сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. М. ГАЛУШКА, настаўніца вышэйшай катэгорыі гімназіі № 1 г. Барысава. Беларуская мова і літаратура 3/2018

«Свяці, кахання чыстая зара...»

Пазакласнае мерапрыемства для вучняў VIII—XI класаў

Мэта: фарміраваць у вучняў высокамаральныя ўяўленні пра каханне, пра ўзаемаадносіны паміж юнакамі і дзяўчатамі; спрыяць выхаванню мастацкага густу, садзейнічаць павышэнню цікавасці да роднай мовы і літаратуры.

Эпіграфы:
Каханне — наша другое нараджэнне (Анарэ дэ Бальзак).
Уся паэзія — ад кахання (Уладзімір Караткевіч)

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Нашу літаратурную вечарыну мы праводзім напярэдадні жаночага свята, і таму прысвячаем яго самаму прыгожаму, загадкаваму і таямнічаму пачуццю — каханню.
Другі вядучы. А пачнём нашу сустрэчу з паэтычных радкоў Анатоля Грачанікава:
Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці — пачуццяў сэрцаў не азмрочвай —
Над доляй плугара і песняра
I над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара
З'яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма — ёсць толькі існаванне.

Першы вядучы. А што ж такое каханне?
Другі вядучы. У тлумачальным слоўніку напісана: «Каханне — вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы».
Першы вядучы. Здаецца, усё проста. А чаму тэма кахання ў літаратуры — вечная?
Другі вядучы. Сапраўды, раманы, аповесці, апавяданні, вершы і песні пішуцца, складаюцца пра каханне. Давайце паслухаем сусветна вядомую прытчу амерыканскага паэта, драматурга, сцэнарыста, кампазітара і спевака Шэла Сільверстайна «Шчодрае дрэва».
Першы чытальнік. Жыла-была яблынька. Яна любіла маленькага хлопчыка.
Другі чытальнік. Кожную раніцу ён прыходзіў да яе, гайдаўся на яе галінах і ласаваўся яе яблыкамі.
Першы чытальнік. I яблыня была шчаслівая. Час ішоў. Хлопчык усё радзей з’яўляўся, і яблыня засумавала.
Другі чытальнік. Але аднойчы ён з’явіўся, і яблыня захвалявалася ад радасці:
— Мілы хлопчык! Хутчэй узбірайся, я пагайдаю цябе! Пачастую сваімі яблыкамі!
Першы чытальнік. Аднак хлопчык пакруціў галавою і сказаў:
— Ведаеш, гэта не зробіць мяне шчаслівым. У мяне зусім няма грошай, мяне не кахаюць дзяўчаты. Я бедны і няшчасны.
Другі чытальнік. Тады яблынька прапанавала: «Збяры мае яблычкі, прадай — і ў цябе будуць грошы і дзяўчаты. I ты будзеш шчаслівы».
Першы чытальнік. Хлопчык так і зрабіў. Ён сабраў усе яблыкі і пайшоў.
Другі чытальнік. I яблыня была шчаслівая.
Першы чытальнік. Хлопчыка зноў не было доўга-доўга. Калі ж ён усё ж такі прыйшоў, яблыня затрапятала і прапанавала зноў пагушкацца на голлі.
Другі чытальнік. Хлопчык адказаў ёй з пагардай:
— Я ўжо зусім дарослы, каб скакаць па тваім голлі. У мяне столькі праблем! Я хачу жаніцца, але ў мяне няма хаты! Каб было куды прывесці жонку — вось тады быў бы я шчаслівы!
Першы чытальнік. I яблыня адказала:
— Ссячы мае галіны і пабудуй хату. I будзеш шчаслівы.
Другі чытальнік. Хлопчык так і зрабіў. Ён ссек усё голле і пайшоў.
