэльефны ступеньчата-геаметрычны арнамент, утвораны насцілам узорнага ўтку на фонавае палатно. Па тэхніцы выканання выбарнае ткацтва падобна на двухуточнае бранае ткацтва: узор перабіраецца на дошчачку-бральніцу, і кожны атрыманы зеў фіксуецца спецыяльнымі матузкамі (паўнітамі) ззаду нітоў.
Гаспадыня. Аднак у выбарным ткацтве ўзорны ўток закладаецца не па ўсёй шырыні тканіны, а асобнымі ўчасткамі (выбарна), што дае магчымасць больш свабодна кампанаваць узорныя элементы і рабіць больш разнастайнай іх колеравую гаму. Ручнікі, кашулі, андаракі (у залежнасці ад прызначэння тканін выкарыстоўвалі самапрадзеныя льняныя, а таксама пакупныя ніткі) упрыгожвалі выбарнае ткацтва. Віцебскія ручнікі ткалі з выкарыстаннем чырвоных, сініх, жоўтых, чорных, зялёных нітак, для тканін Гомельшчыны характэрна спалучэнне белага, чырвонага і чорнага колераў.
Трэці чытач (выконвае верш Мечыслава Шаховіча «Лён»).
Адрунеў маладым аксамітам,
Адпалаў у полі блакітам,
Летняй спеласцю адзвінеў,
Палатном ля ракі адбялеў.
А было ж гэта дзіва, было.
Ды з вадою ў нябыт сплыло...
Лён наш светлую долю прарочыў.
I дзявочыя косы і вочы
Параўноўвалі з ім мы заўжды
У свае маладыя гады.
Адсінелі калгасныя гоні...
Ды цяпер мы ў шалёнай пагоні
За усім, што з лёну саткана,
Што рукамі жанок вышывана...
Не забыць аніколі кашулі,
Што саткана рукамі матулі.
Ды і сёння, як памяць, схаваны
У куфэрак ручнік вышываны.

Першы госць. Калаўрот — самапрадка, прылада для механізаванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы два тыпы калаўротаў — стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах). Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам.
Другі госць. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце-лежаку — збоку ад прадзільнага апарата. На Беларусі калаўроты з’явіліся ў XVI стагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. У сялянскім побыце выкарыстоўваюцца з сярэдзіны XIX стагоддзя, асабліва ў раёнах інтэнсіўнага льнаводства (поўнач і ўсход Беларусі), на поўдні Беларусі пераважала прадзенне пры дапамозе верацяна.
Трэці госць. Сукала — прылада для намотвання (насуквання) нітак на цэўкі. Уяўляе сабой дзве стойкі з умацаваным паміж імі гладка адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. 3 процілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка (вярчэнне дасягалася хуткімі рытмічнымі ўдарамі рукі па валіку). Знізу стойкі змацоўваліся драўлянай плахай або збіваліся дошкамі з бакоў і знізу ў выглядзе скрынкі для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.
Чацвёрты чытач (выконвае ўрывак з верша Максіма Танка «Расшытае крыжыкамі»).
Узору не знаю я прыгажэйшага,
Як расшытая крыжыкамі
Трыпутніку ці канюшыны,
Бацькоўскіх ці маіх босых ног —
Палявая дарога;

Як расшытая крыжыкамі мулінэ
I калісьці падораная мне
Дзяўчынай кашуля;

Як расшытае крыжыкамі крыл
Жаўрукоў,
Ластавак,
Журавоў
Неба нада мной;

Як расшытыя крыжыкамі
Ручнікі,
Што на покуці ззяюць,
Стому з твару сціраюць
I на якім маладым і гасцям
Мы падносім Хлеб-соль...

