сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. А. БУЙКО, настаўніца Яварскай СШ Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пачатковае навучанне 7/2012

«Беларуская скарбонка»

Віктарына знаўцаў беларускай мовы

Вучні чытаюць верш Максіма Танка «Ёсць такая зямля».
1-шы вучань.
Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць,
Пераліўчата ззяюць азёры,
Дзе стаяць веліканы — капцы-курганы,
Векавечным парослыя борам.
2-гі вучань.
Ёсць такая зямля: дзень адзін пражывеш,
I адступяць ліхія нягоды,
Будзеш марыць аб ёй, будзе сніцца табе,
Будзеш помніць яе ты заўсёды.
3-ці вучань.
Вось на гэтай зямлі шчасце выпала мне
Жыць, за плугам хадзіць і збіраць
Непаўторныя казкі і песні яе,
Каб, сябры, ўсе іх вам перадаць.
4-ты вучань.
Бедны той, хто не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы — гэта скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее.
5-ты вучань.
Родная мова — душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ.
Вучні чытаюць верш П. Панчанкі «Беларуская мова».
6-ты вучань.
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
7-мы вучань.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі, здзекваліся, мучылі...
Ты жыла і ў працы, і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
I Купала, ды і ўсе мы снілі сны...
Вядучы. Добры дзень! Сёння мы зноў раскрыем скарбонку беларускай мовы. I высветлім, хто з вас лепш за ўсіх ведае яе сакрэты.
Вядучы прадстаўляе тры каманды і журы.
Конкурс «Назаві адным словам»
Даць агульную назву прапанаваным словам. За правільны адказ — 1 бал.
Страказа, муха, чмель (насякомыя).
Ружа, рамонак, валошка (кветкі).
Стрыж, ластаўка, верабей (птушкі).
Фуфайка, спадніца, сукенка (адзенне).
Ліса, воўк, бабёр (звяры).
Чаравікі, боты, туфлі (абутак).
Конкурс «Складзі прыказку»
Кожная каманда атрымлівае канверт са словамі. За 2 хвіліны трэба скласці прыказку, прачытаць яе і растлумачыць сэнс. За поўны адказ — 2 балы.
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі.
Дзе няма ахвоты, там няма работы.
Конкурс «Пагуляем у рыфмы»
Кожнай камандзе прапанавана загадка. Неабходна дапоўніць яе словам ў рыфму і адгадаць. За правільны адказ — 1 бал.
I ў сто гадоў я малады.
Маё насенне — ... (Жалуды, дуб.)
Я засцілаю дол ігліцай.
Спрадвеку слаўлюся ... (Жывіцай, сасна.)
Адна я ў лесе з белаю карой.
Багата сокам веснавой ... (Парой, бяроза.)
Заданні для балельшчыкаў
Адгадаць загадкі.
Хоць вусаты, хоць я колкі,
Ды не злосны аніколькі.
Лета ўсё адным заняты —
Кожны дзень спялю зярняты.
Не асыплюся на дол —
Хлебам я прыйду на стол.
(Колас.)
Летам я — рагатая,
Восенню хвастатая.
Хоць і горкая зусім,
Ды патрэбная ўсім.
(Цыбуля.)
У ваду нырае смела,
Хатку ён будуе ўмела.
Пад вадой і на вадзе
Будаўніцтва ён вядзе.
(Бабёр.)

Конкурс «Загадкі-пытанні»
За правільны адказ — 1 бал.
Чаго на свеце багацей няма? (Зямлі.)
Што ляціць без крылаў? (Вецер.)
Што хутчэй за ўсё на свеце? (Думка.)
Што гаворыць на ўсіх мовах? (Язык.)
Што без слёз плача? (Скрыпка.)
Што без вады плавае? (Воблака.)

Журы падводзіць вынікі праведзеных конкурсаў.
Конкурс «Скорагаворкі»
Кожная каманда атрымлівае канверт са скорагаворкай. Вучні вызначаюць прадстаўніка ад каманды, які будзе прагаворваць скорагаворку ўслых. Улічваецца хуткасць, выразнасць, дакладнасць. На падрыхтоўку адводзіцца 2 хвіліны.
За адказ без памылак — 5 балаў, пры нязначнай недакладнасці — 4 балы, калі прачытаў з памылкамі — 3. балы, збіўся — 2 балы, шмат памылак і недакладнасцей — 0 балаў.
Прытупіў пілу Піліп —
Пілаваў паленне з ліп.

