сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ТАЛАТАЙ, музычны кіраўнік другой катэгорыі, яслі-сад № 190 г.Мінска. Пралеска 12/2017

Калядная казка

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць у дзяцей патрэбнасць у зносінах пры дапамозе рухаў у танцах, карагодах, гульнях, каардынацыю рук і ўзгодненасць рухаў падчас ігры на дзіцячых музычных інструментах; развіваць эмацыянальную сферу на аснове пашырэння дыяпазону эстэтычных перажыванняў; выхоўваць добразычлівасць, творчыя адносіны да розных відаў музычнай дзейнасці.
Матэрыял і абсталяванне: макет беларускай хаты, стол, крэсла, чыгунок, цукеркі, драўляныя лыжкі, гліняны посуд, сена, абрус, ручнікі, дзіцячыя музычныя інструменты, коўдра, «калода мёду», капуста, мяшок, «хвост» Чорта (канат даўжынёй тры метры, абкручаны чорнай тканінай), падушка, калядная зорка, белыя хустачкі, ліхтарыкі, касцюмы: Гаспадыні, Зорканошы, Мядзведзя, Казы, Чорта, Цыгана, Цыганкі, Каровы, калядоўшчыкаў, Механошы, аўдыязапісы: верша «Калядныя зоркі» С. Сокалава-Воюша, «Песня Казы» (сл. А. Канапелькі, муз. Г. Казловай), беларускай народнай полькі, мелодый беларускіх народных песень: «Стукалка», «Гарні, гарні бульбу з печы», «Калядная калыханка» (сл. народныя, муз. А. Моўчана), цыганскай мелодыі.
Дзеючыя асобы: Гаспадыня, калядоўшчыкі (Зорканоша, Мядзведзь, Каза), Чорт, Цыган, Цыганка, Карова — дарослыя, 3 калядоўшчыкі (сярод іх Механоша) - дзеці.

Ход мерапрыемства

Музычная зала стылізавана пад беларускую хату. На макеце намалявана акенца, за якім «ідзе снег». За макетам на шторах — месяц і зоркі з фольгі, перад ім — стол. Гучыць аўдыязапіс верша «Калядныя зоркі» С. Сокалава-Воюша. Каля стала завіхаецца Гаспадыня — рыхтуецца да Каляд. Аглядае прыгатаваныя стравы, перекладвае лыжкі. Напявае беларускую народную песню «Чаму ж мне не пець?» Сядае за стол.

Гаспадыня (уздыхае). Вось ужо год прайшоў... Здаецца, толькі жнівень быў...
Ой, людцы, што ж гэта я? А дзе ж мая куцця? (Аглядаецца, заўважае чыгунок на сене.) Ды вось яна. (Выцягвае з сена адну саломінку ) Доўгая саломінка! Ураджай сёлета будзе багаты! (Нясе лыжку з «куццёй» да акенца.)
Мароз, мароз, хадзі куццю есці!
Улетку не бывай,
Па межах не хадзі,
Яры не губі!

Песня «Куць-куць»

(сл. і муз. народныя)
Стук у дзверы. У залу ўваходзяць калядоўшчыкі.

Зорканоша. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!

Песня «Шчодры вечар»

(сл. і муз. народныя)
Гаспадыня. Добры вечар і вам, добрыя людзі! Але хто вы такія і адкуль ідзяце?
Зорканоша. Мы людзі няпростыя, ідзём да пана Года, што носіць бараду шырокую, як лапату! А ці добрая гут жыве гаспадыня, каб нас пачаставаць?
Гаспадыня. Гаспадыня добрая, але спачатку павесяліце мяне. Можа, прыпеўкі якія ведаеце?
Механоша. А як жа! Ведаем!

Калядоўшчыкі выконваюць прыпеўкі на мелодыю беларускай народнай песні «Стукалка», на прыпеў іграюць на дзіцячых музычных інструментах. Напрыканцы выходзіць Чорт з коўдрай, накрывае Казу і выводзіць яе з залы.

Гаспадыня (звяртаецца да калядоўшчыкаў). Добра вы спяваеце! Давайце свой мех, насыплю туды цукерак. (Сыпле цукеркі ў мяшок Механошы.) Здаецца, я бачыла ў вас Казу. Дзе ж яна? Няхай пагуляе з нашымі дзеткамі.
Зорканоша (аглядаецца па баках). І сапраўды, дзе наша Каза? Дзеці, вы не бачылі? (Чорт Казу забраў.)
Гаспадыня. Ну вось! Кожны год адно і тое ж! Ад яго яшчэ і не такога дачакаешся! Але як быць нашым дзеткам? Ім вельмі хочацца пагуляць!
Зорканоша. Казу трэба знайсці! Без яе ўраджаю не будзе! А пакуль што няхай наш Мядзведзь дзетак пацешыць.
Мядзведзь (сарамліва перамінаецца з лапы на лапу). А што? Я магу. Я вельмі здатны да скокаў і спеваў!

