сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. А. ГІЗІЦКАЯ, выхавацель ГПД СШ № 1 г. п. Карма Гомельскай вобласці. Пачатковае навучанне 07/2013

Віктарына «Што? Дзе? Калі?»

(да Дня беларускай пісьменнасці)

Мэта: папаўненне і замацаванне ведаў вучняў пра беларускую пісьменнасць у старадаўні і цяперашні час, фарміраванне цікавасці да вывучэння беларускай мовы.
Вядучы. Душа без роднай мовы — гэта кветка без каранёў, гэта разбітая скрыпка, пусты дом... Родная мова чаруе душу, і душа рвецца да яе, бо яна — калыска душы, гордасць і імя народа.
Добры дзень, паважаныя сябры! Нездарма я пачала сённяшняе мерапрыемства словамі Вацлава Ластоўскага, бо яно прысвечана Дню беларускай пісьменнасці, у якой багатая і слаўная гісторыя. Мы павінны ведаць і шанаваць імёны тых, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё нашай мовы і літаратуры.
Выходзяць вучні і чытаюць вершы.
Ефрасіння Полацкая

Вякі,
Нібы туман наддзвінскі сіні,
Сплылі за перакаты на спакой...
Ўскрыліла над зямлёю Ефрасіння
Асветніцай, _
Пакутніцай, -
Святой.
В. Лукша.

Адкрывала школы і вучыла,
Кнігі перапісвала штодня.
Славу здабыло па ўсёй Айчыне
Ефрасінні Полацкай імя.
В. Іпатава.

Кірыл Тураўскі

I слабыя душы іскрыла,
I да Бога вяло, калі
Гаварыў і пісаў Кірыла
Златавуст беларускай зямлі.
В. Іпатава.

Францыск Скарына

Пакуль жыве мая Айчына
I памяці не рвецца ніць,
Глядзіць на нас з табой Скарына,
Ён праз вякі на нас глядзіць.
А. Бадак.

Янка Купала

Ты не памрэш, не змоўкнеш ты, Купала.
Радзіма ўзняла цябе, ушанавала, —
Жыві, паэзіі вясновы крыгаход!
Ты ад народа, і ты сам — народ!

Вядучы. Спіс выдатных і знакамітых імёнаў, звязаных з беларускай пісьменнасцю, з беларускім словам, можна працягваць бясконца. Але надыйшоў час пачаць нашу віктарыну «Што? Дзе? Калі?». У ёй прымаюць удзел дзве каманды: «Літарынка» і «Мовазнаўцы». Віктарына пройдзе ў выглядзе конкурсаў, па выніках якіх будзе вызначаны пераможца.
Конкурс «Пісмовыя крыніцы»
Вядучы. Першы конкурс — «Пісьмовыя крыніцы». Кожная каманда адказвае на 5 пытанняў. Калі адказ адной каманды будзе няправільны, другая можа прапанаваць свой варыянт адказу. За кожны правільны адказ — 1 бал.
✓ Як называліся пісьмовыя крыніцы, у якіх запісваліся звесткі аб найбольш значных падзеях? (Летапісы.)
✓ У якім горадзе быў напісаны самы старажытны летапіс усходніх славян «Аповесць мінулых гадоў»? (Кіеве.)
✓ На чым пісаліся кнігі ў даўнія часы? (На цялячай, авечай, казінай скуры.)
✓ Навошта да вокладкі прымацоўвалі металічныя засцежкі? (Каб кнігу можна было зашпільваць.)
✓ У выглядзе чаго рабілі пачатковыя літары ў старадаўніх кнігах? (Кветак, птушак, звяроў.)
✓ Што вы ведаеце пра дату 6 жніўня 1517 г.? (У г. Празе выйшла ў свет першая друкаваная кніга Францыска Скарыны «Псалтыр».)
✓ Калі з’явілася першая друкаваная кніга на тэрыторыі нашай краіны? (У 1522 годзе.)
✓ У якім горадзе знаходзіцца помнік знакамітаму беларускаму першадрукару? (Полацку.)
✓ Хто з’явіўся прадаўжальнікам справы Францыска Скарыны ў Беларусі? (Сымон Будны.)
✓ Каго называюць нябеснай заступніцай зямлі беларускай? (Ефрасінню Полацкую.)
Пасля заканчэння конкурсу журы аб’яўляе вынікі.
Конкурс «Моўная скарбонка»
Вядучы. Наступны конкурс — «Моўная скарбонка». Невычэрпны моўны скарб — прыказкі. У іх адлюстроўваецца не толькі гісторыя, звычаі, быт, але і характар, душа народа. Чым больш чалавек ведае прыказак, тым больш народнага вопыту ён можа пераняць. А вось як добра вы ведаеце беларускія прымаўкі, мы зараз і паглядзім. Кожная каманда атрымае прыказкі, падзеленыя на дзве часткі. Трэба знайсці правільны працяг прыказкі. За кожны правільны адказ — 1 бал.

