сцэнарыі святаў на беларускай мове

ПРАКАПУК Ю.П., загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

«А ўсё таму, што родам з лістападу…»

Выступленне ЛПГ “Рытм”, прысвечанае 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

Доля мая — нібы гронка любові,
В'ецца над сцішанай голькай жыцця.
Я. Янішчыц
Вядучы 1. Добры дзень, паважаныя сябры! У кожнай літаратуры ёсць вялікія і выдатныя паэткі. У рускіх — Ганна Ахматава і Марына Цвятаева, ва ўкраінцаў — Леся Украінка і Ліна Кастэнка... I мы, беларусы, таксама маем такіх жанчын-творцаў. Яўгенія Янішчыц — адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі і 20 лістапада адбудзецца 70-годдзе з дня нараджэння паэткі.
Вядучы 2. Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў простай сялянскай сям'i .

Прагляд відэароліка “Палеская ластаўка”.

Вядучы 1. Рoднaя вёcкa, пaлecкi кpaй i ягo пpыpoдa, вoбpaзы бaцькoў i aднaвяcкoўцaў нaзaўcёды cтaлi гaлoўнaй кpынiцaй нaтxнeння пaэтэcы.
Я. Янішчыц (1948—1988) з'яўляецца аўтарам зборнікаў «Снежныя грамніцы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы», кнігі выбранай лірыкі «У шуме жытняга святла», якім уласцівы шчырасць, апавядальнасць, страснасць.
Вядучы 2.
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
Прыручаюцца салаўі,
I змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві —
Нават ненавісць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.

Вядучы 1. Радзіма, Беларусь, дзяцінства — вось тыя крыніцы, якія поўнілі лірыку Я. Янішчыц духоўнай энергіяй. Яе вершы, прысвечаныя маці, бацьку, сыну, — гэта старонка не толькі асабістай біяграфіі, але і лірычнай хронікі, гісторыі беларускага народа.
Стан душы лірычнай гераіні выяўляецца праз любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журбу, святло і цемру.
У роздумах пра бацькоўскі край, лёс землякоў і аднавяскоўцаў, пра гераічнае мінулае і сучаснасць адчуваецца высокая чалавечая годнасць, павага да людзей.
Вядучы 2. Сучаснай вёсцы, справам вясковых працаўнікоў прысвечаны «Зорная паэма» і «Ягадны Хутар». У іх уздымаюцца праблемы неперспектыўных вёсак, дзе засталіся дажываць свой век адны старыя. Моладзь жа, раз'ехаўшыся па свеце, адвучылася ад працы на зямлі, здрадзіла ёй. Паэма «Ягадны Хутар», спалучыўшы ў сабе верш і прозу, напісана ў выглядзе лістоў ад маці, дзядзькі Арцёма, стрыечнага брата і паэтычных каментарыяў да іх. Гэта паэма з'яўляецца як бы люстэркам вясковага жыцця, у ёй адчуваецца непарыўная сувязь паэтэсы з бацькоўскай зямлёй.
Вядучы 1. Родным мясцінам яна прысвяціла шматлікія, прачулыя вершы. Па-беларуску гасцінна і сардэчна яна запрашае наведаць палескі край:

Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.

Хапае на Палессі
I сонца і вады.
I што ні двор — то песня,
Што вёска — то сады.
«Прыедзь у край мой ціхі...»

Вядучы 2. Паэтка кліча нас на радзіму, каб пабачыць «свет адкрыты і босы», адчуць «боль і рай на песеннай зямлі». Яна паэтызуе «самае блізкае», усё тое, што цешыць і радуе сэрца. Яе край — «журавінавы рай», да драбніц знаёмы і бясконца дарагі свет. Яна любіла сінюю Ясельду, бруістую бэзавую плынь вады, квецень садоў, залітыя сонцам узгоркі, палі і сенажаці, пахі мурожнай травы, гоман лесу, жытнёвы шум, светлую зорную ноч... Хараство радзімы і яе краявідаў знаходзіла ў сэрцы жывы водгук. Вось радкі з лірычна ўзнёслай песні паэткі:
Дай ласкавую руку...
Старана мая азёрная,
Хата светлая, прасторная.
Двор у белым вішняку.

