сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна ЖУКЕВІЧ, музычны кіраўнік дзіцячага сада "Каласок " г. п. Лельчыцы Гомельскай вобласці. Пралеска Сакавік 1997 г.

Мы вясну гукаем, вясну сустракаем.

Сцэнарый свята для дзяцей сярэдняй групы

Зала прыбрана пад сялянскую хату. У залу заходзяць дзеці, становяцца ў карагод. Гаспадары свята— цётка Лявоніха і дзядзька Лявон.

Дзеці. Добры дзень! У хату мы да вас прыйшлі. Ці чакаеце вы нас?
Лявоніха.
Добры дзень усім вам, госці,
Дзякуем, што прыйшлі ў госці.
Рады бачыць вас у хаце,
Караваем частаваці.
Лявон. А сабраліся мы, каб гукаць у наш край вясну-красну. Вясной абуджаецца прырода, прылятаюць птушкі. Вясна займае асаблівае месца ў працоўным календары сялян.
Дзеці (спяваюць).
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
А зімачку забярыце,
Бо з’шачка надаела,
Увесь хлеб наела.

Вясну красную прынясіце,
Ночку цёмную праганіце.
Ночку цёмную праганіце,
Светлым сонетам засвяціце.

..Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце,
А зімачку забярыце,
Бо зімачка надаела,
Увесь хлеб паела.

Дзеці садзяцца, а на сярэдзіну залы "вылятаюць птушкі"—пачынаецца інсцэніроўка пацешкі "Ладачкі-ладушкі".
1. Ладачкі-ладушкі,
Прыляцелі птушкі.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.

Дзеці, апранутыя у птушак, "ляцяць " па кругу, спыняюцца, ківаюць галовамі.
2. Боты паскідалі,
Кругам паляталі.
Сталі сакатаці,
Каб ім есці даці.

Тупаюць нагамі, перакручваюцца, робяць махі рукамі ў бакі.
3. Прынясу ім жыта,
Будуць птушкі сыты.
Ды насыплю грэчкі,
Хай нясуць яечкі.


З’яўляецца дзяўчынка, якая левую руку трымае так, як быццам у руцэ сіта, а правай рукой бярэ зярняткі і кладзе на далоні "птушак ".
"Птушкі", крыху нахіліўшы тулава, пальцам правай рукі стукаюць па далоні левай, як бы дзяўбуць зярняты.


Лявоніха. Малайцы, дзеці! I сапраўды, у даўнія часы людзі ўслаўлялі птушак—вестуноў вясны. Гаспадыні ў гэты час выпякалі з цеста "жаваранкаў" і іншых птушак.
Лявон. А цяпер, дзеткі, мы будзем вясну клікаць, як у даўнія часы. Дзяўчаты збіраліся гуртам, ішлі ў канец вёскі, адтуль пачынаўся абход усіх двароў. Падыдуць дзяўчаты пад акно і пытаюцца:
—Ці трэба вам вясна-красна?
Лявоніха. Трэба, трэба.
Лявон. Ці дазволіце вясну гукаць, вясну заспяваць?
Лявоніха. Спявайце, калі ласка, спявайце.

Дзеці ўтвараюць карагод, спяваюць.
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, ай, люлі,
Люленькі, люлі.
Сонца, сонца, выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку, дам табе гарошку.
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, ай, люлі,
Люленькі, люлі.

Дзеці спыняюцца і выказваюць свае пажаданні гаспадарам.

1-е дзіця. Вам шчасця і хлеба уволю!
2-е дзіця. Каб не хварэлі і ўвесь хлеб паелі!
3-е дзіця. Каб вырас у вас кала¬сок з піражок.
4-е дзіця. Гаспадарам жадаем жыці-быці, сто бочак жыта намалаціці.

Дзеці садзяцца.

Лявон і Лявоніха. Дзякуй вам, мае любыя, дзякуй вам, мае прыгожыя, за такія шчырыя пажаданні.
Лявоніха. I слухайце, дзеці, што далей было на свеце. Збіраліся дзяўчаты на ўзгорках за вёскай і спяваді песні да позняй ночы. Часам спявалі па чарзе, пачнуць у адным канцы вёскі, а ў другім працягваюць. А потым...

У залу ўваходзіць Вясна.

Вясна. Дзень добры вам, хлопчыкі і дзяўчынкі! Дзень добры, гаспадары і госці!
Я прыйшла на ваша свята і многа хараства прынесла. I перадам яго таму, хто захоўвае ў сваёй памяці мудрасць народную.

Пачынае гаварыць пачатак прымавак, а дзеці—канец.
—Калі ў сакавіку вада цячэ, у красавіку трава... (не расце).
—Травень халодны—год... (хлебародны).
—Калі ў чаромхі многа цвету— лета будзе... (мокрым).
—Птушкі ўюць гнёзды на сонечным баку—лета будзе... (халодным).

Потым дзеці ўтвараюць карагод "Вясна-красна, адкуль прыйшла ".
Калі праспяваюць гэты карагод, Вясна дорыць дзяўчынкам вяночкі, і свята працягваецца карагодам “Вяночак".


Вясна. Добра, дзеці. А цяпер давайце пагуляем. Толькі ў якую гульню будзем гуляць?
Дзеці. У гульню "Грушка"!
Вясна. Цікавая гульня, давайце гуляць.

Праводзіцца гульня "Грушка ".

Вясна. А яшчэ, любыя мае дзеткі, вясна славіцца і тым, што гэта пара палявых работ. Праўду кажуць: "Што вясной пасееш, тое ўвосень збярэш".
Лявон. Пра гэта таксама ведаюць дзеці.
Лявоніха. Таму падрыхтавалі карагод "Лянок".

Дзеці выконваюць карагод "Лянок".

Лявон. А каб ты, Вясна, стала яшчэ цяплейшай ды ласкавейшай, нашы дзеці-музыкі падрыхтавалі табе свой падарунак.
1-е дзіця.
Вось яны, мае цымбалы,
Струн вясёлы перазвон,
Як зайгралі, заспявалі
Дзілі-дзілі, дзілі-дон.
2-е дзіця.
Весялей, сябры, іграйце,
Праганяйце з хаты сон.
I ляноту праганяйце.
Дзілі-дзілі, дзілі-дон.

Іграе дзіцячы аркестр народных інструментаў.

Лявоніха. А якое ж свята без танца?

Дзеці выконваюць народны танец.

Вясна. Вось і надышоў час развітвацца з вамі. Дзякуй вам, гаспадары, мне пара ісці будзіць пушчы, бары, палі, азёры.

Раздае дзецям пачастункі і выходзіць.

Лявон. Да сустрэчы ў наступным годзе, Вясна!
Лявоніха. Дзякуй і вам, дзеці, што сустракалі з намі надыход вясны.

Дзеці развітваюцца з гаспадарамі і выходзяць з залы.



Яшчэ на гэту тэму:

Вясна-красна, завітай да нас!     Гуканне вясны