Першы госць. Прасніца — драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі. Вядомы чатыры асноўныя тыпы прасніц: лапатападобная, прасніца-грэбень, прасніца-вілы, прасніца-кій. Найбольш пашыраны лапатападобная і прасніца-грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя прасніцы рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з дзвюх частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Заходняе Палессе). Лопасць звычайна рабілі прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1, сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), прасніцы- дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш.
Другі госць. Прасніцы аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой у выглядзе шматпялёсткавых разетак, зубчыкаў, сілуэтаў птушак, жывёл (на вонкавым баку). Асаблівым багаццем і разнастайнасцю разнога дэкору вызначаюцца прасніцы на захадзе Брэстчыны (так званыя камянецкія прасніцы).
Трэці госць. Кудзеля — любое валакно, падрыхтаванае да прадзіва. Кудзеляю таксама называюць ачоскі льну (пачыссе, абдзіркі, зрэб’е), якія заставаліся пасля часання валакна на кужаль. Пры дапамозе верацяна валакно калацілі, складвалі пластамі і скручвалі ў трубку.
Чацвёрты госць. Кужаль — ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. Кужаль, што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы кужаль скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. Кужалем называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.
Пяты чытач (выконвае верш Віктара Ракава «Неданошаныя кашулі»).
Едуць з поля дзядзькі ці ў поле, —
Заўважаеш, як зноў і зноў
Паглядаюць бабулі з болем
На равеснікаў паўшых сыноў.

Са спагадаю клічуць нявестак:
— Вось такімі б і нашы былі...
Толькі ж словы:
«...Прапалі без вестак... » —
3 пахавальных лістоў не сплылі.

Дастаюць тады з кублаў бабулі
Вышываны убор ільняны —
Неданошаныя кашулі,
Што па святах насілі сыны.

Іх аддаць бы насіць унукам,
Ды — бясцэнныя тыя дары
Зноў бяруць у дрыжачыя рукі,
Зноў хаваюць у кублік стары.

Тых няма ўжо на свеце, што варты
Апрануць ільняную бель —
Усміхаюцца хлопцы з картак
Нам ці проста самім сабе?

Іх дагэтуль чакаюць матулі,
А ў часы гадавін і свят,
Як сцягі, вынімаюць кашулі —
Напамінкі нясцерпных страт.
1964

Гаспадар. Сярод ільняных вырабаў традыцыйнага беларускага ткацтва варты ўвагі ручнік, і мы хочам паведаміць пра сімволіку ручніка. Цікаўнасць да гэтай рэчы абумоўлена не толькі прыгажосцю, яго эстэтычнай функцыяй — упрыгожання інтэр’ера хаты, але і яго роляй у беларускіх абрадах. Шырока выкарыстоўваўся ручнік, напрыклад, у вясельных абрадах. Падрыхтаваныя ў якасці падарункаў ручнікі мелі прэстыжнае значэнне, паколькі з’яўляліся лепшым доказам здольнасці нявесты ткаць, а ў будучым — апранаць сям’ю. Дарэнне ручнікоў заўсёды суправаджалася пэўнымі рытуаламі, песнямі. Але ручнікі дарылі не ўсім родзічам маладога (жаніха), а пераважна мужчынам: маладому, яго бацьку, свату і яго памочніку, дружыне маладога, іншым вясельным чынам.
Гаспадыня. Тыповым было выкарыстанне ручніка ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёю — выходзілі замуж. Ручніком карысталіся і ў іншыя моманты вясельнага абраду: у час звязвання нявесты і жаніха на вянчанні, у час пераезду да жаніха, што сімвалізавала адзінства маладых.
Гаспадар. Выкарыстоўваўся ручнік і для абгортвання рук. Маладых урачыста абводзілі ручніком вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам маладога і нявесту ўводзілі ў царкву. Кульмінацыйны момант вяселля — прыезд павянчаных да хаты маладога — суправаджаўся агледзінамі пасагу нявесты: ручнікоў, абрусаў, пасцілак — ствараўся яркі святочны інтэр’ер. Прысутныя прыдзірліва ацэньвалі колькасць і якасць рэчаў, багацце ўзораў.
Гаспадыня. Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў жалобнай абраднасці. Адзін з такіх старажытных звычаяў — вывешванне ручнікоў з вокнаў. На Віцебшчыне, напрыклад, калі цела нябожчыка ўжо ляжала ў труне на кутнім месцы, за акно, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік. I ў знак жалобы, і для «патрэб» нябожчыка, які, паводле павер’я, можа вярнуцца ў пакінутую хату. У Гомельскай вобласці на акно ставілі шклянку з чыстай вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка мела магчымасць памыцца і чыстай з’явіцца на той свет.
Гаспадар. Ручнікамі здаўна на Палессі абвязваюць надмагільныя крыжы, бо гэта з’яўляецца найбольш выразным, даступным і зручным аздабленнем магілы. Без ручніка не абыходзілася і ўшанаванне духаў продкаў на Дзяды. На Магілёўшчыне, напрыклад, пасля вячэры на канец стала клалі ручнік, кавалак мыла, ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі поўную чарку і вячэру. Людзі верылі, што дзяды прыйдуць уначы на вячэру і будуць мыць рукі. Рытуалы з ручніком адрозніваюцца паводле формы, але іх аб’ядноўвае сутнасць самога абраду — ушанаванне продкаў. Ручнік, такім чынам, паўстае перад намі як сімвалічны пасрэднік паміж светам жывым і светам нябачным. (Паводле В. Фадзеевай.)
Шосты чытач (чытае верш Яўгена Крупенькі «Беляць палотны»).
Рэчка замерзла, па пояс сумёты,
3-пад снегу чарнеюць сухія чароты,
Не зварухнуцца, нібы застылі,
А колісь весела так гаманілі.
Нагаманіліся, пэўна, ў ахвоту.
Маўчаць чароты.

