сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла САЛЯНКА, бібліятэкар Таргунаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. Роднае слова. Красавік 2012 г.

"І боль душы, і светлая сляза..."

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Блок I. "Увайшла ў юнацтва вайна..."

Гучыць музыка. Выходзяць вядучыя.

1-ы вядучы.
Мой белы край бярозавы,
Зямля мая азёрная.
Люблю цябе я з росамі
I ціхай ночкай зорнаю.
Люблю і з навальніцамі,
I з перунамі дружнымі.
Люблю цябе з крыніцамі,
3 людзьмі тваімі мужнымі.
2-і вядучы. Людзі маёй вёскі. Дарагія землякі. Удзельнікі і відавочцы той далёкай вайны. Вы - наша гісторыя і наша памяць. Гэта нельга забыць, перапісаць нанава. На вашы маладыя гады выпалі самыя жорсткія выпрабаванні: абарона Радзімы, цяжкія работы ў Германіі, голад, страх.
Анатоль Лявонавіч Найдзяновіч. Разведчыкам дайшоў да Берліна, удзельнічаў у штурме рэйхстага. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Славы III ступені, медалямі "За ўзяцце Варшавы", "За ўзяцце Берліна" і інш.
1-ы вядучы.
"У 41-м мне толькі споўнілася 17 гадоў. На фронт мяне не ўзялі. А я ўсё думаў, што і вайна скончыцца, пакуль падыдуць мае гады. Але ж хапіла і мне паваяваць. У канцы 43-га мяне ўзялі на фронт. Спачатку ў Архангельск, затым былі Латвія і Польшча. У час пераправы праз Віслу быў цяжка паранены. Аднак пасля шпіталя зноў вярнуўся ў свой узвод, і з баявымі сябрамі-разведчыкамі дайшоў да Берліна. У мяне часта пытаюцца, які бой самы цяжкі. Канечне, той, пры штурме рэйхстага. Мы ведалі, што вай­на заканчваецца, і так хацелася жыць. А колькі маіх сяброў загінула на маіх вачах! А ім усяго было па 19-20 гадоў, як і мне. Дамоў вярнуў­ся ў 47-м, бо служба мая працягвалася яшчэ на германскай граніцы".
3 успамінаў А. Найдзяновіча.


Выходзяць чытальнікі.

У ветэрана ў гасцях

1-ы чытальнік.
Дзеці сядзяць, затаілі дыханне...
Сёння мы ў ветэрана ў гасцях.
Быццам самі чакаем атакі ўранні,
Па руінах паўзём, нібы па касцях.
2-і чытальнік.
А ў тумане світання, як чорная хмара,
Вунь рэйхстаг. Як нялёгка дажыць, дацярпець.
Не падняць галавы ад гарматных удараў -
Там фашысты заселі і б'юцца насмерць.
3-і чытальнік.
- Найдзяновіч, - спытаў камандзір, -
ты жанаты?
- Не, - пачуўся адказ, - без сям'і.
- Там, на подступе нашым трэба гранаты,
Я прашу... Калі можаш, сынок, дапаўзі...
4-ы чытальнік.
А забітых так многа і злева, і справа,
I рэйхстаг - метраў дзвесце.
Вось штурм і канец...
3 поўнай скрыняй гранат, праз агонь.
Не для славы...
Ён дайшоў. I прынёс Перамогі вянец.
1-ы чытальнік.
Перагортвае памяць ваенныя далі...
Задуменна і ціха сядзім мы вакол.
3 ціхім звонам ордэны і медалі
Асцярожна кладуцца на стол.
2-і чытальнік.
Я ніколі не бачыла столькі ўвагі
У дзіцячых вачах да успамінаў вайны.
На уроку мужнасці і адвагі
Пабывалі сёння яны.

Гучыць музыка.