Першы чытальнік. I яблыня была шчаслівая, хоць ад яе застаўся адзін толькі ствол.
Другі чытальнік. Пасля гэтага яны не бачыліся цэлую вечнасць. Шмат год чакала яблынька свайго хлопчыка.
Першы чытальнік. I аднойчы ён сапраўды прыйшоў.
Другі чытальнік. Ён выглядаў стомлена, пастарэў, валасы яго парадзелі, фігура расплылася.
Першы чытальнік. Але яблыня з незвычайнай радасцю сустрэла яго.
— Мілы хлопчык! У мяне няма больш яблыкаў, каб пачаставаць цябе, няма галінак, каб пагушкаць цябе. Можа, ты хочаш у цяністае месца? Сваім ствалом я захіну цябе ад сонца.
Другі чытальнік. — Мілая яблыня, — сказаў хлопчык, — мяне ўжо нічога не радуе на гэтай зямлі. Усё, чаго я хачу, дык гэта схавацца куды-небудзь ад усіх, але не ведаю як.
Першы чытальнік. Яблыня на хвіліну задумалася, а потым сказала:
— 3 майго ствала атрымаецца цудоўная лодка...
Другі чытальнік. Хлопчык паслухаўся і зрабіў лодку.
Першы чытальнік. I яблыня была шчаслівая. Але не зусім.
Другі чытальнік. Ішлі гады. Пянёк, якім стала яблыня, старэў і старэў. Глыбокія трэшчыны парэзалі яго. Яблыня ўжо не верыла, што калі-небудзь зможа ўбачыць свайго хлопчыка.
Першы чытальнік. Але аднойчы ён прыйшоў да яе. Ён цяжка абапіраўся на кіёк, рукі яго не слухаліся, рэдкія валасы сталі зусім сівыя.
Другі чытальнік. Яблыня тужліва сказала яму:
— Мілы мой хлопчык! Я больш нічым не магу падзяліцца з табою.
Першы чытальнік. А хлопчык адказаў:
— Мілая яблыня! У мяне няма зубоў, каб есці яблыкі, рукі мае слабыя, каб гойдацца на тваіх галінках. Я стаў старым і нямоглым, і ўсё, што я шукаю, — гэта ціхае і ўтульнае месца, каб адпачыць.
Другі чытальнік.
— Ну што ж, — сказаў стары пянёк, — сядай на мяне. I будзеш шчаслівы.
Першы чытальнік. Хлопчык так і зрабіў. Ён сеў на пянёк. I быў шчаслівы.
Другі чытальнік. I яблыня была шчаслівая.
Першы вядучы. Каханне — гэта дар бескарысліва аддаваць сябе, рабіць шчаслівым іншага чалавека.
Другі вядучы. Гэтае найчысцейшае пачуццё нібы ўздымае чалавека над сабой, дапамагае яму праявіць свае самыя лепшыя якасці і здольнасці.
Першы вядучы. Закаханыя мастакі стваралі свае найлепшыя палотны, кампазітары — незвычайнай прыгажосці мелодыі, а паэты — самыя ўзнёслыя радкі.
Другі вядучы. Так, так, самая светлая мелодыя, самая старажытная песня, самая пранікнёная малітва былі створаны чалавекам, які кахаў.
Каханне стварае паэтаў
I нараджае жыццё...
Гавораць, ніколі не купіш
Цудоўнае ты пачуццё!
Гавораць, яно акрыляе,
Гавораць, яно назаўжды,
Гавораць, што кожны спазнае
Яго хоць аднойчы ў жыцці!..
(Сяргей Давідовіч).

Гучыць песня «Рэчанька» (сл. У. Пецюкевіча, муз. П. Яроменкі).

Першы вядучы. Кажуць, што ля вытокаў сапраўднай паэзіі заўсёды стаіць вялікае ўзрушэнне, непадзеленае каханне. Такое каханне было і ў геніяльнага паэта Адама Міцкевіча. Яно перавярнула ўсё яго жыццё, уцягнула ў магутны вір глыбокіх перажыванняў.
Другі вядучы. Марыля была для Адама тым, чым Беатрычэ — для Дантэ, Лаура — для Петраркі, Наталі — для Пушкіна — марай аб шчасці, прыгажосці і дасканаласці.

