сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старшы выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа 6.2003

Па гарадах Беларусі

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Задачы: выхоўваць пачуццё любові да родных мясцін, гордасць за сваю Айчыну.
Падрыхтоўчая работа. Вучні разам з бацькамі шукаюць матэрыялы аб гарадах Беларусі, паданні аб іх назвах.
Прыкладныя этапы вандроўкі:

Першы этап.

 "Рэбусны прыпынак". Настаўнік прапануе дзецям адправіцца ў вандроўку па гарадах краіны. Першы прыпынак — "Рэбусы".
На дошцы вісіць карта Беларусі. Педагог паказвае карткі з зашыфраванымі назвамі гарадоў (Мінск, Брэст, Бяроза і інш.). Вучні вызначаюць, назва якога горада зашыфравана на картцы, паказваюць гэты горад на карце, адказваюць на пытанні: што вы ведаеце аб горадзе? Гэта абласны ці раённы цэнтр, як называюць яго жыхароў? Якія гістарычныя помнікі знаходзяцца там? Ці былі вы ў гэтым горадзе? Што бачылі?

Другі этап.

"Брэстчына". На прыпынку пад назвай "Брэстчына" дзеці расказваюць пра Брэст і Брэстчыну.
Настаўнік абагульняе звесткі школьнікаў: Брэстчына з'яўляецца адной з найцікавейшых мясцін Беларусі. Займаючы 15,6 % плошчы Рэспублікі Беларусь, Брэстчына ўвабрала ўсе асноўныя прыродныя характарыстыкі нашай краіны. Яе можна назваць краем азёр, шумлівых рэк, бясконцых лясоў.
Аб паходжанні назвы горада ў сярэдзіне мінулага стагоддзя этнограф П. М. Шпілеўскі запісаў легенду, паводле якой купец, прабіраючыся з абозам цераз балота, вымасціў дарогу бярозавай карой. Вяртаючыся назад, ён пабудаваў капліцу, ля якой вырас горад, што і атрымаў назву ад бярозавай кары — Бярэсце. Ёсць меркаванні аб паходжанні назвы горада і ад назвы дрэва — бераст, і ад імя асабовага — Бераст. Апошняй версіі прытрымліваўся і паэт М. Рудкоўскі, калі пісаў "Берасцейскую быліну".
Старадаўняя Брэстчына — заходнія вароты краіны, легендарная зямля крэпасці-героя...
А колькі славутых імён, якія ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай і сусветнай культуры, свята шануе яна! Тут жылі і працавалі Т. Касцюшка, А. Грыбаедаў, П. Чаадаеў, В. Кюхельбекер, К. Каліноўскі, А. Блок, Я. Колас, К. Лышчынскі і інш.
На Брэстчыне нарадзіліся польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч і кіраўнік нацыянальна-вызваленчага руху 1794 года Тадэвуш Касцюшка.

Трэці этап.

 "Віктарына". На трэцім прыпынку вучням прапануецца назваць:

  1. Горад Беларусі, які носіць жаночае імя. (Ліда.)
  2. Горад, у якім схавалася слова "слон". (Слонім.)
  3. Горад, які першым прыняў бой у гады    Вялікай    Айчыннай    вайны. (Брэст.)
  4. Горад, які мае пушыстае імя. (Пухавічы.)
  5. Горад, назва якога звязана з назвай пушнога звярка, які водзіцца ў  Беларусі. (Бабруйск.)
  6. Горад, які мае мужчынскае імя. (Барысаў.)
  7. Гарады, назвы якіх адрозніваюцца толькі адной літарай.  (Мінск, Пінск.)
  8. Адзін з самых старажытных га­радоў рэспублікі. (Полацк.)
  9. Горад, у гонар якога Сімяон Полацкі ўзяў сабе прозвішча. (Полацк.Там ён нарадзіўся.)
  10. Старажытны горад, у якім на­радзіўся Ф. Скарына. (Полацк.)
  11. Сталіцу Рэспублікі Беларусь.(Мінск.)

Чацвёрты этап.

 "На крылах фантазіі". Для выканання заданняў на прыпынку "На крылах фантазіі" клас дзеліцца на каманды. За 10 хвілін кожная каманда павінна падрыхтаваць эмблему горада Мінска, расказаць аб сталіцы Рэспублікі Беларусь. Наладжваецца абарона, адзначаюцца лепшыя працы.

Пяты этап.

 "Ты—мне, я—табе". Каманды абменьваюцца ўражаннямі аб вандроўцы і задаюць адна адной пытанні аб гарадах рэспублікі. Напрыклад: назвы якіх населеных пунктаў пачынаюцца з літары "С"? (Смаргонь, Слуцк, Слонім, Салігорск і г. д.)  

Парады арганізатарам:

  1. Пажадана звярнуць увагу дзяцей на тыя гарады, якія з'яўляюцца малой радзімай знакамітых людзей Беларусі ці звязаны з гістарычнымі падзеямі.
  2. Пры падрыхтоўцы да падарожжа карыстайцеся падручнікамі, даведнікамі. Рэкамендуйце дзецям канкрэтны матэрыял.
  3. Запрасіце да ўдзелу ў падарожжы бацькоў, асабліва тых, якія могуць расказаць нешта цікавае пра Беларусь.