Ці лячу сюды параіцца,
Ці душу сваю пачуць, —
Белы гусі, белы чаіцы
Гаману са мной вядуць.
«Старана мая азёрная»

Вядучы 1. Вясковая рэчаіснасць была для Я. Янішчыц добра зразумелай, свойскай. «Я тут — свая і болей анічога // Не трэба мне да скону ўзамен», — сцвярджала яна (верш «Свая»). Вобразна і дакладна сказала пра ўнутранае і вонкавае аблічча Яўгеніі Янішчыц пісьменніца і сяброўка Р. Баравікова: «Танюткая, рухавая, яна нагадвала чарацінку, якая моцна ўраслася ў айчынную глебу». З эстэтычнай асалодай паэтка сузірае родны свет, што паўстае як сфера ідэальнага, прыгожага, гарманічнага быцця. Цёпла, з любасцю яна гаворыць пра родны падворак, раскрывае паэзію штодзённага сялянска-вясковага побыту. Кожная сустрэча з роднай вёскай, землякамі была для яе жаданай і чаканай, тут заўсёды пазбаўлялася цяжкіх душэўных пакут, знаходзіла ўцеху, лагоду, радасць, сапраўднае шчасце.
Вядучы 2.
Тут самы лёгкі ў свеце сон.
Ля кожнай хаты — па бярозцы.
I камарыны звон чуцён
Аж у другой, суседняй, вёсцы.

...Ды толькі глуш разварушы —
Прастор зашэпчацца з ахвотай:
Збяруцца лекі для душы,
Узыдуць зёлкі ад маркоты.
«Жыву сярод глухіх балот...»

Вядучы 1. Апірышча, «сонца» духоўнага свету Я. Янішчыц — светлы вобраз маці. Вельмі прачулыя, кранальныя і шчымлівыя вершы яна напісала пра гэтага роднага і душэўна блізкага чалавека: «Мама Марыя», «Мама і птушкі», «Мамчына сіла», «Дажджавая нітка лёсу мамы», «Што за восень доўгая...», «Як за дажджамі частымі-рабымі...», «Песня», «Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён...», «Мама падрэзала косы», «Ля ложка хворай маці» і інш.
Марыю Андрэеўну, маці паэткі, напаткаў у многім тыповы лёс палескай жанчыны-працаўніцы.
Яна да стомы працавала ў калгасе, цягнула ўласную гаспадарку, умела рабіць любую справу не горш за мужчын. З ранку да ночы яе круціў вір штодзённых клопатаў.
Паэтка спагадала матчынай нялёгкай долі, імкнулася глыбока адчуць боль роднаснага сэрца: «...Але на мне свінцовай мукай // Адбіўся твой пакутны лёс» («Ты косіш сена, возіш дровы»); «Ты на ложку ляжыш, // А здаецца, што ў сонечным полі! // Мама! // Так ніколі твая не балела мне доля» («Ля ложка хворай маці»).
Вядучы 2. У вершах яна выказвае любоў і ўдзячнасць маці за чуласць, узаемаразуменне, трывогі і хваляванні. Яе слова — самае пяшчотнае і гаючае, яе слых — самы чуйны:
Прыеду. Кветка чакання ў акне
Міргае-цвіце ў адзіноце.
А вершы баюся чытаць, каб мяне
На глухой не злавіла ноце
Мама — мая паэтэса.
«Мама»

