сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. Парамон, Л. П. Сахарэвіч, Н. П. Трыгубовіч “Беларускае свята ў школе”. З вопыту работы Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў. Мінск “Беларусь” 2002

Піліпаўскімі вечарамі

Методыка падрыхтоўкі

Выбар правядзення піліпаўскіх вячорак зроблены невыпадкова. У разуменні сучаснага школьніка вячоркі — гэта вясёлае ігрышча з песнямі, танцамі, жартамі. Знаёмства з піліпаўскімі вячоркамі дазваляе пашырыць кругагляд вучняў, зразумець, што ў жыцці нашых продкаў былі моманты духоўнага і цялеснага ўстрымання (28 лістапада пачынаўся піліпаўскі пост). Яшчэ і зараз многія людзі, асабліва сельскія жыхары, ніколі не выбіраюць даты вяселля ў межах Піліпаўкі — часу воўчых вяселляў: сыдуцца маладыя — і будуць жыць, як ваўкі, г. зн. «грызціся». Такі звычай бытуе і ў нас, на Уздзеншчыне, аднак прытрымліваюцца яго не ўсе. Менавіта піліпаўскімі вечарамі нашымі бабулямі зроблены самыя прыгожыя, самыя разнастайныя карункі, вышыўкі і іншыя вырабы. Круціцца ў руках верацяно, уецца доўгая нітка жывой повязі мінулага і сучаснага.

Методыка правядзення

Вядучы. Добры вечар, сябры, паважаныя бацькі і дзеці! Вельмі добра, што вы завіталі сёння да нас. 3 глыбокай даўнасці прыйшоў гэты звычай — вячоркі. Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а ўсё ж засталася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў.
Наш час таксама не вельмі лёгкі. Таму мы вырашылі: будзем вучыцца ў нашых продкаў, якія і ў горы і ў радасці не забывалі сваіх песень і танцаў. Вось таму сёння мы запрасілі вас на вячоркі «Піліпаўскімі вечарамі».

Вясковая хата. Бліскае агеньчык. Гучыць лірычная песня «Ой, позна. позна я з вечара сяджу...». Мелодыя адвольная.
Ой, позна, позна я з вечара сяджу,
Ой, тонка, звонка белы кужаль праду.
Ой, праду, праду, у ваконца гляджу.
А пад вакенцам быстра рэчка цячэць,
А па той рэчцы шэра вутка плывець.
Ой, там не вутка, родна матулька.
Ой, кіну, кіну я пражу пад лаўку,
А сама пайду з маменькай вітацца.

Гаспадыня. Восеньскія вяселлі адгрымелі. Вось і вёска наша як бы заціхла, замерла. Папрацуем цяпер, дочкі, з вамі, працы вялікай вас навучу.
Дачка. Маці, мы і так ужо ведаем, ад цябе перанялі ўсё. Вось толькі апрацоўку лёну і канапель закончылі.
Гаспадар. 3 гары знесены і ўсталяваны кросны. Можна ўжо вячэру святочную пачынаць.
Гаспадыня. Зараз вось вячэраць будзем, але толькі бабку-пупарэзніцу дачакаемся. Справілі вяселле, то праз пэўны час без яе ніяк не абысціся.

Уваходзіць бабка, і ўся сям’я сядае вячэраць.

Бабка. Вось і піліпаўскі пост пачаўся. I будзе цягнуцца шэсць тыдняў, ажно да самых Каляд.
Гаспадыня. Так. I асноўны занятак цяпер у нас, жанчын, — ткацтва і прадзенне.
Дачка. У народзе кажуць: «Што у Піліпаўку спрадзем, тое ў Вялікі пост сатчэм».
Гаспадар. У Піліпаўку збіраецца «воўчае вяселле».

Дочкі смяюцца, пераглядаюцца.