Сцежкай ад хаты ды праз гароды
Крочаць жанчыны да рэчкі заўсёды,
Вязуць на санках яны, старанныя,
3 белага кужалю, саматканыя
Палотны, якія знялі яны з кроснаў.
Палотны бяліць не проста.

Мне не забыцца, ніяк не забыцца,
Як мая маці ішла па сцяжынцы
Да рэчкі, як прабівала палонкі
I апускала сувоі-палотны.
Пасля даставала і пранікам біла —
Палотны мыла.

Прыехаў дадому. Маці на рэчцы.
Бягу па знаёмай, пратоптанай сцежцы,
Ляскаюць пранікі, нібы малоцяць,
Гэта жанчыны палотны малодзяць,
Беляць палотны і рассцілаюць,
Хай вымярзаюць, хай вымярзаюць.
Столькі палотнаў яны набялілі,
Столькі палотнаў яны разаслалі —
Нібы на лузе світаннем сінім
Белыя гусі-лебедзі палі.
1957

Першы госць. Трапло — прылада для ачышчэння (трапання) льнянога ці канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шырынёю 6—8 см, даўжынёю 40—45 см. На Беларусі бытавалі два асноўныя тыпы трапла — мечападобнае (пашырана на поўдні, захадзе і ў цэнтральных раёнах Беларусі) і лапатападобнае (на поўдні і ўсходзе). На тэрыторыі ўсходніх славян трапло вядома з VII ст.
Другі госць. Бяленне — апрацоўка льняной пражы ці даматканага палатна, у выніку якой натуральны колер лёну выбельваўся. Звычайна бялілі пражу, прызначаную для ўтку ўзорыстых многанітовых ці перабіраных тканін (ручнікоў, абрусоў і інш.). Маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, залівалі ў жлукце, паласкалі і развешвалі на сонцы.
Трэці госць. Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем — на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі. Такі спосаб бялення бытаваў да сярэдзіны XX ст., пасля паступова выцесніўся бяленнем пры дапамозе хімічных рэчываў.
Сёмы чытач (выконвае верш Яўгена Крупенькі, прысвечаны маці).
* * *
Саматканыя, з белага кужалю,
Пабялёныя ля ракі,
Вышываныя пеўні кружацца —
Паглядзіце на ручнікі!
Пеўні, пеўні —
Край мой спеўны!
Дарагія землякі, дарагія ручнікі!
Ім на свеце не знойдзеш цаны,
Ў іх затканы колер вясны,
Сінява рэчкі.
Над борам заранак —
Пеўні. Пеўні
Сталі на ганак,
Абвяшчаюць ранак.
Пеўні, пеўні,
Як сцягі, грэбні,
Колькі гадоў
Былі гадзіннікамі ў дзядоў!
Твар вясковым ручніком
Выціраю раніцай:
— Мама, мама! Родны дом
Не, не забываецца!
1960