Яўгенія Янішчыц вельмі журылася па бацьку, які заўчасна пайшоў з жыцця. Яму прысвечаны шэраг вершаў: «Хата», «Ясельда», «Імя па бацьку», «Тата», «Бацькава музыка», «Бацькавы дровы», «Бацькава дарога» і інш.
Вядучы 1. У жаночай існасці Яўгеніі Іосіфаўны быў закладзены глыбінны гуманістычны пачатак: дабрыня, чуласць, шкадаванне, міласэрнасць, спагада... Непадробнай мацярынскай трывогай адгукнулася сэрца паэткі, калі тая пабачыла юнакоў-навабранцаў у цырульні. (У Афганістане тады гінулі маладыя бязвусыя беларускія хлопцы.) «Смех... безаглядна-малады» спарадзіў словы засцярогі-просьбы:
...Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі,
Дай Бог сустрэць мне вас праз два гады!
Шчаслівае дарогі вам і пошты,
Хай вас цяпло радзімы саграе.
Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй.
Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае.
Пра «Верш, напісаны ў цырульні» крытык Дзмітрый Бугаёў піша: «Чытаючы такія радкі, дзівішся, як многа можа ўмясціць у сябе паэтычнае слова, калі яно выспела ў чулай і спагадлівай душы таленавітага майстра...».
Вядучы 2. Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я. Янішчыц. У ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы.
Гэта і зразумела: жанчына заўсёды застаецца жанчынай, яна не можа жыць без кахання. Пра сябе паэтка сказала: «Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой // Перш-наперш, я толькі жанчына» («Сухі і маланкай апалены ствол...»).
Вядучы 1.
Я дыханнем цябе абаўю,
Зберажы гэты промень, і лета,
I жаноцкую рэўнасць маю,
За якой чысціня на паўсвета.
Я не кінуся шчасця шукаць,
На самоце галубіць патоля.
Буду мудра і светла маўчаць,
Як бярозка між чыстага поля.
Вядучы 2.
Люблю...
Хоць асудзіце строга,
Хачу толькі так я любіць,
Калі і не ўспомніць нічога,
I нельга нічога забыць.

Выяўленне душэўнага стану гераіні, яе сямейнай неўладкаванасці адбіліся ў паэме «Акно ў дождж».
Вядучы 1. Маладая гераіня Я. Янішчыц была ў палоне летуценняў, мрояў, усёй існасцю трапяткога сэрца яна прагнула пяшчоты, цеплыні, святла. Яна даверліва, усхвалявана выказвала словы любові і кахання, ёй жадалася, каб чалавечае жыццё было напоўнена гэтымі цудоўнымі пачуццямі.
Афарызмамі сталі мастацкія радкі з верша «Ты пакліч мяне. Пазаві..», у якіх з аптымізмам сцвярджаецца: «Пачынаецца усё з любві — // Нават самая простая ява» і інш. Пазней у паэме «Прызнанне вачамі» як апраўданне прагучала: «Кахаю я — і ў тым мая віна».
Вядучы 2. У артыкуле «Выпрабаванне любоўю» Р. Семашкевіч пісаў пра любоўную лірыку Я. Янішчыц: «Гэта паэзія менш за ўсё «дамская», чытаць яе так, між іншым, нельга. Галоўная яе вартасць — у драматызме... Характар лірычнай гераіні, створаны на гэтай аснове, пераканальны шматграннасцю пачуццяў, перажыванняў — ці то гаворка ідзе пра нераздзеленае каханне, ці то пра ўрачыстасць яго. Адчай і трывога, радасць і смутак з'яднаны высокім напалам пачуццяў». Паэтка напісала нямала спавядальных элегій, вершаў-роздумаў, з якіх перад намі паўстае маркотная і зажураная жанчына, якая глыбока перажывае страту кахання, сямейную неўладкаванасць.
Чаму «белы цвет асыпаўся дачасна» і раніць «балючае дасвецце» ў садзе кахання? За што пасланы пакуты? На гэтыя і іншыя пытанні аўтарка зноў і зноў шукае адказ:
Свет для шчасця не заслонены,
Ды скупы, як і здавён.
Чую сэрцам: забаронены
Мне твой радасны палон.
«І сямейнай картай бітая... »

Вядучы 1. Пісьменніца А. Васілевіч так разважае пра асабістую драму Я. Янішчыц: «Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая... Ёй цяжэй непараўнальна! I адзінае выратаванне ў яе — вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі». Разышліся шляхі-дарогі Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, таксама паэта, неардынарнага чалавека, распаўся іх сямейны саюз. Горкі сум, адзіноцтва, непрыхаваны боль і туга прадвызначалі і танальнасць шматлікіх вершаваных радкоў. Цяжка было пазбыцца гэтага ўнутранага разладу і няўтульнага пачування ў жыцці:
За тое, што разбурана душа
Сягоння ў ноч нягаданаю весткай
Каторы раз! — і зноўку, як спярша,
Пішу табе сваёй балеснай песняй.
«За тое, што разбурана душа...»