Бабка. А чаго гэта вы? Бацька праўду кажа. Як Піліпаўка настала, то ваўкі ідуць гайнёю.
Гаспадыня. А я памятаю, як мая маці даўней казала: «Як у Піліпаўку навісь на дрэве, то будзе ўраджай на хлеб».
Гаспадар. Шкада, што сёлета Піліпаўка не такая. Бо сёння надвор’е было хмурнае і снежнае, таму, па народнай прыкмеце, травень будзе мокры.
Бабка. Будзем спадзявацца на Бога. Можа, што і зменіцца.
Гаспадыня. Так. Чалавек увесь час дбае аб працы.
Гаспадар. А як жа інакш? Вось і цяпер, у піліпаўскі пост, хлопцы будуць дапамагаць маці навіць на кросны падрыхтаваную аснову, а вы, дзяўчаты, каб добра яе расчэсвалі грэбнямі.
Гаспадыня. Так-так, кросны будуць стаяць у хаце аж да самай вясны. Многа работы для ўсіх!
Бабка. Колькі за гэты час будзе выткана палатна для дзіцячых сарочак, прыгожых, рознакаляровых посцілак, усялякіх ручнікоў і паясоў! Нездарма ж у народзе кажуць: «Піліп дзяцей адзявае».
Гаспадар. А ты, Надзейка, куды гэта супраць ночы збіраешся?
Гаспадыня. А хіба ты не ведаеш, Сцяпанку, што дзяўчаты цяпер не сутыкаюцца дома? На ўсю восень і зіму яны нанялі сабе хату на попрадкі, супрадкі.
Гаспадар. Гэта, можа, Настассі-ўдавы хату?
Надзейка. Так, татачка. У яе. I заплацілі ў складчыну ёй бульбай, ільном, канапляным семем, крупамі. Вось лён, поўсць з сабой захвачу і пабягу.
Бабка. Ды і я ўжо патэпаю дахаты. Позна. Бывайце.
Гаспадар. Пара і нам, жонка, спаць. Тушы лямпу.

Гаспадары тушаць лямпу. Чуваць голас Надзейкі: «Дзяўчаты, пачакайце мяне, разам пойдзем».
Хата удавы Настассі. Яна сядзіць, вяжа і напявае.

Каб я знала, каб я ведала
Свае горка замуж’ейко.
Свае горка замуж’ейко,
Ліхое да й падруж’ейко,
То б я замуж да й навек не пайшла,
Я б у маткі як жыла, так была.

Заходзяць дзяўчаты і жанчыны.

1-ая жанчына.
Добры вечар у хату,
Шчыра вас вітаем,
Добрага здароўя вам жадаем!
Ці можна да вас на вячоркі?

Настасся. Калі ласка! Калі ласка! Праходзьце, дзяўчынкі і жанчынкі, сядайце, даражэнькія. Будзем працаваць, песні спяваць, у скокі, можа, пусцімся ды маладосць сваю ўспомнім.
2-ая жанчына. Сядзем радком, пагаворым ладком.
3-яя жанчына. За добрай размовай і работа ідзе хутчэй.
1-ая дзяўчына. А паглядзіце, якія прыгожыя ручнікі ў хаце! I хто ж гэта іх ткаў, вышываў?
Настасся. Гэта ручнікі маёй маці. Сапраўдны ручнік — гэта не проста кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік — гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
2-ая жанчына. Нездарма беларусы шануюць свае «белае золата».
3-яя жанчына. Давайце, жанчынкі, паспяваем пра лён.

Гучыць беларуская народная песня «Ох, і сеяла Ульяніца лянок».

Ноты песні Ох і сеяла Ульяніца лянок
Ох, і сеяла Ульяніца лянок,
Ох, і сеяла Іванаўна лянок!

Прыпеў:
Ох, сэрца — лянок,
Мая радасць ты, лянок!
Ўсё бялюсенькі кужалёк!