Першы госць. Церніца (мялка) — прылада для першаснай апрацоўкі (мяцця) льняной ці канаплянай трасты. На Беларусі вядомы два асноўныя тыпы церніц: нахільная і гарызантальная (1- і 2-рэбравыя). На поўдні Беларусі была пашырана нахільная 2-рэбравая, а на ўсходзе — нахільная 1-рэбравая. Выраблялі іх звычайна з аднаго ствала дрэва даўжынёй больш за 1,5 м, выкапанага з каранямі, якія з аднаго канца служылі ножкамі (другі канец ляжаў на зямлі).
Другі госць. У ствале па даўжыні выдзёўбвалі жолаб, у які ўстаўлялася 1- ці 2-рэбравае біла. Гарызантальная церніца складалася з дзвюх або трох гарызантальна ўмацаваных на стойках дошчачак (шчокі), у адтуліну паміж якімі зверху заходзіла біла (язычок).
Трэці госць. Двухрэбравыя гарызантальныя церніцы бытавалі пераважна на паўднёвым захадзе, дзе характэрна двухстадыяльнае мяцце льну — спачатку на церніцах вялікіх памераў (мядзведзь, ламаха), а потым на меншай (козачка).
На паўднёвым усходзе вядомы гарызантальныя церніцы — двухручка (дзве церніцы, злучаныя разам) і церніца-карагод (чатыры церніцы, злучаныя разам). У канцы XIX — пачатку XX ст. у раёнах развітога льнаводства ў заможных гаспадарках пачалі выкарыстоўваць ільнамяльныя машыны. У наш час церніцы выйшлі з ужытку.
Восьмы чытач (выконвае верш Уладзіміра Лісіцына).
* * *
Ткала маці посцілкі на кроснах...
Чаўнаком малюнкі малявала.
Нітку каляровую не коса, —
Ўздоўж і перак вандраваць пускала.
Я схацеў, малюнак каб ажыў той,
Ды чаўнок мой дзёўб чаўном у бераг...
Не заўжды уздоўж мая сцяжына,
Не заўсёды там, дзе трэба, — перак.

Першы госць. Нагавіцы, ганавіцы, порткі — па-рознаму называлася ў Беларусі гэтае мужчынскае адзенне, якое сёння вядомае як штаны. Традыцыйныя нагавіцы шыліся з даматканай ільняной тканіны натуральнага (белага) колеру, мелі вузкія калашыны, што злучаліся паміж сабой у верхняй частцы нешырокай устаўкай — кавалкам палатна ромбападобнай ці прамавугольнай формы («сесла», «крэсла»), Такія штаны «з вузкім шагам» сцягваліся на поясе матузком ці зашпільваліся на гузік. Кішэняў у іх не было, а ўсе неабходныя рэчы насілі каля пояса ў спецыяльнай сумцы-каліце, ці шабеце. У зімовы час паверх нагавіц надзявалі суконныя ці паўсуконныя штаны (суконнікі, шаракі).
Другі госць. Аднак асноўнай часткай традыцыйнага мужчынскага касцюма былі зусім не штаны, а доўгая, амаль да каленяў, сарочка, якая насілася навыпуск паверх штаноў, пад пояс. Узорныя тканыя ці плеценыя паясы былі абавязковым элементам беларускага нацыянальнага адзення, — як сялянскага, так і шляхецкага. У некаторых раёнах Расіі доўгую сарочку (без штаноў) насілі юнакі да самай жаніцьбы. У Беларусі гэты звычай даўжэй за ўсё захоўваўся ў рускіх старавераў.
Трэці госць. Як было выяўлена ўдзельнікамі этнаграфічнай экспедыцыі АН БССР, яшчэ ў 60-я гады XX ст. гэтага старажытнага звычаю ўпарта прытрымліваўся старавер з вёскі Покаць Чачэрскага раёна, якога тут празвалі Іванам Бясштанікам; прычым ён насіў доўгую сарочку (без штаноў) амаль да дваццаці гадоў як летам, так і зімой.
Чацвёрты госць. Падобная «мода» ў Еўропе мае глыбокія гістарычныя традыцыі. Дастаткова сказаць, што старажытныя рымляне насілі тогі, а штаны называлі адзеннем варвараў, апранаць якія лічылі для сябе за абразу, што прыніжала годнасць рымскага грамадзяніна. Заваяваўшы галаў у часы Юлія Цэзара (I ст. да н. э.), яны назвалі іх краіну (сучасную Францыю) шараварнай Галіяй. Заўважым, што да нашага часу спаднічка (а не штаны) з'яўляецца нацыянальным адзеннем шатландцаў. (С. В. Зянковіч, В. С. Цітоў)
Дзевяты чытач (выконвае верш Дануты Бічэль «Кросны»).
У раніцы, у леце, у прыродзе
сядзела на бярозавай калодзе.
Вакол ад кветак, ад росаў бела.
Шчэ толькі сэрца істоту грэла.

