сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. Ф. ВАСІЛЕЎСКАЯ, настаўніца Калаціцкай школы-сада Глускага раёна

Святы восені

Сцэнарый выхаваўчага мерапрыемства

Зала святочна прыбрана вышытымі ручнікамі, на сценах размешчаны плакаты, дзе вялікімі літарамі запісаны прымаўкі:

* Восень — на дзень пагод восем.
* Увосень за стол просім.
* Да восені рыхтуйцеся ранняй вясной.
* Верасень — месяц халодны, але сыты.
* У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
* У лістападзе кладзі капусту ў кадзі.

На лаве, пакрытай дываном, сядзяць дзеці.

1-ы чытальнік.
Штосьці ад бярозы
Лісце адлятае,
Кажуць, у дарозе
Восень залатая.

2-і чытальнік.
Восень, восень залатая
Сее радасць на зямлі,
Хмарка ў сінім небе тае,
Мкнуць у вырай жураўлі.

3-і чытальнік.
Ярка, хораша прыбрала
Ўсюды дрэвы і кусты,
I зямлю памалявала
Ў колер жоўта-залаты.

4-ы чытальнік.
Ты ўсё бліжай, бліжай —
Не спяшайся, восень.
Ты прыходзь тады ўжо,
Як пажнём, пакосім.

5-ы чытальнік.
Хлебным караваем
Стрэнем цябе, восень,
Бульбу як скапаем,
Кошыкамі зносім.

Выходзіць дзяўчынка ў касцюме Восені.
Восень.
Шанаванне добрым людзям,
Хай вам радасці прыбудзе!

Гучыць беларуская народная музыка. Выходзяць шасцёра вучняў.
1-ы вучань.
Восень, восень, прывітанне!
Рады мы тваім дарам.
2-і вучань.
У цябе мы запытаем, што прынесла, восень, нам?
Восень. Я прынесла вам мукі.
Усе дзеці. Значыць будуць пірагі!
Восень. Я прынесла грэчкі.
Усе дзеці. Будуць перапечкі!
Восень. Бурачкоў, капусты, круп...
Усе дзеці. Будзе боршч і будзе суп...
Восень. Ці вы рады грушам?
Усе дзеці. На зіму насушым!
Восень. Ну, а яблыкі што мёд.
Усе дзеці. На варэнне, на кампот!
3-і вучань. Ты і яблыкаў, і мёду, ты і хлеба нам дала.
4-ы вучань. Ну, а добрае надвор’е ты для нас не прыпасла?
Восень. Я пашлю вам дожджык з неба!
Усе дзеці. Не, не хочам, нам не трэба!
5-ы вучань. Дожджык, не перашкаджай, мы збіраем ураджай.
6-ы вучань. Будзе ў нас багаты год, а цяпер — у карагод!

Дзеці водзяць карагод, выконваюць песню пра восень.
Восень.
Вы ў полі працавалі, там палолі, убіралі.
А цяпер я запрашаю вас на свята ўраджаю.

Гучыць беларуская народная музыка.
Чытальнік. Свята ўраджаю, ці Дажынкі — старажытнае свята, прысвечанае заканчэнню ўборкі збожжа. У гэты дзень сяляне рабілі так званы Багач. (Адзін з дзяцей бярэ Багач і абносіць ім гасцей.) Бралі посуд, напаўнялі яго жытам, устаўлялі ў зерне свечку. Багач пераносілі ад хаты да хаты, тым самым жадаючы кожнаму гаспадару шчасця і багацця.
Восень. Чым хата багата, тым і рада. А самая багацейшая тая, у якой гучаць песні.

Выконваецца песня "Беларуская танцавальная".

Восень.
У гародзе каля градак шмат цікавых ёсць загадак.
Той, хто градкі даглядае, той загадкі адгадае.

Вучаніца.
От бабуля важна села і глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць, як зачэпім — будзем плакаць.
Гэта злосная бабуля называецца ... (цыбуля).

Паказвае малюнак-адгадку.

Вучань.
У бабулі родны брат ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад так, як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок, калі шчыплецца ... (часнок).

Паказвае малюнак-адгадку

Вучаніца.
Гэта што за важны туз?
Хвост зялёны, чэпкі вус?
Усім вядомы карапуз Пузан Пузанавіч ... (гарбуз).

Паказвае малюнак-адгадку.

Вучань.
3 вусамі, а не стары, зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох.
Ну, на тое ж ён ... (гарох)

Паказвае малюнак-адгадку.
Выходзяць дзяўчынка і хлопчык, яны нясуць вялікую рэпку. Яе можна зрабіць з пап’е-машэ.

Вучаніца.
Я на градцы каля хаты рэпку пасадзіла.
I яна на радасць нам шчодра ўрадзіла.

Вучань.
Усе да нас хутчэй ідзіце
I на рэпку паглядзіце.
Што за дзіва, што за цуд!
Пачастункаў поўна тут!

Хлопчык з дзяўчынкай знімаюць з рэпкі вяршок і раздаюць гасцям пачастункі: яблыкі, грушы, моркву, бульбу і іншую гародніну.
Затым дзеці спяваюць песню "Ураджай збірай".
Выходзіць восень.


Восень.
Ёсць дзень, калі з вякоў ссівелых ідуць, ідуць да нас дзяды.
А мы з душой не ачарсцвелай сустрэць гатовых заўжды.

1 -ы чытальнік.
Дзяды— гэта дзень памяці нашых продкаў. Свята адзначалі ў суботу, рыхтаваліся да яго загадзя: прыбіралі ў хаце, мыліся ў лазні, вешала свежыя фіранкі, ручнікі. Засцілалі белым абрусам стол.
2-і чытальнік. У гэты дзень наведвалі магілы памерлых родзічаў. Вячэра была ўрачыстай. За сталом успаміналі ўсіх продкаў, іх характары, добрыя справы, пэўныя прыгоды.
3-і чытальнік. Усе верылі, што Дзяды наведваюцца ў хату, таму гаспадары адчынялі вокны ці дзверы, накрывалі Дзядам святочны стол з рознымі пачастункамі.
4-ы чытальнік. На тое, што Дзяды з’яўляліся на самай справе, указвалі розныя прыкметы — заляцела асенняя мушка, пачуўся ў цішыні пэўны скрып — значыць Дзяды прыйшлі, чакаюць успамінаў пра сябе.
Вучань.
Мая Радзіма — жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
Яна — пілы гарачы голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след ...

Вучаніца.
Мая Радзіма,
Дзе з-за бору
Узыходзіць месяц у начы,
Дзе ў братнім ладзе, у дружным зборы
Жылі калісьці дрыгавічы...

Вучань.
Дзяцей бацькі вучылі строга:
Любіць саху, пчалу, зямлю.
I аднаму маліцца богу —
Нялёгкай працы мазалю.

Вучаніца.
Умеў мой продак човен ладзіць
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, — дарадзіць
Таму, хто ў горы, — памагчы...

Вучань.
Магутны Божа! Уладар Сусветаў,
Вялізных сонцаў і сэрцаў малых,
Над Беларуссю ціхай і ветлай
Рассып праменне свае хвалы.
Вучаніца.
Дай спор у працы будзённай, шэрай
На хлеб штодзённы, на родны край.
Вучань.
Павагу, сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласць — дай!
Вучаніца.
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот,
Усе дзеці.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!


Яшчэ на гэту тэму:

Баль на лясной палянцы     Народнае свята «Кузьмінкі»