1-ы вядучы. Дзеці вайны... На іх маленькія, кволыя плечы выпалі такія цяжкія выпрабаванні, якія не ўсім дарослым былі пад сілу.
2-і вядучы.
Пачакай, падлетак сённяшні, сучасны,
Прыпыніся на хвілінку і пастой.
Агляніся вунь на той заранак ясны,
Што завём далёкай вайной.
Ім было таксама па сямнаццаць,
А каму дванаццаць, сем ці пяць...
Толькі жыць і сонцу ўсміхацца,
А не ў "вайну" з вайной гуляць.
1-ы чытальнік. Іван Макаравіч Гільніч - непаўналетні вязень фашысцкага лагера "Сойц". Чатырнаццацігадовы хлопчык на ўсё жыццё запомніў свой лагерны нумар - "415".
1-ы вядучы.
Ні прозвішча, ні імені, ні даты...
Ты - проста нумар ці ваенны код.
Яшчэ сказаць - ты "Ост". I што ты варты,
Калі запушчаны машыны жорсткай ход?
2-і вядучы.
Якое нелюдства! О, Божа мілы!
Ды як яшчэ назваць было людзей,
Хто меў разлік на "дармавую сілу"
I ланцугі выточваў для дзяцей.
2-і чытальнік.
«Са станцыі Параф'янава, дзе мы правялі ноч у цялятніку, нас павезлі ў Германію. Мы павінны былі забыць свае імёны і прозвішчы, адклікацца толькі на нумар. Пастаянна хацелася есці. Кармілі два разы на дзень баландай з кармавых буракоў. Каб не ўцяклі, нас закавалі ў кайданы.
Калі мы трапілі да баўэраў, то з'явілася хоць нейкая надзея паесці. Мне пашанцавала: мае гаспадары мяне шкадавалі. Я не так галадаў, як мае аднагодкі, якім не толькі не давалі есці, але і білі.
Калі пайшла чутка, што блізка амерыканцы, немцы сабралі нас у калону і пагналі ўглыб Германіі. Адусюль чуўся гул танкаў і самалётаў. Нехта з нас крыкнуў: "Рускія!" Немцы кінулі нас на дарозе. Так мы і стаялі, падняўшы белую тканіну, пакуль нас не падабралі амерыканцы. Яны здагадаліся, што мы палонныя, накармілі нас... Праз тры месяцы мы вярнуліся дамоў».
3 успамінаў I. Гільніча.


Гучыць музыка.

3-і чытальнік. Мікалай Ігнатавіч Варанковіч - непаўналетні вязень фашысцкага працоўнага лагера. У няпоўныя 15 гадоў ён працаваў на шахце ў Кёльне.
4-ы чытальнік.
«У вагонах было па 200 чалавек. Недзе пад Гродна ўбачылі ўзарваныя нямецкія эталоны. На адной станцыі да нас падсадзілі нямецкіх салдат, якія, на мой погляд, ужо адваяваліся. Спужаныя, змучаныя, хворыя...
Пад Кёльнам у шахту ўзялі ўсяго 6 чалавек. 600 метраў глыбіня, яшчэ 80 метраў уніз па лесвіцы ў забой, адбойны малаток 7 кілаграмаў, за 8 гадзін трэба ўрэзацца на 7 метраў у даўжыню, 2 метры ў шырыню і 1 метр у вышыню - вось які фронт работ.
Пасябраваў з італьянцам. Той хлопец дужы, памагаў нам даваць план.
Кармілі слаба, а праца была цяжкая. Адзін раз спрабавалі ўцячы. А дзе б мы там дзеліся? Кругом чужая старана. За спробу ўцячы трое сутак сядзелі ў камеры без вады і ежы, а потым адправілі нас у штрафлагер г. Ахен на фабрыку "Обэр Бруф", дзе мы напільнікамі апрацоўвалі нейкія шпонкі, а для чаго яны - ведаць не павінны былі.
Вызвалілі нас амерыканцы. Па дарозе дамоў у Мінску сустрэў сваю настаўніцу з Турулькі -Марыю Завадскую. А пасля вайны служыў у арміі, пад Ленінградам».
3 успамінаў М. Варанковіча.


Гучыць музыка.

1-ы вядучы.
Ля вытокаў святых крыніц,
Дзе ўсё роднае да драбніц,
Не шукай для сябе зямны рай,
Бо ён тут, дзе твой дом, дзе твой край.
2-і вядучы.
Дзе маленства родны куток,
I вадзіцы чыстай глыток,
I мясцін незабыўных святло,
I бусла маладое крыло.
1-ы вядучы.
На зямліцы маёй святой,
Непакорнай, мужнай, жывой,
Засталася памяць гадоў
Для нашчадкаў - дачок і сыноў.
2-і вядучы. Рыгор Ісакавіч Гушчык - непаўналетні сувязны партызанскай брыгады імя ЦК КП(б)Б.
"У нашай сям'і ўсе былі звязаны з партызанамі. Бацька і старэйшы брат хадзілі ў разведку, мама пякла хлеб і передавала ў атрад. А мне, 6-гадоваму хлопчыку, лёгка было праносіць каля пастоў звесткі, якія замаскіроўвалі ў бітончык з малаком або ў кошык з яйкамі. Усё гэта я павінен быў даставіць у Докшыцы. Мае бацька і брат былі расстраляны фашыстамі. Да самага вызвалення Беларусі я стараўся быць карысным партызанам, бо інакш я ніяк не мог адпомсціць за гібель дарагіх мне людзей".
3 успамінаў Р. Гушчыка.
1-ы вядучы. Мы помнім усіх землякоў, што змагаліся ў партызанскіх брыгадах імя ЦК КП(б)Б і "Жалязняк". Іх імёны ў кнізе "Памяць" Докшыцкага раёна.