Вядучы 2. Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што Я. Янішчыц ўвайшла ў беларускую паэзію проста і свабодна, яе паэтычны дар немагчыма было не заўважыць. Тонкая, лірычная, глыбокая, ранімая і гордая, пра яе талент з вялікай павагай і любоўю казалі Іван Мележ, Максім Танк, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Алег Лойка, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Дзмітрый Бугаёў, Уладзімір Гніламёдаў і многія іншыя вядомыя літаратары.
Па словах Васіля Быкава, "Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтак Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая". Яе кнігі сталі сапраўдным гонарам нацыянальнай літаратуры, яе талент і заслугі былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (за кнігу "Пара любові і жалю").
Вядучы 1. «Палеская ластаўка», «Палесся мілае дзіця», «палеская летуценніца» — так назвалі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна, «непрыручаная птушка», заўчасна паляцела ў вечны вырай: зямное жыццё паэткі трагічна абарвалася 25 лістапада 1988 г.
А нам засталася яе творчая спадчына, сабраная ў кнігах «У шуме жытняга святла» (1988), «Выбранае» (2000), «Пачынаецца ўсё з любві...» (2008).
Вядучы 2. «Палеская ластаўка» нібы прадчувала свой заўчасны вырай: «Я ўжо сама, як госць, // На шлях гляджу сурова»; «...Як птушку у блакіце // Мяне застане гром»; «А будзе што не так — малю: // Скруціце стомленае крылле // I кіньце ў родную раллю»; «А будзе сын і сонца //
І між іх — зямлёю буду я...».
Незадоўга да сваёй трагічнай смерці паэтка паехала на радзіму, абышла ўсю радню і любыя сэрцу мясціны... Яўгенія Янішчыц знайшла вечны прытулак на Усходніх могілках у Мінску, што па Маскоўскай шашы. Яна, тонкая паэтычная натура, не вытрымала тое, што балюча раніла яе душу.
Вядучы 1. Яўгенія Янішчыц пакінула нам шчырыя словы запавету: «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом»; «...Пачынаецца ўсё з любві, // А інакш і жыць немагчыма». Яе паэтычная філасофія жыцця заснавана на спавяданні выратавальнай моцы любові і чалавечнасці.
“Летуценніца на скразняках эпохі”, “самая яркая беларуская паэтэса”, “непрыручаная птушка Палесся”, - такой засталася яна для тых, хто ведаў яе пры жыцці, і для тых, хто пазнаёміўся з яе творчасцю праз яе кнігі.
Вядучы 2. Трагічная смерць Яўгеніі Іосіфаўны па сённяшні дзень выклікае шмат пытанняў. Ёсць розныя версіі падзей 25 лістапада 1988 года, якія адбыліся ў Мінску ў нядаўна атрыманай трохпакаёвай кватэры на вуліцы Старажоўскай.

Няшчасны выпадак. Лічаць, што трагедыя здарылася з-за неасцярожнасці. Маўляў Яўгенія Іосіфаўна вешала ў той дзень памытую бялізну на балконе і аступіўшыся, выпадкова сарвалася.