Не варушыліся, драмалі цені,
і людзі дасыналі. Толькі пеўні
выводзілі свае чатыры ноты.
Нічога не азмрочвала пагоды
маёй натуры... Праўда, нейкі птах
гартанна прадвяшчаў абстрактны страх.
Прарэзаў неба, растварыўся ў соснах.
Снавала промні на тумановых кроснах
спрадвечная зямная ткалля —
сонца,
матаючы вясёлкавы сувой
на круглы шар зямны, як на навой,
маўкліва, засяроджана, бясконца.

Разгладжваю сівы сувой далонькай;
не скамячыць бы ў вечнасці далёкай,
каб ён нашчадкам не быў каляны.

Пакуль у вочы сонцу можна глянуць —
пакласці на аснову свой уток —
сцяжыну палявую, слоў віток...
1972

Гаспадар. Кросны — ткацкі стан з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах. Найбольш важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных кроснаў: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якія накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку кроснаў з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе пастаянна часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі дзве вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы.
Гаспадыня. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка кроснаў і тканне лічылася жаночай справай. На кроснах выраблялі разнастайныя тканіны: ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Другое значэнне слова кросны — ніцяная аснова, што навіваецца на навой ткацкага стана.

Хор выконвае беларускую народную песню «Ох, і сеяла Ульяніца лянок».
Ох, і сеяла Ульяніца лянок,
Ох, і сеяла Іванаўна лянок.

Прыпеў :
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Ўсё бялюсенькі кужалёк!

Ох, палола Ульяніца лянок,
Ох, палола Іванаўна лянок.

Ох, і рвала Ульяніца лянок,
Ох, і рвала Іванаўна лянок.

А сарваўшы, ў снапочкі ставіла,
А сарваўшы, ў снапочкі ставіла.

Ох, і слала Ульяніца лянок,
Ох, і слала Іванаўна лянок.

Ох, і мяла Ульяніца лянок,
Ох, і мяла Іванаўна лянок.

Ох, і прала Ульяніца лянок,
Ох, і прала Іванаўна лянок.

Ох, і ткала Ульяніца лянок,
Ох, і ткала Іванаўна лянок.

А саткаўшы, ды сарочак нашыла,
А саткаўшы, ды бялёвых нашыла.
_________________________
* Прыпеў паўтараецца пасля кожнай страфы.