Выходзяць чытальнікі.

Партызан Максім

1-ы чытальнік.
"3 такой размашыстай паходкай
Максіму і сем вёрст - не шлях,
Ён партызанскаю падлодкай
Хадзіў па Горнаўскіх лясах" -
2-і чытальнік.
Жартуе так Вікенцій Стома,
Ды сваяку не ў навіну.
А нас, малых, не выгнаць з дому -
Паслухаць хочам пра вайну.
3-і чытальнік.
За словам слова, неўпрыкмётку,
3 іскрынкай хітраю ў вачах
Распавядае, як з разведкай
Хадзілі ў вёскі па начах.
1-ы чытальнік.
А мы з суседскім хлопцам Лёнькам
Зачараваныя сядзім.
Дзядзька - герой, хоць без вінтоўкі, -
Адважны партызан Максім.
2-і чытальнік.
Так мы раслі з тым захапленнем,
Праз дваццаць год пасля вайны,
Хоць сталі мірным пакаленнем,
Як і Максімавы сыны.
3-і чытальнік.
Час прамільгнуў імклівай лодкай,
Застаўся ў памяці і снах.
I ўсё ж Максімаву паходку
Пазнаць няцяжка ў сынах.

Гучыць музыка.
1-ы вядучы. У вайны не жаночае аблічча. А ці магло яно быць дзявочым, дзіцячым? Толькі тыя, каму было тады па 14 - 16 гадоў, могуць вам адказаць на гэтае пытанне.

Выходзяць чытальнікі.

У Нямеччыну

1-ы чытальнік.

Плача вёска. Галосяць маткі.
Проста нельга нікому ўтрываць -
Пад прымусам едуць дзяўчаткі
У Германію працаваць.
2-і чытальнік.
Ніны, Тоні, Ганны, Марусі...
Ад двара па адной ці па дзве.
Трэба сотню набраць па акрузе,
А ратунку не знойдзеш нідзе.
3-і чытальнік.
Заўтра рана на зборным пункце
Паіменна па спісе ў рад.
А сягоння, як на пакуце,
Ноч апошняя дома ў дзяўчат.
4-ы чытальнік.
Ціха ў хаце, нібы на хаўтурах,
Пачарнелая маці ад слёз...
Грае вецер асенні на струнах
Песню смутку маўклівых бяроз.
1-ы чытальнік.
Сёння сон кароткі, трывожны,
Дзве сястры, прытуліўшыся, спяць.
Сніцца поплаў ля рэчкі мурожны,
У пакосах густых сенажаць.
2-і чытальнік.
Лес за вёскай, бяскрайняе поле
Часта будуць прыходзіць у сны.
Будзе мама ім сніцца ў няволі.
Як раней, што было да вайны.
3-і чытальнік.
Заўтра немцы падгоняць машыны,
Зноў нахлыне жальба цераз край.
Перакладчык з гэтай прычыны
Скажа: "Дзевушкі, едзеце ў рай!"
4-ы чытальнік.
Дзе там рай? Многа мяса і хлеба?
Што заменіць ім родны куток,
I кавалачак сіняга неба,
I вадзіцы крынічнай глыток?
1-ы чытальнік.
Будуць рады і чэрствай скарынцы,
Каб дарогай дамоў не прыстаць.
Хіба нас зразумеюць чужынцы?
Ім не дадзена гэта спазнаць.
2-і чытальнік.
Заўтра... заўтра... Дзяўчатам не спіцца,
Недалёка ўжо да відна.
Плача сэрца - не ў сілах змірыцца,
Бо Радзіма, як мама, - адна.
1-ы вядучы. Марыя Антонаўна Маскалёнак - былы вязень рабочага лагера ваеннага завода Генійсай.
«У лагеры нас было 500 чалавек, усе недзе майго узросту, па 17 - 20 гадоў. На заводзе тачылі гільзы пад снарады, але часта капалі і акопы за лесам. Кармілі два разы на дзень - баланда з капусты ці бручкі і хлеб па 400 грамаў на дзень. Вадзілі ў лазню, аказвалі медыцынскую дапамогу. Вось так два гады і адпрацавала на "фрыцаў".
У 45-м убачылі амерыканцаў, першы раз у жыцці я ўбачыла чарнаскурых людзей. Яны нам давалі цукеркі, хлеб, кансервы. Сталі вывозіць людзей да чыгункі. А я яшчэ паўгода працавала на кухні, варыла савецкім салдатам супы і кашы, даглядала гаспадарку, дзе стаяў полк».
3 успамінаў М. Маскалёнак.