Ох, палола Ульяніца лянок,
Ох, палола Іванаўна лянок!
Прыпеў.
Ох, і рвала Ульяніца лянок,
Ох, і рвала Іванаўна лянок!
Прыпеў.
А сарваўшы, у снапочкі ставіла,
А сарваўшы, у снапочкі ставіла.
Прыпеў.
Ох, і слала Ульяніца лянок,
Ох, і слала Іванаўна лянок!
Прыпеў.
Ох, і прала Ульяніца лянок,
Ох, і прала Іванаўна лянок!
Прыпеў.
Ох, і ткала Ульяніца лянок,
Ох, і ткала Іванаўна лянок!
Прыпеў.
А саткаўшы, ды сарочак нашыла,
А саткаўшы, ды бялёных нашыла!
Прыпеў.

1-ая дзяўчына. Слухайце, дзяўчаты, давайце пагадаем, ці пойдзе хто з нас замуж.
2-ая дзяўчына. Як гэта, я і не ведаю.
3-яя дзяўчына. А вось цётка Васіліна ведае. Паслухайце.
1-ая жанчына. Каб даведацца, быць ці не быць новай сям’і, гадаюць на сцяблінках высушанага льну. Трэба ўзяць дзве сцяблінкі, падпаліць ды кінуць іх угару. Калі яны пераблытаюцца між сабой — павяжуць рукі маладых вясельным ручніком, калі не — сядзець у дзеўках яшчэ год.
Дзяўчаты гадаюць.

2-ая жанчына. А я ведаю, як гадаюць пра тое, якой з дзяўчат будзе лепш замужам. Нясі, Настасся, свае лучыны, замочаныя ў вадзе.
Настасся прыносіць дзве-тры лучыны.

1-ая жанчына. Падпальвайце, дзяўчаты. Пашчасціць у жыцці той з вас, у каго лучына будзе гарэць ярчэй.
3-яя жанчына. А каб даведацца, з кім вы згуляеце вяселле, у дзень святога Ануфрэя, праз адну ноч, пасыпце пад падушку ячменю са словамі: «Святы Ануфрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім я буду жаць».
Настасся. Чаму ж, дзяўчаты, вы адны прыйшлі? А дзе ж вашы хлопцы падзеліся?
3-яя дзяўчына. Ды не патрэбны нам такія хлопцы!

Гучыць песня «Да было не спаць да піліпавай ночкі».

Ноты песні Да было не спаць
Да было не спаць да піліпавай ночкі,*
Было прасці тоненькія сарочкі.
Як пайшла я да й у сад зеляненькі,
Сустрэў мяне да й казак маладзенькі.
Ён на мяне да й ківае, міргае,
Ён у мяне да й дарожкі пытае:
— Ці ж ты, казак, ці розуму не маеш,
На дарозе ты дарожкі пытаеш?
Ці ж на гэта мяне мамка радзіла,
Каб казакаў па дарожках вадзіла?
Вой, на тое мяне мамка радзіла
— Тонка прасці, звонка ткаці
Да беленька бяліці.

* кожны радок паўт-ца 2 разы

2-ая жанчына. А вось і зразумела, чаму вы пагублялі сваіх хлопцаў, запатрабаванні да іх вельмі вялікія. Але ж і дзяўчаты бываюць розныя.

Гучыць песня «Рында».

Ноты песні Рында
Сядзела Рында ды на печышчы,
Рында, Рында!**
Грэла свае ногі ды плечышчы,
Прыйшлі к Рындзе жаніхі, жаніхі,
Узялі Рынду варухі, варухі.
Ой, пайшла яна па суседачках.
— А дайце ж вы мне па сарочачцы,
А дайце ж вы мне па намітачцы.
— А было не спаць піліпавай ночы,
Прадраць было дзеркачом вочы!
— Чорт жа вас бяры, мае суседачкі,
У майго бацькі да бяроз многа,
Да здзяру то я берасціначку.
Да пашыю ж я хвартушыначку.
Падзірачкам як падперажуся
Да свайму жанішку так і пакажуся.
Накрыюся я мяшком, мне не сорам з жанішком.