Вядучы 1. Працяглая дэпрэсія. Шмат тых, хто мае дачыненне да вывучэння жыцця і дзейнасці паэтэсы, мяркуе, што адбыўся псіхалагічны надрыў. Сапраўды Янішчыц сама казала пра бытавыя цяжкасці, праблемы ў асабістым жыцці. З мужам разыйшліся, адная выхоўвала сына, жудасная аварыя пад Магілёвам, смерць бацькі… Досыць прыкры ланцуг, а тым больш для людзей творчых. Можа гэта плата за талент? Нехта з сучаснікаў Янішчыц сцвярджае, што яна мела думкі пра самагубства.
Вядучы 2. Забойства. Гэтая версія мае два бакі. Па-першае: знаходзячыся ў замежжы Яўгенія Іосіфаўна займела кантакты з беларускай палітычнай эміграцыяй, прадстаўнікамі беларускага ўраду ў выгнанні, што вельмі занепакоіла кампетэнтныя органы. Па-другое: канкурэнцыя альбо чорная зайздрасць у Саюзе пісьменнікаў СССР, нібы Яўгенію Янішчыц бачылі ў кіраўніцтве ўзгаданай арганізацыі. Тады такія структуры мелі значны ўплыў: ад “выбіцця” кватэр да аўтамабіляў.
Вядучы 1. Канечне, наўрад ці ў 1988 годзе спецслужбы пайшлі б на палітычнае забойства, час хутка зменьваўся. З-за пасады ў агульнасавецкай арганізацыі пісьменнікаў СССР? Таксама мала верагодна. Хутчэй за ўсё меў месца комплекс праблем. Бясспрэчна, што, акрамя асабістых цяжкасцяў былі і зайздрасць, плёткі, розны бруд.
Што б ні здарылася 25 лістапада 1988 года, гэта чорны дзень для беларускай справы.
Вядучы 2. Яўгенія Янішчыц абірался дэпутатам раённага Савета Савецкага раёна г.Мінска, членам праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1981 годзе прымала ўдзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1986год – за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю»), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978 год – за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы»).
Вядучы 1. Паэзія Я.Янішчыц перакладалася на многія мовы свету: англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, нямецкую, францускую, рускую і іншыя мовы. У 1985 годзе выйшла яе кніга вершаў у перакладзе на рускую мову Рымай Казаковай – «Спроси у чебреца».
Звярталася Яўгенія Іосіфаўна і да прозы, напісала некалькі апавяданняў, у якіх выведзены яскравыя народныя тыпы.
Даволі плённа працавала паэтэса ў галіне мастацкага перакладу, узнаўляючы па-беларску вершы рускіх і украінскіх паэтаў.
Вядучы 2. Што застаецца ў памяць пра паэта? Чалавецтву – вершы, а той яго частцы, якая не можа адасобіць творы ад самога майстра, - чарнавікі, паперы, аўтографы. І тым больш яны каштоўныя ў вачах знаўцаў і шчырых аматараў, чым глыбей дазваляюць зазірнуць ў творчае станаўленне паэта.
Вядучы 1. З мэтай ушанавання памяці «палескай кнігаўкі» у сакавіку 1998 года было вырашана надаць яе імя Пінскай раённай цэнтральнай бібліятэцы. У горадзе Пінску імем Яўгеніі Янішчыц названа вуліца ў новым мікрараёне.
Кожны год да дня нараджэння паэткі ва ўстановах культуры афармляюцца выставы літаратуры і артыкулаў, праводзяцца сустрэчы пісьменнікаў і паэтаў, у школах – літаратурныя часы, прысвечаныя творчасці Я.Янішчыц.
Вядучы 2. Далёка не кожны творца пры жыцці можа здабыць аўтарытэт, атрымаць прызнанне. Паэтычны лёс Яўгеніі Янішчыц ёй усміхнуўся. На літаратурным небасхіле ўжо дзесяцігоддзі гарыць зорка Яўгеніі Іосіфаўны.
Зіхоткае святло гэтай зоркі не паблякла, не згасла. Мінаюць гады і спадчына “Палескай ластаўкі” ўсё больш прыцягвае аматараў літаратуры, набывае новае гучанне. Літаратурная зорка ззяе…
Вядучы 1. Паважаныя сябры, на гэтым наша мерапрыемства падышло да завяршэння. Дзякуй вам за ўвагу. Да новых сустрэч!