Інсцэніроўка

Тамаш Зан. Міхал, Юзаф! Паглядзіце, каго я да вас прывёз!
Выходзяць Міхал і Юзаф. Вітаюцца з Тамашом і Адамам. З'яўляецца Марыля.
Мiхал. Адам, пазнаёмся: гэта мая сястра Марыля.
Марыля. Вельмі прыемна! Міхал многа гаварыў пра вас. Нават чытаў вашы вершы.
Адам. Вы любіце чытаць?
Марыля. O, так!
Юзаф. Наша Марыля прачытала ўжо Вальтэра, Русо, Гётэ...
Міхал. Яна яшчэ добра іграе на фартэпіяна, спявае і ведае французскую мову.
Адам. Я бачу, з вамі мне будзе зусім не сумна.
Усе ідуць за кулісы, На сцэне Адам і Марыля.
Яны гуляюць у парку.

Адам. Які прыгожы, ціхі, утульны ваш парк!
Марыля. А хочаце, я пакажу вам сваю любімую ліпавую альтанку?
Адам. Безумоўна.
Марыля. А вы ведаеце, што непадалёку ад нас — Свіцязь, чароўнае возера. Вы чулі легенды пра яго?
Адам. Яшчэ не. Можа, раскажаце?
Марыля. 3 задавальненнем! Я вельмі люблю гэтыя гісторыі. А чула іх ад мясцовых рыбакоў. I пра русалак, і пра затоплены горад...
Маці (кліча). Марыля!
Марыля. Іду, матуля!
Маці. Дзе ты была, дачка?
Марыля. Гуляла ў парку з Адамам. Мамачка! Ён такі адукаваны, таленавіты, уважлівы! Якая я была б шчаслівая з такім чалавекам.
Маці. Не, не і яшчэ раз не! Ён — бедны студэнт, вучыцца за казённы кошт. А ты — дачка заможнага шляхціца! Ці ты забылася, што заручана з графам Путкамерам? Кажу табе — не будзе гэтага.
Сыходзяць са сцэны.

Першы вядучы. Адам не чуў гэтых слоў. Ён адчуваў, як усё больш і больш прываблівае яго гэтая мілая і непасрэдная дзяўчына, як хочацца слухаць яе голас, яе смех... Але трэба ехаць.
Другі вядучы. ...I вось як гром сярод яснага неба вестка: Марыля пайшла замуж за свайго нарачонага — графа Ваўжынца Путкамера.

Працяг інсцэніроўкі

На сцэне зноў Адам і Марыля. Яны выходзяць з розных бакоў, становяцца на нейкай адлегласці адно ад аднаго і перачытваюць свае пісьмы.
Адам (на фоне музыкі). Любая Марыля! Я цябе шаную і кахаю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго аб'ект... Ты мой анёл-ахоўнік усюды і заўсёды. Але я не магу стрымацца ад страшнага хвалявання, калі падумаю, што я страціў цябе назаўсёды, што буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне. Часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця і забылася на мяне, і адначасна гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной! Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім.
Марыля (на фоне музыкі). Забудзь гэтае каханне, якое стала тваім няшчасцем! Ты пакутуеш! Ты нешчаслівы, ты не звяртаеш на сябе ўвагі! Скажы мне, што выклікае твае пакуты, які сродак табе неабходны? Забудзь мяне, мой друг, калі гэта трэба для твайго шчасця і спакою. Калі б для твайго шчасця трэба было толькі маё каханне, ты быў бы нават вельмі шчаслівы. Аднак не! Замест таго, каб хоць што-небудзь зрабіць для твайго шчасця, гэта я, адна я прычыняю табе столькі пакут. Ты не можаш сабе ўявіць, як гняце мяне гэтая думка. Будзь разважлівы, Адаме, не пагарджай сваім талентам. Забудзься на гэтае каханне.