** Паўтараецца пасля кожнага радка.

Стуку дзверы.

4-ая дзяўчына. Ой, відаць, хлопцы да нас завіталі на вячоркі. Можа, пажартаваць, пазагадваць загадкі, пачаставаць арэхамі нас прыйшлі.

Уваходзяць хлопцы.

1-ы хлопец. Вечар добры ў хату! Дазволь, шаноўная гаспадынька, завітаць ды вечар гэты скаратаць.
Настасся. Добры вечар, госці дарагія! Госці на госці — гаспадарам радасць!
2-і хлопец. Мы вось да вас на вячоркі. Песні паспяваем, а заадно і кошыкі папляцём. Не спазніліся?
Настасся. Праходзьце, калі ласка. Гасцей у мяне многа, можа, яшчэ хто зойдзе.
3-і хлопец. Вой, дык тут жа і цётка Марыля — вядомая майстрыха (падыходзіць да цёткі Марылі, мацае лапці, разглядае іх). Цудоўная работа.
Марыля. Лапцікі — гэта абутак нашых продкаў. Іх насіла і мая маці. Вясной, калі ліпа ажывае пасля зімы і яе кара становіцца мяккай і клейкай, лупілі яе. I рабілі гэта умела, каб не пашкодзіць дрэва. У сям’і маёй маці было аж чатырнаццаць душ. Працавалі усе шчыра. Вось яна і павінна была сплесці не менш трыццаці пяці пар лапцяў. I вучылася яна гэтаму майстэрству ў свайго бацькі. Плесці лапці не цяжка. Калі я бяру ў рукі лапці — успамінаю жыццё сваіх родных. I вы павінны ведаць, як жылі вашы прабабулі, прадзядулі, што яны абувалі, як з простага лычка лапці плялі.
Я люблю лапаточкі свае,
Няма іх — мне чагось не стае...
Ў лапаточках сваіх я пяю і танцую,
Усіх добрых людзей я гасцінна частую.
Лапці роду майго знакамітага
Вам раскажуць аб лесе татулі майго працавітага.
Я і матчыны лапці пастаўлю ў радок,
А вось тыя, малыя, — насіў мой браток.
Дык няхай жа навеюць яны даўніну
I выхоўваюць ў дзецях маіх дабрыню.

Гучыць мелодыя песні «Эх, лапці мае». Хлопцы прытопваюць і пяюць

Ноты песніі Эх лапці
Эх, лапці мае,
Лапці лыкавыя!
У Яромы і Фамы
Адзінакавыя.

4-ы хлопец. Гляньце, хлопцы, якая тонкая вышыўка, не рэчы, а цуда.
1-ы хлопец. Сапраўды, цуда. Можа, гэта ты, Алена, умееш так прыгожа вышываць? Ці ты, Надзя?
Настасся. Ды не, гэта да нас сёння завітала вядомая ўздзенская майстрыха Кацярына Аляксандраўна Кацуба.
2-і хлопец. Што Кацярына Аляксандраўна — добрая майстрыха, мы ўбачылі. А ці добра вы, дзяўчаты, умееце працаваць?
3-і хлопец. А можа, нават прылад працы не ведаеце?
4-ы хлопец. А вось зараз мы і даведаемся.

Хлопцы па чарзе загадваюць загадкі.
— Зубаты, а не кусаецца. Што гэта? (Граблі.)
— Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскакаў. (Серп.)
— Кругленькі, маленькі, а за хвост не падняць. (Клубок.)
— Конь стальны, а хвост ільняны. (Іголка з ніткай.)
— Чым больш кручуся, тым больш таўсцею. (Верацяно.)

2-і хлопец. Малайцы, добра ўсё адгадалі. А ці так добра вы ўмееце спяваць, як загадкі адгадваць?

Гучыць песня «У канец сяла...».

Ноты песні У канец сяла
Ў канец сяла,
Ў канец сяла жыла удава,
Мела сабе дзевяць сыноў.

