сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н.М. ЮХО настаўніца СШ №4 г. Нясвіжа. Пачатковая школа Верасень 2004 г.

Дары восені

Падрыхтоўка да свята

Чацвёрты год я працую па тэхналогіі "Крок за крокам". Са сваёй метадычнай скарбонкі прапаную сцэнарый свята, прысвечанага восені, якое я правяла ў канцы I чвэрці мінулага навучальнага года ў падрыхтоўчым класе. Галоўнае ў гэтым мерапрыемстве — сумесная работа педагогаў (настаўніка, выхавальніка, настаўніка музыкі), бацькоў і дзяцей. Працуючы разам, педагогі бліжэй знаёміліся з вучнямі і іх бацькамі, вызначалі накірункі далейшай дзейнасці.
Бацькі разам з дзецьмі рыхтавалі да свята кароны: 20 дзяцей — 20 карон з выявамі дароў восені. У класе загадзя вывесілі вялікі плакат з надпісам "Дары восені", на якім былі пералічаны назвы агародніны, садавіны, грыбоў (капуста, бурак, агурок, памідор, цыбуля, яблык, сліва, груша, баравік, арэхі і інш.). Насупраць кожнай назвы быў радок, на якім бацькі маглі запісаць прозвішча і імя свайго дзіцяці (каб кароны не паўтараліся). Побач быў змешчаны яшчэ адзін плакат: "Сустракаем восень"
Бацькі выбіралі заданне і падпісвалі пад ім свае прозвішча.
Я і выхавальнік падбіралі вершы беларускіх паэтаў. I дарослыя, і дзеці працавалі дружна, з агеньчыкам. Сумесная работа дала добры плён: свята прайшло на высокім узроўні.

Сцэнарый свята

Дзеючыя асобы:
Вядучы — настаўнік.
Восень — выхавальнік.
Чытальнікі — вучні.

Першая частка свята праходзіць у зале, упрыгожанай восеньскім лісцем, дарамі восені — агароднінай і садавіной.
1-ы чытальнік. Запрашаем на свята, сябры. Заходзьце ў госці да нас.

(Дзеці ўваходзяць у залу пад музыку.)

2-і чытальнік.
Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць паволі
Кучы хмар, як валакно.
3-і чытальнік.
Дожджык сее без прыпынку;
Вецер свішча так, як звер...
Колькі лужын каля ганку.
А гразі, гразі цяпер!..
Вядучы. А калі гэта бывае, сябры?
(Дзеці адказваюць.)
4-ы чытальнік.
Восень, восень залатая
Сее радасць на зямлі,
Хмарка ў сінім небе тае,
Мкнуць у вырай жураўлі.
5-ы чытальнік.
Ніткай срэбнай павуцінне
Ў косах сонейка блішчыць.
Што за цуднае зіхценне!
Што за ціш вакол стаіць!
6-ы чытальнік.
Я іду лясною сцежкай,
Як па мяккім дыване.
Восень з ветлівай усмешкай
Выйшла на спатканне мне.
7-ы чытальнік.
Ярка, хораша прыбрала
Ўсюды дрэвы і кусты
I зямлю памалявала
Ў колер жоўта-залаты.

Восень (у яе на галаве залатая карона, у руках кошык з дарамі восені). Прывітанне, дзеці! Вітаю ўсіх дарослых! Пра каго гэта вы так прыгожа гаворыце?
Вучні. Пра цябе, Восень! Мы пра цябе і спяваць можам.

(Дзеці спяваюць песню пра восень, якую развучылі на уроку музыкі.)

Восень. Дзякуй вам! Дык якая я?
Вучні. Прыгожая, залатая, багатая, грыбная, дажджлівая, сырая...
8-ы чытальнік.
Зачаруе агнём
маладзенькай рабіны,
На адлёце крылом памахае
бусліным,
А пасля, а пасля ліст апошні
сарвецца...
Ды не знаю, чаму ты мне, восень, па сэрцу.