Першы госць. Бёрда — ткацкая прылада, што служыць для прыбівання ўтку ў кроснах. Лакальная назва бярдо. Прамавугольная рама (шырыня 40—50 см і больш, вышыня 15—18 см) 3 устаўленымі і замацаванымі пласцінкамі (трасцінкамі) з тонкай (1 мм) асінавай ці кляновай лучынкі. У XX ст. бёрды пачалі рабіць з металічнымі пласцінкамі. Для ткання бёрда ўстаўлялася ў набіліцы. Для вырабу суцэльных посцілак выкарыстоўвалі бёрда да 1,5 м шырынёй. Бёрда для ткання рагож рабілі з дубовых пласцінак з вочкамі пасярэдзіне (мачальныя стужкі снавалі пачаргова ў шчыліны паміж пласцінкамі і ў вочкі). Бёрда выраблялі спецыяльныя майстры-бёрднікі.
Другі госць. Бранае ткацтва (лакальныя назвы перабіранне, пераборы, набіранне на дошку, ператыканне) узнікла з вынаходствам ткацкага стана гарызантальнага тыпу (на Беларусі вядомы з XIII ст.). Узоры браных тканін выконваліся пры дапамозе спецыяльнай дошчачкі-бральніцы. Вядомы дзве разнавіднасці бранага ткацтва: аднаўточнае (дазваляе атрымліваць паўажурную і фактурныя тканіны, што выкарыстоўвалі для вырабу аднатонных ільняных, пазней — баваўняных абрусаў, ручнікоў, полагаў) і двухуточнае (больш выразнае, адно з самых распаўсюджаных на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст.), якое шырока ўжывалася для ўпрыгожвання народнага адзення, ручнікоў, абрусаў.
Трэці госць. У працэсе вырабу гэтых тканін узорны ўток насцілаецца ў адпаведным парадку па полі, якое
ўтвараецца перапляценнем ніцей асновы і фонавага ўтку. Арнамент беларускіх браных двухуточных тканін вызначаецца перавагай чырвонага колеру, дакладнай распрацоўкай геаметрычных матываў.
Дзесяты чытач (выконвае верш Міколы Чарняўскага «Лён-ляночак»).
На сцяблінцы кожнай —
Сіненькі званочак:
Хораша
На ранку
Лён расцвіў, ляночак.

Мама сцежкай крочыць.
Шчасцем
Ззяюць вочы:
Добры
У матулі
Вырас лён-ляночак.

Адзінаццаты чытач (выконвае верш Максіма Багдановіча «Бяседная»).
А чалом, чалом, мае госцейкі,
Сабірайцеся на бяседачку,
На бяседачку ў хату новую,
Ў хату новую — сасновую,
Ды за столікі кляновыя,
За абрусікі бялёвыя, —
Ой, бялёвыя-саматкавыя,
У узоры вышываныя.
Вышывала я у сем шаўкоў,
Вышывала каршуновы суд.
Ён суды дае — перасуд бярэ:
3 большых птушак — хоць па пёрыйку,
А з драбнейшых — дык і цэлы хвост.
Прыхадзіў тут мужык-верабей,
Каршуну ў ногі кланяўся,
На сініцу-цешчу жаліўся.
Не дамовіў ён скаргі свае,
Як пачаўся і трэск і грук.
Успырхнулі ўсе, злякаўшыся,
Разляцеліся, хто куды здалеў.
Каўка неяк затрымалася,
Ды і тая пахавалася, —
I узораў не асталася.
Ды красна бяседа не узорамі,
А ласкавымі прыгаворамі;
Не ядвабнымі абрусамі,
А ласкавымі прымусамі.


Вучні спяваюць на матыў прыпевак (верш М. Багдановіча).
* * *
У Максіма на кашулі вышыты галубкі;
Я за .тое вышывала, што цалуе губкі.

У Максіма на кашулі вышыты лісточкі;
Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

У Максіма на кашулі вышыты падкоўкі;
Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.

Першы госць. Абрус, настольнік — тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Лакальная назва скацерка. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (уваходзіў у пасаг нявесты, ім накрывалі стол на Каляды, Вялікдзень і іншыя святы). Апрача утылітарнай і абрадавай выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр’ера вясковай хаты.
Другі госць. Абрус (даўжыня 1,5 — 2м, шырыня 1 —1,5 м) звычайна складаўся з адной або дзвюх сшытых полак ільняной даматканіны, выкананай у тэхніцы двух-, шматнітовага бранага, ажурнага, пераборнага ткацтва. Абрусы ўпрыгожвалі вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам ігольчатых карункаў (рошва, расшыўка), пазней карункавай прошвай, вязанай кручком.
Трэці госць. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. Асобную групу складаюць вышываныя па плеценай, вязанай або тканай сетцы абрусы, якія былі пашыраны ў 1930—1940-я гады. Пры стылёвым адзінстве абрусы маюць пэўныя рэгіянальныя адрозненні ў тэхніцы ткання і прыёмах аздаблення, што складваліся на працягу стагоддзяў і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Дванаццаты чытач (выконвае верш Зінаіды Дудзюк «Пінскія ткаллі»).
Зрабілі з промняў сонечных аснову,
Уток з палескіх песень навілі.
Пераплялі таемнай сілы словы
3 вясноваю мелодыяй зямлі.