Мела сабе,
Мела сабе дзевяць сыноў,
Дзесятую дачку Насту.

Сыны ўзраслі,
Сыны ўзраслі — у разбой пайшлі,
Дачка Наста замуж пайшла.

Дачка Наста,
Дачка Наста замуж пайшла.
А за каго, за якога?

Ой, за каго,
Ой, за каго, за якога?
За купчыка маладога.

Купчык едзе,
Купчык едзе купчаваці,
Купчышачка ў госці да маці.

Як напалі,
Як напалі разбойнікі,
Яны купчыка забілі.

Ой, і ўсе разбоі,
Усе разбоі спаць палеглі,
Адзін разбой не лажыўся.

Адзін разбой,
Адзін разбой не лажыўся,
3 купчышкаю разгаварыўся.

— Купчышачка,
Купчышачка, адкуль родам?
А я родам з Даўгінава.

А я родам,
А я родам з Даўгінава.
Я дачушка ўдавінавая.

— Устаньце, братцы,
Устаньце, братцы, не ляжыце,
Злую волю мы ўчынілі.

Злую волю,
Злую волю мы ўчынілі,
Сястру Насту заўдавілі.

3-і хлопец. Так-так. Усё ў вас атрымліваецца вельмі добра: і праца, і песні.
4-ы хлопец. А давайце пагуляем.
2-ая дзяўчына. Згодны. У «Яшчара»!

Праходзіць гульня.

Яшчар

На лаву, пастаўленую пасярод хаты, садзіцца хлопец — Яшчар. Кругом яго становяцца дзяўчаты, узяўшыся за рукі. Круг ажывае: дзяўчаты кружацца і спяваюць.
Сядзі, сядзі, Яшчар — гэй, нам, гэй!
На залатым крэсле — гэй, нам, гэй!
На шчаслівым месцы — гэй, нам, гэй!
Бяры сабе пані — гэй, нам, гэй!
Каторую хочаш — гэй, нам, гэй!
Каторую любіш — гэй, нам, гэй!
За белую ручку — гэй, нам, гэй!
За русую коску — гэй, нам, гэй!

Хлопец-Яшчар спявае ў адказ, а дзяўчаты падтрымліваюць:
Ой, люблю Каську — гэй, нам, нам!
Што ў русай касіцы — гэй, нам, нам!
У залатой прасніцы — гэй, нам, нам!
У шаўковым паяску — гэй, нам, нам!
У руцвяным вяночку — гэй, нам, нам!

Названая ў песні дзяўчына падыходзіць да хлопца і аддае што-небудзь са сваіх рэчаў. Хлопец устае з лавы, дае месца другому. Усё паўтараецца, і пакуль усе прысутныя не выберуць сабе пару. Затым першы Яшчар садзіцца каля сцяны. Дзяўчаты становяцца ў рад каля другой сцяны і, узяўшыся за рукі, падыходзяць да хлопца з песняй:
— Ой, Яшчару, паночку,
Прашу аддаць вяночку
Краснай Марысьцы,
Што ў русай касіцы...

Пасля заканчэння песні хлопец вяртае дзяўчыне яе рэч і саступае месца другому.

Яшчар

Моладзь бярэцца за рукі і, стварыўшы круг, пачынае кружыцца з выкананнем песні:
Сядзіць, сядзіць Яшчар,
Гэй, нам, гэй!*
На залатым крэсле,
Арэшачкі лушчыць
Да ў каробачку сыпле.
Каробачка няпоўна,
Паедзем да Коўна.
3 Коўна да Бяліцы,
Купім чамярыцы
Яшчара паіці.

* Паўтараецца пасля кожнага радка

Яшчар сядзіць на стуле ў сярэдзіне круга і пільна глядзіць, каб ніхто не засмяяўся, не ўпаў і не спатыкнуўся. Калі хто парушыць гэтае правіла, той павінен аддаць Яшчару фант: пярсцёнак, хустку і інш. Пасля разыгрываюцца фанты. Яшчар дастае фант і загадвае ўладальніку фанта што небудзь праспяваць, расказаць, патанцаваць і г. д.