(Дзяўчынкі выконваюць танец з кляновымі лістамі або каляровымі стужкамі.)

9-ы чытальнік.
Штосьці ад бярозы лісце адлятае,
Кажуць, у дарозе восень залатая,
Ты ўсё бліжай, бліжай...
Не спяшайся, восень!
10-ы чытальнік.
Ты прыходзь тады ўжо,
Як пажнём, пакосім,
Хлебным караваем
Мы цябе сустрэнем,
Бульбу як скапаем,
Кошыкамі зносім.

(Вядучы прапануе дзецям дыдактычную гульню "Назаві першы гук".)

(Вучні называюць дары восені і вызначаюць першы гук у гэтых словах: капуста — [к]; буракі — [б]; алыча — [а]; вінаград — [в]; бульба — [б] і г. д.)

11 -ы чытальнік.
Шумяць па-асенняму пушча і бор,
На дрэвах, кустах залацісты убор.
Заможная восень прыйшла у калгас,
Дарамі багатымі радуе нас.

12-ы чытальнік.
На полі калгасным
Вялікі ўраджай.
Ляціць аб ім слава
На ўвесь родны край.

Вядучы. Станем у карагод. Спытаем у Восені, што яна нам прынесла.
13-ы чытальнік.
Восень! Восень! Прывітанне!
Рады мы тваім дарам.
У цябе мы запытаем:
Вучні (хорам). Што прынесла, Восень, нам?
Восень. Я прынесла вам мукі (дастае з кошыка).
Вучні. Значыць, будуць пірагі?
Восень. Я прынесла грэчкі.
Вучні. Будуць перапечкі.
Восень. Буракоў, капусты, круп.
Вучні. Будзе боршч і будзе суп.
Восень. А ці рады вы ігрушам?
Вучні. На зіму мы іх насушым.
Восень. Ну, а яблыкі — што мёд!
Вучні. На варэнне і кампот.
Восень. Я прынесла мёду.
Вучні. Поўную калоду!
14-ы чытальнік.
Ты і яблыкаў, і мёду,
Ты і хлеба нам дала!
Ну, а добрае надвор’е
Ты для нас не прыпасла?
Восень. Я пашлю вам дожджык з неба.
Вучні. Не, не хочам! Нам не трэба!

(Дзеці выконваюць песню пра восень.)

15-ы чытальнік.
Восень, ты стаіш наўкола.
I з табою разам
Мы прыйшлі у школу.
Вядучы. А ці хочаш, Восень, да нас у клас?
Восень. Хачу! Але я без падарункаў. Па дарозе на мяне наляцеў вецер і раскідаў іх.
Вядучы. Іх, напэўна, падабралі нашы госці.

(У руках дарослых выразаныя з каляровай паперы лісты бярозы, дуба, клёна, арэшніка. На гэтых лістах напісаны загадкі, якія чытаюць госці. Вучні адгадваюць загадкі, а Восень уручае свае дары таму, хто даў правільны адказ.)

Загадкі:

Вісіць зялёны, ляціць жоўты, ляжыць чорны. (Ліст.)

Не шкадуюць мяне, мнуць,
У печ гарачую кладуць.
Як дастануць, дык нажом
Будуць рэзаць за сталом. (Хлеб.)

3 яе цудоўныя салаты,
Прыгатаваць мы вельмі рады,
Хоць злая, горкая, але
Хай будзе часта на стале. (Рэдзька.)

Стаіць у шоламе агністым
На ўзлеску воін ганарысты.
Ад мух ахоўвае ён бор,
Завём яго мы... (Мухамор).

Мяне ўсе просяць, мяне ўсе чакаюць,
А як толькі з’яўлюся,
Хавацца пачынаюць. (Дождж.)

Закаціўся пад плот,
Лёг у баразёнцы,
Паласаты жывот
Грэючы на сонцы. (Гарбуз.)