Песня-гульня з Мядзведзем

на мелодыю бел. нар. песні «Гарні, гарні бульбу з печы»
Дзеці паўтараюць за Мядзведзем дзеянні.


Навучу вас танцаваць трошкі касалапа,
Потым буду зноў спяваць ды смактаці лапу.
Усміхнёмся ўсім суседзям ад вуха да вуха.
То хлусня, бо мы, мядзведзі, усе з музычным слухам.

Лапу ставім на насок, потым зноў на пятку.
Хто малы, а хто высокі, пачынай прысядку.
Пахістаем галавой, лапамі памашам,
Ды патупаем нагой на Калядках нашых.

Гаспадыня (пляскае ў далоні). I праўда, здатны! I да скокаў, і да песень! Можа, ты яшчэ і акцёр добры? (Мядзведзь згаджаецца.) Тады пакажы ўсім нам, як ты раніцай прачынаешся. (Мядзведзь паказвае.) А як нашы дзеткі кашу ядуць? (Мядзведзь размазвае «кашу» па твары.) А як яны ў сад ідуць? (Мядзведзь крочыць павольна, апусціўшы галаву.) А як з сада? (Мядзведзь рухаецца, падскокваючы.) А як матулі прыхарошваюцца? (Мядзведзь быццам глядзіцца ў люстэрка.) А як таты цвікі забіваюць? (Мядзведзь быццам б’е сабе па пальцу малатком, войкае.)
Ой, і павесяліў жа ты нас! Трымай за гэта мёду калоду! (Працягвае Мядзведзю «мёд».)

Гучыць цыганская мелодыя, у залу ўваходзіць Цыган з Цыганкай. Дны вядуць за сабой Карову.

Цыган. Добры вечар, Гаспадынька! Прывітанне вам, людзі добрыя! Купіце ў мяне Карову, другой такой нідзе няма! Амаль што задарма. Ад сэрца адрываю! Толькі для вас за мільён аддам!
Гаспадыня (недаверліва). За такую Карову і грошыка шкада.
Цыганка. Нічога ты не разумееш! Гэта самая лепшая Карова ў свеце! А якая таленавітая. Глядзі!

Танец Каровы

(па выбары музычнага кіраўніка)
Гаспадыня. Добра танцуе твая Карова! Але што з гэтага? Ты мне лепш скажы, колькі малака яна дае?
Цыган. Ой, многа! А якая яна ў мяне ласкавая! (Гладзіць Карову, яна брыкае.) А якая ў яе паходка! Плыве, нібы ў моры лодка. (Цягне Карову, але яна стаіць на месцы.)
А як ад камароў бяжыць, дык над ёй зямля дрыжыць! (Пхае Карову, яна падае.)
Ой, Гаспадынька! Загубіла ты маю Карову! За гэта давай мне каўбасы ды два кіло сала, каб Карова ўстала!
Гаспадыня. Будзе табе і каўбаса, і сала. Насмяшылі вы нас. Трымай. (Перадае пачастункі Цыгану.)

Раптам у залу забягае Чорт, здымае месяц.

Чорт. Каза ваша ў мяне, і месяц таксама. У цемры вы нікога і нічога не знойдзеце!

У зале гасне святло. Застаюцца толькі агеньчыкі на сценах.

Гаспадыня. Што нам рабіць? Дзеці, дапамагайце!

Харэаграфічная імправізацыя «Зорачкі»

пад мелодыю «Каляднай калыханкі»
(сл.нар., муз. А. Моўчана)

Дзяўчынкі — воблачкі — выконваюць рухі з белымі хустачкамі, хлопчыкі — зорачкі — трымаюць у руках ліхтарыкі — зоркі.

У зале запальваюць святло. За сталом сядзіць Чорт і трымае капусту.
Чорт (збянтэжаны). Каза есці захацела...
Гаспадыня і калядоўшчыкі хапаюць Чорта.

Гаспадыня. Ах ты, Чорт калматы! Куды Казу дзеў?
Чорт. Нічога не ведаю! Нічога не браў!
Зорканоша. Як не браў?! I адкуль толькі цябе прынесла?
Чорт.
Мяне бацька паслаў,
Калядоўшчыкам каб стаў.
Не дасце каўбасу —
Я ўсю хату растрасу!
Гаспадыня.
Нічога табе не дам!
Ні каўбасы, ні сала,
Каб табе ўсяго было мала!
Чорт.
Ах так! Тады...
Каб у вас нічога не было
I каб жыта не расло!