Такія выйшлі з добрых рук палотны —
Не адвядзеш захопленых вачэй.
I шэры дзень пры іх глядзіць святочна,
Гамонка, і прыветней, і званчэй.

Яшчэ нявестам толькі сняцца строі,
Што ператвораць іх у чараўніц,
Калі палотны гэтыя пакрояць,
Завершыць справу шчаснай долі ніць.

Яшчэ жанчынам мрояцца гардзіны
3 тканіны той, што ад чужых вачэй
Атуляць іх з жаданым і адзіным
Між слотных дзён і зоркавых начэй.

Няхай матулі, што пасаг збіраюць
Для любых донек, едуць пільна ў Пінск
I посцілкі такія выбіраюць,
Якіх нідзе на свеце не купіць.

Здымала ўзоры я у цёткі Ганны,
Не маючы пакуль сваіх дачок.
Ой, звяжа назаўсёды нас, каханы,
Падораны мне ткалкай ручнічок.
1985

Першы госць. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вызначаюцца тонкія льняныя 4-, 8-, 16-нітовыя абрусы Віцебшчыны (сустракаюцца паўажурныя абрусы, з празрыстым вытанчаным малюнкам, і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Для абрусаў Магілёўшчыны характэрны простыя ўзоры, выкананыя ў сціплай каларыстычнай гаме. Багаццем арнаментальных формаў, разнастайнасцю сродкаў аздаблення вылучаюцца абрусы Гомельшчыны.
Другі госць. На неглюбскіх абрусах выразныя ўзоры асноўнага поля тканіны гарманічна спалучаюцца з дэкаратыўным шлякам* бранага ткання, рамбічны арнамент якога паўтарае плеценая карункавая рошва. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў.
__________________________
* Шляк - палоска на краі тканіны іншага колеру або іншага ўзору.
Трэці госць. У Заходнім Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Цікавыя мотальскія абрусы, белае поле якіх падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дапаўненнем некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту.
Чацвёрты госць. Тканыя абрусы Панямоння і Цэнтральнай Беларусі рабілі стрыманымі па каларыце (пераважалі серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю), бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы. Сучасныя абрусы вырабляюць з ільняных, баваўняных, шаўковых нітак. Лепшыя ўзоры беларускіх традыцыйных абрусаў выкарыстоўваюцца ў мастацкіх промыслах.
Гаспадар. А зараз мы з гаспадыняю пазнаёмім вас са старадаўнім карагодам, які мае назву «Лянок». Музычны памер яго двухдольны. Тэмп — ад павольнага да ўмерана хуткага. «Лянок» належыць да групы карагодаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць чалавека.
Удзельнікі карагода суправаджалі спеў ілюстрацыйнымі, пераймальнымі рухамі — пра сяўбу, уборку, апрацоўку льну.
Гаспадыня. Асноўны малюнак «Лянка» — круг, у цэнтры якога салістка пачынала спяваць, а ўдзельнікі карагода падпявалі. На Магілёўшчыне спявалі:
Як пасею я лянок
Пры дарозе, пры лужку.
Ой лі, о ха-ха,
Пры дарозе, пры лужку**.

Мне сказалі, што мой лён,
Ён прыбіт і прывалён.
Як была я малада
Танкапраліцай была...
___________________________
** У кожным куплеце паўтараецца другі радок.