Жвавы вожык жыва
Жуку пашыў кажух.

Чорны-чорны грак прысніў:
Ноччу драч драча дражніў.
Конкурс «Наадварот»
Падабраць словы з супрацьлеглым значэннем. За кожны правільны адказ — 1 бал.
Ранак, зіма, высока.
Мяккі, часта, шырокі.
Чысты, ідзе, цяжка.
Загадкі для балельшчыкаў
Пад які куст заяц садзіцца, калі дождж ідзе?
(Пад мокры.)
Ці можа страус назваць сябе птушкай?
(Не, бо гаварыць не ўмее.)
Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады?
(На глобусе, карце.)
Дзе мароз улетку водзіцца?
(У халадзільніку.)
Чаго не абнясеш вакол хаты?
(Вады ў рэшаце.)
На чым знаку не наложыш?
(На агні і вадзе.)
Конкурс «Выпраў памылкі»
За кожны правільны адказ — 1 бал.
«Малако дае карова», —
Напісаў на кошцы Вова.
(Дошцы.)
Закрычаў Рыгорка:
«3 неба ўпала горка!»
(Зорка.)
Назбіралася народу:
Дзіва, поўны вулей лёду.
(Мёду.)
Весела звініць збанок,
Кліча: «Дзеці, на ўрок».
(Званок.)
Не праедзем, дружа:
На дарозе ружа.
(Лужа.)
Кажа Славік Светцы:
«Цесна тыгру ў кветцы».
(Клетцы.)
Журы падводзіць вынікі праведзеных конкурсаў.
Конкурс «Наборшчыкі»
3 прапанаваных літар скласці як мага больш слоў, запісаць на ліст паперы, перадаць журы. На падрыхтоўку адводзіцца 2 хвіліны. Каманда, у якой запісана большая колькасць слоў, атрымлівае 3 балы, астатнія — 2 балы. Дадатковы бал прысуджаецца той камандзе, якая складзе самае доўгае слова.
Б, К, У, В, Р, А, Ы, К, Н, А (букварынка)
Конкурс «Метаграмы»
У зыходным слове замяніць адну літару, каб атрымалася іншае слова. За правільны адказ — 2 балы.
3 м расту я на градзе,
3 р я поўзаю ў вадзе.
(Мак — рак.)
Калі на д — паверхі маю.
Калі на л — дзяўбу, ламаю.
(Дом — лом.)
3 е дружу з будаўнікамі.
3 а купляй у хлебнай краме.
(Бетон — батон.)
Белы ўзімку, шэры летам —
Вось табе мае прыкметы:
3 на с змяніць патрэбна,
Каб прадуктам быць мне хлебным.
(Зайка — сайка.)
У лесе з б мяне шукаеш
I з прыемнасцю зразаеш.
Калі б на п заменіш —
Сцеражыся: захварэеш!
(Грыб — грып.)
Я маю сцены і куты,
Усё жыццё служу табе.
Мне о на ы заменіш ты —
Шукай у коміне мяне.
(Дом — дым.)
Стралу сталёвую
Узняў ажно да неба.
А разам з э
Для фільмаў ён патрэбны.
(Кран— экран.)
Бачыць ты прывык мяне цякучай,
Н устаў — і стану я балючай.
(Рака — ранка.)
Да ўзвышша зычную дадай —
Машыну ў «стойла» заганяй.
(Гара — гараж.)
Конкурс «Дамашняе заданне»
Прачытаць на памяць верш пра Беларусь або беларускую мову, які падрыхтавалі дома. Улічваецца выразнасць, артыстызм, дакладнае веданне зместу. За добры адказ каманда атрымлівае 2 балы.
Журы падводзіць вынікі конкурсаў, Пераможцы ўзнагароджваюцца граматамі і прызамі.


Яшчэ на гэту тэму:

Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці     “Жыві, мая родная мова!”