2-і вядучы. Соф'я Аляксандраўна Трус - былы непаўналетні вязень лагера Рутшнейдэ. 3 1943 да 1945 г. разам з маці і чатырма сёстрамі працавала ў Германіі.
«Сама я родам з Палесся. Калі прыйшлі немцы ў вёску, бацька пасвіў кароў, а мы адразу кінуліся ў лес. Але не паспелі. Усіх вяскоўцаў адвезлі ў Брэст. Там у полі, на голай зямлі, за калючым дротам, сядзелі тры дні. Немцы адбіралі самых моцных, каб маглі працаваць. На лоб ставілі кляймо. Наша сям'я трапіла да баўэра Думыслова. Ад раніцы да вечара мылі, варылі, палолі, даілі кароў. Кармілі нас нядрэнна, бо слабыя і працавалі б не так. На адзенні былі нашыты кавалкі тканіны з надпісам "OSТ". Вызвалілі нас англічане вясной 45-га. А наш бацька ўжо і не спадзяваўся, што мы ўсе вернемся дамоў жывыя».
3 успамінаў С. Трус.
Гучыць музыка.

Блок II. "Я павінен правільна пражыць..."

1-ы вядучы.
Ёсць помнік у вёсцы - падлік вельмі просты,
Дадому вярнуліся двое. Ні пяты, ні шосты,
А трэці - імя на халодным граніце,
Запомніце, людзі, і нізка галовы схіліце.
2-і вядучы. Імёны, імёны... Дзясяткі і дзясяткі тых, хто застаўся там, на палях вайны, у партызанскіх лясах, памёр ад ран і пайшоў з жыцця зусім нядаўна...

Выходзяць чытальнікі.

Гуляюць хлопчыкі ў вайну
1-ы чытальнік.
Гуляюць хлопчыкі ў вайну.
3 сваіх драўляных аўтаматаў,
Нібы хлапушкамі на свята,
Пужаюць рэхам цішыню.
Гуляюць хлопчыкі ў вайну.
2-і чытальнік.
Ідзе разведка каля пуні.
I распластана, як байцы,
Цераз крапіву і дубцы,
Ніжэй хаваюцца ад кулі.
Ідзе разведка каля пуні.
3-і чытальнік.
Да лесу рушыў ўжо атрад,
Гранат смалістых дзве кішэні,
I у нябачныя мішэні
Страляюць сто разоў падрад.
Да лесу рушыў ўжо атрад.
4-ы чытальнік.
Пакет нясуць і, пэўна, важны.
Якія гульні? Тут хоць ляж,
Ды толькі нельга здаць бліндаж,
Таму змагаюцца адважна.
Пакет нясуць і, пэўна, важны.
1-ы чытальнік.
За вартасць свежых данясенняў -
На елку ў штаб, дзе камандзір.
За дзень да велізарных дзір
Штаны прадраны на каленях.
За вартасць свежых данясенняў.
2-і чытальнік.
А дзед Васіль за ўсім цікуе,
На прызбе, седзячы ў цяні.
Ліхія ўспомніліся дні,
У снах падчас яшчэ ваюе.
За дзецьмі зараз дзед цікуе.
3-і чытальнік.
Маленства яркая карцінка...
Няхай міне дзяцей бяда.
А слёзы будуць, як вада
3 вясновай чыстай ручаінкі.
Маленства яркая карцінка...
1-ы чытальнік.
А будуць хлопчыкі - салдаты
Не у забавах - у жыцці.
Вось будуць хлопчыкі - салдаты.
Ім трэба проста падрасці.
1-ы вядучы. Прабачце за тое, што незаўсёды бываем чулымі і ўважлівымі, міласэрнымі і добрымі, спісваем усё на час.
2-і вядучы. Прабачце, што жывём мітусліва, ствараем сабе праблемы, спісваем усё на час.
1-ы вядучы. I пралятаем хутка, праз усё жыццё, не пакінуўшы следу. I зноў вінаваты час.
2-і вядучы. А час адзіны і непаўторны. I які ты пакінеш на зямлі след - такі ён і застанецца.