Гаспадар. Удзельнікі карагода хадзілі парамі па крузе, прытупваючы. Салістка паказвала, як сеяла, прыбівала лён і інш. На Віцебшчыне карагод суправаджаўся песняй:
Ох, я сеяла, сеяла лён,
Я сеяла, прыгаварывала,
ЧобатамІ прыкалачывала.
Ты ўдайся, ўдайся, мой лён,
Ты ўдайся, мой беленькі...
Гаспадыня. У вёсцы Куранец Вілейскага раёна зафіксаваны іншы варыянт карагода «Лянок»: выканаўцы (юнакі і дзяўчаты) станавіліся ў два рады адзін супраць другога. Першымі рухі пачыналі дзяўчаты, а хлопцы падпявалі. У наступным куплеце ролі мяняліся. Танец суправаджаўся песняй:
Урадзіўся на полі наш лянок,
Наш шаўковы кужалёк.
Ах, мы сеялі, сеялі лянок.
Гаспадар. Потым спявалі пра тое, як лянок палолі, рвалі, малацілі, церлі, трапалі, пралі, снавалі, бялілі. I заканчвалі песню словамі:
Сшыла Ганна (ці любое іншае імя)
Сабе кашульку.
Карагод «Лянок» вядомы па ўсёй Беларусі.
Віктарына

1. Што называюць беларускім шоўкам? (Лён.)
2. У народзе гаварылі: «Сей лён на ... — будзе кашуля да калена». Назавіце прапушчанае імя святой, якая ўшаноўвалася нашымі продкамі 3 чэрвеня. (Алена.)
3. Пімен Панчанка, як і многія іншыя паэты, прысвяціў некаторыя вершы роднай мове. У адным з іх ён піша:
... і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Узнавіце прапушчанае слова. (Ільняная.)
4. Чаму адзін з восеньскіх месяцаў мае назву кастрычнік? Абгрунтуйце сваю думку. (Асноўная праца — трапанне льну — якраз прыпадала на гэты месяц. У выніку гэтай працы лён ператвараецца ў кудзелю, а адзеравянелая частка яго сцябла — у кастрыцу.)
5. Прыгадайце назву верша М. Багдановіча, у якім паэт апісвае цяжкую працу па вырабу паясоў на фабрыцы М. Радзівіла ў Слуцку. («Слуцкія ткачыхі», 1912.)
6. Якую назву мела адзінка (яна не была метрычным тэрмінам) колькасці льновалакна, што адпавядала 10—25 жменям? (Вязка.)
7. Як раней называлі маёмасць і грошы, што давалі бацькі або родныя маладой, калі яна выходзіла замуж? (Пасаг.)
8. Якую назву мае пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён. На Беларусі вядомы з XI—XII стст. (Пранік.)
9. Якую назву мае драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі? (Прасніца.)
10. Скрыня з векам на завесах і замком, драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну і каштоўнасці; від мэблі. (Куфар.)
11. Якую назву (устарэлае слова) мела тонкае высокагатунковае сукно? (Саета.)
12. Назавіце старую рускую меру даўжыні, роўную двум метрам ста трыццаці чатыром сантыметрам. (Сажань.)
13. Каму належаць радкі «На захад ідуць цягнікі — лён, жыта, сасна і бяроза...»? (Максім Танк. Верш «На пероне».)
14. Назавіце аўтара і твор, у якім ён гаворыць пра сваю маці: «Як ты спявала, як прала, як жала, як шыла кашульку, як вышывала». (Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца».)
15. Хто аўтар карціны «Ільны беларускія»? (Віктар Грамыка.)
Літаратура

1. Анталогія беларускай паэзіі: у 3 т. — Т. 3: Вершы і паэмы / рэдкал.: Р. Барадулін [і інш.]; уклад. У. Гніламёдаў. — Мн. : Маст. літ., 1993.
2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / склаў Ф. Янкоўскі. — 3-е выд., дапрац., дап. — Мн. : Навука і тэхніка, 1992.
3. Навуменка, I. Я. Янка Купала : манагр. — 2-е выд., дап. — Мн. : Выш. шк„ 1980.
4. Пугачева, Э. Михаил Савицкий. — Мн. : Беларусь, 1982.
5. Этнаграфія Беларусі: энцыкл. / рэдкал.: I. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] — Мн. : БелЭн імя П. Броўкі, 1989.