Сакавіты, круглаваты
Здаравяка гэты
Нам патрэбен на салаты
I на вінегрэты. (Бурак.)

Не крот, а капае,
Лап не мае, а сеянае
3 зямлі выбірае. (Бульбакапалка.)

Стаіць кіёк, а на тым кійку клубок. (Капуста.)

Другая частка свята праводзіцца ў класе. Калі вучні ідуць з залы ў клас, яны бачаць на падаконніках у калідоры садавіну і агародніну. Хлопчыкі павінны сабраць садавіну, а дзяўчынкі — агародніну.
У класе вучні сядаюць па 4 чалавекі. Утвараецца 5 груп. Бацькі і Восень сядаюць насупраць дзяцей, каб назіраць за іх работай. Перад дзецьмі матэматычныя вееры, ручкі і выразаныя з паперы кляновыя лісты, на якія наклеены аркушы паперы ў клетку, дзе вучні пішуць і малююць.

Вядучы. А цяпер мы пакажам, чаму навучыліся ў школе.

(Работа з матэматычным веерам.)
Заданні:
1. Пакажыце суседзяў лікаў 5, 8, 2.
2. Які лік "ўцёк"?

3. Пакажыце, колькі грыбоў, вавёрак, лісточкаў (на прадметных малюнках 4 грыбы, 3 вавёркі, 6 лісточкаў).

Вядучы. Папрацуем на лістах, якія нам прынесла Восень.
Заданні:
1. Намалюйце тры квадраты.
2. Намалюйце кружкоў на адзін менш, чым квадратаў.
3. Намалюйце трохвугольнікаў столькі, колькі кружкоў і квадратаў разам.

Вядучы. Падoрым гэтыя кляновыя лісты нашым гасцям.

Праводзіцца гульня "Гукавая размінка". Вядучы становіцца тварам да дзяцей і паказвае ім літары а, о, у, ы, з, б.
Вучні артыкулююць гэтыя гукі, не вымаўляючы іх, а дарослыя, якія сядзяць насупраць, адгадваюць.


Вядучы. Восень — вялікая працаўніца. Яна хоча праверыць, ці ўмееце працаваць вы.

Дарослыя далучаюцца да дзяцей, цяпер у кожнай групе ўжо па 8 чалавек. Астатнія бацькі назіраюць за работаю.

Восень. У мяне 5 вялікіх скрынак. У іх прыродны матэрыял: шышкі, жалуды, сухія галінкі, лісты, кветкі, а таксама пластылін, нажніцы, шыла і інш. Кожная група павінна скласці восеньскі букет (вазы стаяць на настаўніцкім стале) і нешта вырабіць з прыроднага матэрыялу.

Пасля заканчэння работы Восень і госці падводзяць вынікі конкурсу. Усім удзельнікам уручаюцца сувеніры.

Восень. Цяпер я раздам вам паштоўкі, разрэзаныя на некалькі частак. 5 груп — 5 паштовак. Група, якая першай складзе паштоўку, атрымае прыз.

Праводзіцца рынг "Прыказкі і прымаўкі". Госці чытаюць прыказкі і прымаўкі, а тлумачаць іх дзеці. Калі вучні не спраўляюцца з тлумачэннем, на дапамогу ім прыходзяць дарослыя.
Выкарыстоўваюцца наступныя прыказкі і прымаўкі:

Увосень усіх за стол просім.
Увосень і верабей багаты.
Багата вясна кветкамі, а восень палеткамі.
Лета са снапамі, а восень з пірагамі.
Кто весной трудиться рад, будет осенью богат. I інш.

Восень. Дзякуй, сябры, за актыўны ўдзел у нашым свяце! Частую ўсіх багатым восеньскім караваем!



Яшчэ на гэту тэму:

Свята Ураджаю     Карусель, карусель - Восені карусель!