Лепш сто сяброў,
3 кім пазнаешся,
Век пражыць —
У гасцях добра,
Няма смачнейшай вадзіцы,
Чалавек без Радзімы,
Мірна жыць —
такім і станешся.
як сто рублёў.
не кашулю пашыць.
як з роднай крыніцы.
а дома лепш.
шчаслівым быць.
што салавей без песні.

Конкурс «Пагуляем у перакладчыкаў»
Вядучы. Пакуль журы будзе падводзіць вынікі, мы з вамі ператворымся ў перакладчыкаў. Кожная каманда атрымае па адной перфакарце. За 3 хвіліны трэба перакласці словы на беларускую мову. На кожнай запісана па 8 слоў. За кожны правільны адказ — 1 бал. Па заканчэнні журы падводзіць вынікі двух конкурсаў.

ромашка
корндор
полотенце
квартира
тарелка
погода
почта
чистота
василёк
лестница
лук
ласточка
вилка
рюкзак
бульон
капюшон

Конкурс «У друкарні»
Вядучы. А зараз мы з вамі адпраўляемся ў друкарню. Хто ведае, што такое друкарня? Так, гэта месца, дзе даюць жыццё кнігам, часопісам, газетам. Уявіце сябе друкарамі. Мы пачынаем наступны конкурс — «У друкарні». Вы атрымаеце тэкст, у якім трэба паставіць знакі прыпынку. За кожны правільна пастаўлены знак — 1 бал.
Запаведныя мясціны
Беларусь багата лясамі у нашай краіне захаваліся велізарныя старыя лясы іх называюць пушчамі ёсць Белавежская пушча Налібоцкая пушча гэтыя лясы радуюць вока сваёй непаўторнасцю трапіш у такі лес — і галава кружыцца ад водару хвоі кветак і траў.
Конкурс «Беларускія загадкі»
Вядучы. Калі наша шаноўнае журы правярала тэкст, прыбегла да мяне ліска.
(Вядучы паказвае мяккую цацку — ліску.)
Прынесла загадак міску.
Хто іх адгадае, той пераможцам стане.
Зараз ліска паслядоўна кожнай камандзе загадае свае загадкі. За кожны правільны адказ — 1 бал.
✓ Што за астры — люба глянуць. Толькі ўночы цвітуць, а ўдзень вянуць? (Зоркі.)
✓ Спачатку падае, потым устае, пасля гасцінцы раздае. (Дождж.)
✓ За ўсіх птушак ён чарней, чысціць поле ад чарвей. (Грак.)
✓ Чырвонае цельца, каменнае сэрца, прыемная на смак, а завецца як? (Вішня.)
✓ Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша. А няма электратоку — ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар.)
✓ Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалыхнуў, на дно патануў. (Снег.)
✓ Прыйшла чорна маці. Усіх паклала спаці. (Ноч.)
✓ Бягу асфальтам і заўжды Трымаюся за правады. (Тралейбус.)
Па заканчэнні конкурсаў журы аб’яўляе вынікі.
Конкурс «Мы - пісьменнікі»
Вядучы. Сёння мы з вамі зрабілі падарожжа ў гісторыю беларускай пісьменнасці, наведалі друкарню, пагулялі ў перакладчыкаў. У мяне ёсць яшчэ адна прапанова: давайце памарым на тэму «Мы — будучыя пісьменнікі» і напішам апавяданне або казку. Кожная каманда атрымае набор слоў, якія трэба ўключыць у сваё апавяданне. У якой каманды атрымаюцца больш мілагучныя сказы, тая і будзе пераможцам. На выкананне адводзіцца 5 хвілін.
Дадатковыя словы: Зямля; Сонейка; сустрэча; за марамі, за лясамі; шмат чаго; лепей за ўсіх; даведацца; да пабачэння.
Заўвага. Гэты конкурс можна не ацэньваць, а прапанаваць вучням як дамашняе заданне для далейшага размяшчэння на школьным стэндзе.
У канцы мерапрыемства журы падводзіць вынікі і ўзнагароджвае ўдзельнікаў.
Вядучы. А цяпер, паважаныя ўдзельнікі, хачу падзякаваць вам за сённяшнюю гульню і выказаць спадзяванне, што наша спатканне дапамагло дапучыцца да скарбніцы беларускай мовы і лепш зразумець яе прыгажосць і мілагучнасць.
— Ты адкуль бруішся,
Мова?..
— 3 сініх нёманскіх крыніц...
Па зямлі збіраю словы,
Нібы россыпы суніц.
Мілая, адзіная,
Нам, нашчадкам,
Дадзена
Любаю Радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
Хай вядзьмараць Навальніцы,
Снегападаў касякі,
А табе вякі бруіцца —
А затым —
Яшчэ вякі!..
У. Мазго.


Яшчэ на гэту тэму:

Напісанае застаецца     І слова гучала — чароўнае слова