Выходзяць чытальнікі.

Я павінен правільна пражыць

1-ы чытальнік.
Пасцялі, матуля, мне пасцельку
На мяжы сярод густой травы.
Я прынікну да сырой зямелькі -
Я жывы, матуля, я жывы.
2-і чытальнік.
Не мяне фашысты расстралялі.
Не мяне спалілі на зары.
Сведкам часу і нашчадкам жалю
Стаў, відаць, я ад тае пары.
3-і чытальнік.
Я павінен жыць. I так, як трэба,
За дваіх, траіх, за пяцярых,
Бо яны, узнёсшыся на неба,
Пільна сочаць, як мы тут без іх.
1-ы чытальнік.
Ад пустых праблем бывае часам млосна,
Кажам - век такі, нібыта вір,
Разумеем бліжніх надта позна -
Толькі як магільны хрусне жвір.
2-і чытальнік.
А яны свае святыя душы
Аддалі, каб нашым не астыць.
Дзеля памяці, якую не парушыць,
Я павінен правільна пражыць.
Гучыць музыка.

Блок III. "Сведкі часу і нашчадкі жалю..."

Выходзяць чытальнікі.

Даваеннае фота
1-ы чытальнік.
Пажоўкла ад часу даваеннае фота,
Дзе хлопцы з дзяўчатамі - выпускнікі.
"Май 41-га года"-
Напісана просценька, ад рукі.
2-і чытальнік.
Крылатыя бровы, вочы з усмешкай
I мар невычэрпнасць да дна.
Не светлай дарогай, а чорнаю сцежкай
Увайшла ў юнацтва вайна.
3-і чытальнік.
Мая субяседніца Ганна Пятроўна -
Дабрэйшай душы чалавек.
Ёй сёлета 80 "стукнула" роўна,
Далей прадаўжаецца век.
4-ы чытальнік.
На выцвілым здымку ў цэнтры авала
Яна - малады педагог...
Ўздыхае самотна:
- Шкада, што так мала
Маіх, каго лес убярог.
1-ы чытальнік.
Вось бачыце - Зіна. На фронт з медсанбатам
Пайшла ў першы месяц вайны.
Прыйшлі пахаронкі на Зіну і брата -
Загінулі ў Польшчы яны.
2-і чытальнік.
А вось прыгажун наш, нібы на карціне, -
Ліхі партызанскі герой.
У Крулеўшчыне ён падарваўся на міне,
Даўно у зямліцы сырой.
3-і чытальнік.
А гэта выдатніца наша Тарэса,
Настаўніцай марыла стаць.
Прапала радыстка ў баях за Адэсу,
Няма ўжо каму і шукаць,
4-ы чытальнік.
Мог лёс быць адзін у Алёшы і Галі,
Каханне было як вясна.
Памёр ён ад ран пад Масквой у шпіталі,
Яна - пражыла век адна...
1-ы чытальнік.
Скажыце, застаўся хто з гэтага класа?
Што сёння вядома пра іх?
Ўздыхнуўшы, гаворыць яна не адразу:
На жаль, засталіся ўтраіх.
2-і чытальнік.
Вось гэты, сур'ёзны, Мікола - у Мінску,
3 Машэравым ён ваяваў.
Жывы або не? Тут няма яго блізкіх,
Даўно ён у нас не бываў.
3-і чытальнік.
Рукою пяшчотна гладзіць паперу,
Як вучняў, каб пахваліць:
- Бывала, гарэзы, цікуюць на дзверы,
Не хочуць урокі вучыць.
1-ы чытальнік.
Я слухала гэты расказ невясёлы,
Углядалася ў вочы дзяцей.
Хадзілі у школу,
Прыйшлі... у нязбытнасць надзей.
2-і чытальнік.
Вось так пабывалі мы, як на уроку
Адной даваеннай вясны.
Пакуль будзем чуць і не страцілі зроку -
Урок будзе весці Памяць вайны.


Яшчэ на гэту тэму:

Хай будзе ясным неба над зямлёй!     У нашых сэрцах - памяць аб кожным чацвёртым