Чорта трымаюць, а ён стараецца вырвацца.

Гаспадыня. Каб былі поўныя клеці яек, а бліны ды аладкі самі адскоквалі ад патэльні!
Чорт.
Каб клеці пуставалі,
А бліны да патэльні прыгаралі!
Гаспадыня.
Каб нам весела жылося,
Пілося, елася ды яшчэ хацелася!
Чорт. Каб толькі па барадзе цякло, а ў рот не пападала!
Гаспадыня. Вы толькі паглядзіце на яго! Яшчэ і адгаворваецца! Зараз я цябе!..

Мядзведзь хапае Чорта за хвост, цягне яго.

Чорт. Вой-вой, адпусціце! Мяне Каза. ой, бацька чакае!
Мядзведзь. Адпушчу! Толькі ты спачатку дзетак пацеш, з імі пагуляй!

Гульня «Перабежкі»

Мядзведзь трымае за канец хвост Чорта. Дзеці прабягаюць пад ім, а Чорт з Мядзведзем імкнуцца іх злавіць, апускаючы хвост. У канцы гульні Чорт уцякае.
Мядзведзь. Зноў збег! I што з ім рабіць?
Цыганка. Супакойцеся, даражэнькія! Давайце лепей я вам паваражу.

Гульня «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе?»

Дзеці парамі становяцца спіна да спіны. Па сігналу яны наварочваюць галовы адзін да аднаго: калі павярнулі ў адзін бок — значыць будуць у згодзе, калі ў розныя — не.
Гаспадыня. Даражэнькая, ты сваімі гульнямі нам толькі дзяцей пасварыш! Зараз у іншую пагуляем, дзе ўсе сябруюць.

Гульня «Падушачка»

Дзеці становяцца ў круг, Гаспадыня з падушкай ходзіць у крузе і прыгаворвае:
Падушачка, падушачка,
Мая пуховая.
Каго люблю, з кім сябрую,
Таму падушачку і падару я.
Гаспадыня выбірае дзіця, кладзе каля яго падушку. Яны разам апускаюцца на яе на калені і абдымаюцца. Затым дзіця становіцца вядучым. Гульня паўтараецца некалькі разоў.

У дзверы зноў нехта стукае, але не заходзіць. Гаспадыня падыходзіць да дзвярэй, адчыняе іх. Адтуль выходзіць Каза, яна рагамі пхае перад сабой Чорта. Той войкае, упіраецца.

Каза. Пакуль сама сябе не ўратуеш, ніхто не ўратуе! Ці вам ураджай не патрэбны?
Выходзіць у сярэдзіну залы. Чорт вырываецца і ўцякае.

Каза. Бяжы-бяжы, а то даганю!..
Зорканоша. А ты ж наша разумніца, ты ж наша зорачка! Паглядзіце, якая спрытная! 3 такой Казой цэлы год у дастатку жыць будзем!
Гаспадыня. Козачка, Нашы дзеткі так цябе чакалі Пагуляеш з імі?
Механоша.
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
1-ы калядоўшчык.
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
2-і калядоўшчык.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Танец з Казой

пад «Песню Казы»
(сл. А. Канапелькі, муз. Г. Казловай)
Дзеці паўтараюць рухі за Казой. Напрыканцы яна падае.


Гаспадыня. Ой, бацюхны! I што ж гэта з вашай Казой зрабілася?
Зорканоша. Што-што — знясілела.
Хутчэй ідзі,
Каўбасу Нясі.
Ды два кавалкі сала,
Каб Козачка ўстала.
Адну мерку аўса,
Каб Каза пайшла
Ды дзве меркі жыта,
Каб была Каза сыта.
Гаспадыня. Зараз-зараз.
Нясе пачастункі Казе. Тая ўстае.

1-ы калядоўшчык.
Гэй, музыкі, грайце весялей!
Патанцуем мы для ўсіх гасцей!

Гучыць беларуская народная полька. Усе танцуюць.

Гаспадыня. Дзякуй усім добрым людзям, усім нашым гасцям. Свята скончылася. Ці спадабалася вам? (Адказы дзяцей.)
Ну, тады здаровы бывайце!
У наступным годзе зноў да нас завітайце!
2-і калядоўшчык.
А вы нас дабром успамінайце
I ў госцейкі да вас запрашайце!

Усе героі кланяюцца і пад музыку выходзяць з залы.

Літаратура:

1. Акульская, Г. Ехала Каляда ў чырвоным вазочку // Пралеска. — 2008. — № 12. — С. 19—21.
2. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
3. Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна. — Мінск: Новое знание, 2016.

Яшчэ на гэту тэму:

Ехала каляда ў чырвоным вазочку     Прыйшлі Каляды, ўсе людзі рады...