3-яя дзяўчына. Ой, цётка Настасся, як жа смачна пахне ў вашай хаце.
Настасся. А што вы думалі?! Я ж сёння гасцей чакала, бабку таркавала. Частуйцеся, калі ласка, госцейкі дарагія.

Ставіць чыгунок, кладзе лыжкі на стол. Госці частуюцца.

2-ая жанчына. У мяне чамусьці такая не атрымліваецца. Раскажы, Настасся, як яе гатуеш. А можа, у цябе бульба другога гатунку?
Настасся. Так. Бульбачка ў мяне сапраўды удалая, сопкая, жоўценькая. (Дастае кошык з бульбаю.) Сорт «магрэта» называецца. Цьфу ты, «адрэта». Слава Богу, у гэтым годзе і хвітафтор’я тая яе не з’ела.
2-ая дзяўчына. А што гэта нашы хлопцы прыціхлі? Можа, паснулі?
1-ы хлопец. Ды не, дзяўчаты. Як можна на вячорках спаць?
4-ы хлопец. А што гэта мы ўсё спяваем ды спяваем? Нічога смешнага не расказваем. Вось я люблю жарты.
Настасся. Раскажы, калі ведаеш.
4-ы хлопец. Добра, слухайце.
Малады хлопец, купляючы гадзіннік, пытае ў крамніка: «А ці добра ён ходзіць?» — «Ага, — адказвае крамнік, — ён бегае, а не ходзіць. Глядзіце, яшчэ полудня няма, а ён ужо пятую гадзіну вечара паказвае».
2-і хлопец. Зараз і я раскажу.
Адзін пан паслаў слугу па грушы і сказаў:
— Купі мне самых лепшых.
Слуга пайшоў у краму і папрасіў груш. Купец падаў яму. Але слуга сказаў:
— Не, дайце мне самых лепшых.
Купец кажа:
— Паспрабуй адну, тады пазнаеш, што ўсе добрыя.
— Як я пазнаю, — кажа слуга, — што яны ўсе добрыя, калі паспрабую толькі адну?
I слуга паадкусваў патрохі ад кожнай і прынёс іх пану.
3-яя жанчына. Унук пытае:
— Бабулька, а ці дорага каштуе дзірка ад абаранка?
— А нічога не каштуе, яе без грошай даюць, — кажа бабулька.
— Тады хай бы рабілі большыя дзіркі ў абаранках.
1-ы хлопец. Адзін пан пытае раз у свайго фурмана, ці паедзе той з ім у вялікую дарогу.
— За вамі, пане, усюды, — адказвае фурман.
— Як гэта ўсюды? Нават у пекла?
— Нават у пекла!
— Але падумай сабе, што ў пекле надта ж горача, агонь.
— Нічога, пане, — кажа фурман, — я сваю службу знаю, высаджу пана ў пекле, а сам, як заўсёды, буду чакаць перад брамай.
Настасся. Дзякуй вам, даражэнькія мае суседачкі. Дзякуй і вам, хлопцы-малойцы ды дзяўчаткі-кветачкі, што завіталі да мяне на вячоркі.
3-і хлопец.
Хопіць нам ужо, сябры,
Пець, рабіць, смяяцца.
Шкада, але трэба, цётка Настасся,
3 вамі развітацца.
1-ая дзяўчына.
Няхай вам часценька шанцуе на госці,
Ніхто каб ніколі не меў на вас злосці.
Настасся. Не мінайце маёй хаты, прыходзьце заўтра вечарам зноў.
Надзейка. Трэба нам ужо дадому. Дзякуй, цётка Настасся, за дапамогу.
Усе. Дабранач, цётачка, бывайце.
Настасся. Шчаслівай вам дарогі. Чакаю вас заўтра.

Усе выходзяць.