Першы вядучы. Пройдзе сто гадоў — а вобразы дваіх закаханых застануцца ў туганавіцкім парку. Пройдзе дзвесце гадоў — і белая сукенка Марылі быццам бы зноў мільгане сярод цёмных дрэў. Хто гэта быў «між чорных галінак у белым адзенні»?..
Гучыць беларуская народная песня «А ў полі вярба».
Другі вядучы. Музаю для Максіма Багдановіча стала Ганна Рафаілаўна Какуева — «цёмнавалосая панна», як пяшчотна называў яе паэт.
Першы вядучы. Менавіта Ганне прысвяціў М. Багдановіч паэтычны цыкл «Мадонны» (творы «Вераніка» і «У вёсцы»), верш «Учора шчасце толькі глянула нясмела...».
Другі вядучы. Каханнем да Ані навеяны радкі раманса («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»). Іх жыццёвыя сцежкі разышліся, а геніяльны твор і сёння кранае нашы сэрцы.
Гучыць «Раманс» (сл. М. Багдановіча, муз. С. Рака-Міхайлоўскага). Выкананне суправаджаецца паказам прэзентацыі.

Першы вядучы. Дзве дарогі, дзве стромкія пуцявіны ў свеце — Яе ды Яго. Дзе, па якіх мудрых таемных законах ім суджана сустрэцца, каб сплесціся ў вянок лёсу, сям’і, роду? Нікому таго ўведаць наперад не дадзена.
Другі вядучы. Але аднойчы гэтая сустрэча надараецца. I вяршыцца дзея Божая, касмічная: вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, даланя да чуйнай далані. Вяршыцца найвышэйшая еднасць пад нябёсамі — на імклівай нашай Зямлі.
Першы вядучы. У 1908 годзе ў Вільні адбылося знаёмства Янкі Купалы з Уладзіславай Станкевіч, якое паклала пачатак іхняму сяброўству. Маладых людзей аб’ядноўвалі агульныя мэты, ідэалы, агульная дарога барацьбы за справядлівасць, за лепшую долю Беларусі, за родную мову і культуру.
Другі вядучы. Хутка сімпатыі перараслі ў светлае пачуццё кахання. 23 студзеня 1916 года Янка і Уладка сталі мужам і жонкай. 3 гэтага часу яны застаюцца неразлучнымі сябрамі на ўсё жыццё. «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...» — так звяртаўся паэт да сваёй каханай.
Гучыць песня «Пах чабаровы» (сл. К. Кірэенкі, муз. У. Будніка).
Першы вядучы. Уладзіслава Францаўна была вернай спадарожніцай, чулым сябрам, добрым геніем, што аберагаў паэта.
Другі вядучы. Пасля смерці паэта жонка стала стваральніцай, першым дырэктарам музея Купалы, яна складала зборнікі матэрыялаў пра яго жыццё і творчасць.
Першы вядучы. Можна многа яшчэ прыводзіць гісторый кахання вядомых і славутых людзей. I кожны раз гэтыя гісторыі будуць пацвярджаць думку пра тое, што якое б ні было каханне, яно заўсёды — шчасце.
Другі вядучы. А якое яшчэ бывае каханне?
Першы вядучы. Я разгарнуў слоўнік эпітэтаў і знайшоў там вось колькі азначэнняў. (Дастае аркуш і дэманструе.)
Другі вядучы. Так, так, цікава...
(Па чарзе чытаюць.)

Ахвярнае, бурлівае, адчайнае;
адбалелае, вечнае, высакароднае;
горкае, маўклівае, журботнае;
безнадзейнае, самотнае;
палымянае, гарачае, неўміручае;
доўгачаканае, невычэрпнае, гордае;
кранальнае, летуценнае, нябеснае, пяшчотнае;
моцнае, неазмрочанае, нерастрачанае;
прыгожае, радаснае, светлае, шчаслівае;
таемнае, усёпаглынальнае, пякельнае, нясцерпнае;
безнадзейнае, бязрадаснае, грэшнае;
журботнае, непадзельнае;
хваравітае, ціхае, сляпое;
нярадаснае, няшчаснае, пакутнае;
утрапёнае, раўнівае;
сарамлівае, таемнае;
чыстае, шчырае, нясмелае...

Трэці чытальнік (выконвае першую палову верша Рыгора Барадуліна «Світанняў я з табой не сустракаў...»).
Світанняў я з табой не сустракаў,
Не рассякаў вяслом азёрнай хвалі.
I толькі ў хваляванні скуб рукаў,
Калі цябе да дошкі выклікалі.

Здавалася, што бачыць увесь клас,
Калі ў твой бок глядзеў я незнарокам.
Каб аб сабе напомніць лішні раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.

Што стала ты мне нейкаю другой,
Баяўся і сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькі ўсе чамусьці нас з табой
На кніжках плюсавалі без сакрэту.

Ну, а калі кілометры за два
Дамоў з аднавяскоўцамі ішла ты,
Як крыўдна мне было, як я злаваў,
Што каля самай школы наша хата.

Чацвёрты чытальнік (працягвае выкананне верша).
Гады прайшлі. У кожнага свой шлях.
I апынуўся я не ў роднай хаце.
... 3 усмешкай палахлівай на губах
Я сніў цябе ў студэнцкім інтэрнаце.

I вось нарэшце на лістах шасці
Прызнаўся я табе ў сваім каханні.
3 трывогай «заказное» апусціў
I атрымаў адказ — тваё маўчанне.

Дамоў прыехаў.
Кажуць, трэці дзень
Грыміць тваё вяселле (я ж не веру)...

...Хай снег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць —
Усмешкай палахлівай на губах
Ты школьніцай мне будзеш усміхацца...

Першы вядучы. А ці бывае каханне смешным, вясёлым?
Другі вядучы. Думаецца, каханне смешным не бывае — смешнымі часам выглядаюць закаханыя. А вясёлым — так...
Гучыць песня «Дударыкі» (сл. А. Грачанікава, муз. I. Лучанка).

Пяты чытальнік (выконвае верш Уладзіміра Караткевіча «Гісторыя з першым каханнем» ).
Шчасце былое ўяўляю
Дзяўчынкаю па вясне.
Загарэлая, кемная, злая,
Дражніла яна мяне.
Памятаю, год у шаснаццаць,
Дурны ад кахання і мук,
Цераз плот я глядзеў на шчасце,
Рамантычны, цыбаты хлапчук.
А шчасце гуляла ў садзе,
Апранутае ў паркаль,
Сабе і птушкам на радасць,
А мне на смутак і жаль.
Разявіўшы рот, як варона,
Гляджу я ў дзівосным сне
На шчасце, што садам зялёным
Ідзе бліжэй да мяне.
Уважна за мною сочыць,
I соладка, як салавей,
Просіць заплюшчыць вочы,
I гладзіць па галаве.
Раскошы цэлыя рэкі
Ў сэрца маё плывуць,
Моцна сціскаю павекі,
Чакаю... Нельга ўздыхнуць...
А дзяўчына з вачыма блакітнымі
Суседу, дурному, як бот,
Адуванчык тыцнула спрытна
Ў шырокі, як ступа, рот.

Першы вядучы. На гэтым мы развітваемся з вамі, дарагія сябры!
Другі вядучы. Да новых сустрэч!
Шосты чытальнік (выконвае верш Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне. Пазаві...» ).
Ты пакліч мяне. Пазаві,
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
I тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
I змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві —
Нават ненавісць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.

Першы вядучы. Віншуем вас са святам вясны!
Другі вядучы. Жадаем добрага настрою, поспехаў ва ўсіх вашых пачынаннях!

Спіс выкарыстанай літаратуры

Барадулін, Р. Белая яблыня грому : выбр. старонкі лірыкі: 1954—1978 / Р. Барадулін. — Мінск : Маст. літ., 1979. — 173 с.
Давідовіч-Зосін, С. Жывапіс-Painting / С. Давідовіч-Зосін. — Мінск : Мінская фаб-ка каляр. друку, 2003. — 71 с.
Караткевіч, У. Збор твораў : у 8 т. / У. Караткевіч. — Мінск : Маст. літ., 1987. — Т. 1. — 431 с.
Янішчыц, Я. Выбранае : вершы, паэмы / Я. Янішчыц. — Мінск : Маст. літ., 2009. — 247 с.

Яшчэ на гэту тэму:

"Вечная мелодыя жыцця"     “Колькі каштуе каханне?”