сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. В. ЖАЎНЯРЧУК, настаўніца гімназіі г. Пружаны. Пачатковая школа 8/2007

Беларускія гаспадынькі

Гульнёвая праграма

Гульня — важны сродак народнай педагогікі. У гульні дзеці рэалізуюць свае назіранні, капіруюць паводзіны дарослых, узнаўляюць бачаныя імі сітуацыі. Гульня развівае памяць, спрыт, фантазію. 3 даўніх часоў беларусаў суправаджаюць народныя гульні, у якіх бяруць удзел і старыя, і малыя. Простыя правілы, даступныя і нескладаныя атрыбуты робяць іх незаменнымі памочнікамі ў выхаванні. 3 дапамогай гульняў захоўваюцца лепшыя народныя традыцыі і звычаі.
Задачы: пазнаёміць дзяцей з беларускімі народнымі гульнямі; развіваць спрыт, хуткасць, каардынацыю рухаў, уважлівасць, уменне хутка арыентавацца ў абставінах; выхоўваць пачуццё адказнасці.
Абсталяванне: пугі, капелюшы, місачкі, драўляныя лыжкі, хусцінкі, ручнікі, збаночкі, гаршчочкі, кошыкі, фартушкі (усіх па 2), бульба.

Ход мерапрыемства


Гульні судзіць журы, якое за невыкананне правілаў знімае балы.
Бабка Настачка (у народным адзенні прытанцоўвае і спявае).
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая,
Падабаецца мне музыка твая,
Ты з дзяцінства карагодная,
У юнацтве — навамодная.

Добры дзень, мае даражэнькія! Як многа вас сёння сабралася! Завуць мяне бабкай Настачкай. Прыйшла я да вас, каб пагуляць. Як вы думаеце, што ў мяне ў гэтай торбачцы?
Дзеці. Падарункі! Пачастункі!
Бабка Настачка. Так, правільна, любыя мае. Яшчэ ў мяне ёсць вельмі цікавыя рэчы. Назавіце іх па-беларуску. (Дастае па чарзе і паказвае дзецям: збанок, гаршчочак, лыжку, пугу, фартух, міску, капялюш.)
А яшчэ я прынесла вам гульні. А якія гульні вы ведаеце і любіце? (Адказы дзяцей.) Сёння я вас пазнаёмлю з новымі гульнямі. Для гэтага мне патрэбны дзве каманды па шэсць чалавек.
Выходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, яны дзеляцца на дзве каманды.
Бабка Настачка. Запрашаю вас прыняць удзел у гульні “Гарачыя гаршчочкі”.
На стульчыках стаяць гаршчочкі, вісяць ручнікі. Узяўшы ручніком гаршчочак са стравай, трэба аднесці яго на стульчык насупраць каманды, вярнуцца з ручніком і перадаць яго наступнаму іграку каманды, які з ручніком пабяжыць за гаршчочкам і прынясе яго ізноў. Перамагае тая каманда, якая раней закончыць гульню.
Журы і бабка Настачка падводзяць вынікі.
Наступная гульня — “Бульба”. Бульба рассыпана насупраць кожнай каманды. Колькасць бульбінак адпавядае колькасці ўдзельнікаў гульні. Іграку трэба па камандзе з завязанымі вачыма знайсці адну бульбінку, пакласці яе ў кошык, дабегчы да сваёй каманды, перадаць кошык з бульбай наступнаму іграку. Гульня заканчваецца, калі адна з каманд збярэ ўсю бульбу.
Падводзяцца вынікі гульні і агульны вынік. Бабка Настачка запрашае прыняць удзел у гульні “Лявоны”.
Бабка Настачка. Лета — цудоўная пара. Які спякотны сёння дзень! Для беларуса ў такую спякоту лепшым ратункам ад сонца здаўна служыць саламяны капялюш.
Выходзяць па аднаму іграку ад каманды і надзяваюць капялюшыкі. Кожны хавае руку з пугай за спінай. Стаяць адзін насупраць аднаго на адной назе, стараюцца зняць капялюшык з галавы саперніка. Перамагае тая каманда, ігрок якой большую колькасць разоў зніме капялюшык.
Падводзяцца вынікі гульняў.
Бабка Настачка. Мне здаецца, што вы ўжо стаміліся, даражэнькія мае, адпачніце. А вы, паважаныя гледачы, мабыць, засядзеліся. Прапаную вам гульню “Зачэп”. Высветлім, хто самы дужы з гледачоў.
Запрашаюцца два гледачы. Яны садзяцца адзін насупраць аднаго за стол. Сярэднімі пальцамі правай (левай) рукі стараюцца перацягнуць партнёра. Другой рукой яны ўпіраюцца ў стол. Прайграе той, хто першы разагне палец. Гульня праводзіцца некалькі разоў. Самаму дужаму іграку бабка Настачка ўручае падарунак.
Бабка Настачка. Думаю, што нашы ўдзельнікі гульняў адпачылі, і я запрашаю іх паслухаць умовы наступнай гульні, якая называецца “Пастушкі”.
На стульчыках на разасланай хустцы ляжаць сухарыкі, агуркі, яйкі, лыжка, стаіць бутэлька з малаком, міска, кубак. Побач ляжыць пуга. Першы ўдзельнік каманды завязвае рэчы ў вузел. Бярэ пугу і вяртаецца назад, перадае яе наступнаму ўдзельніку. Той бяжыць з пугай да вузла, бярэ яго, а пугу пакідае і вяртаецца назад. Апошні ўдзельнік павінен прынесці пугу і вузел, развязаць яго і паказаць, што ўсе рэчы на месцы. Перамагае каманда, якая развяжа вузел першай. Гульня патрабуе вялікай увагі і спрыту,
Пасля падвядзення вынікаў бабка Настачка прапануе наступную гульню, якая называецца "Пчолкі".
Бабка Настачка. Пчолкі вельмі працавітыя, яны з раніцы да вечара носяць нектар з кветачак у вулей. Місачкі будуць кветачкамі. У іх наліта вадзічка — “мядок”. Трэба драўлянай лыжкай зачэрпваць “мядок” і пераносіць яго ў гаршчочак, які стаіць на стульчыку насупраць. Перамагае каманда, якая хутчэй перанясе “мядок” і менш праліе яго па дарозе.
Журы падводзіць вынікі конкурсу. А бабка Настачка аб’яўляе заключную гульню — "Беларускія гаспадынькі".
На стульчыку ляжаць хусцінка, фартушок і стаіць збаночак. Удзельнікі па чарзе надзяваюць фартушкі, завязваюць хусцінкі і нясуць збаночак, трымаючы яго дзвюма рукамі. Абабягаюць стульчык, які стаіць на пэўнай адлегласці ад каманды, прыносяць збаночак і ставяць на стульчык побач з камандай. Перадаюць наступнаму ўдзельніку, дапамагаюць яму апрануцца. Гульня працягваецца, пакуль апошні ўдзельнік не завершыць яе.
Бабка Настачка дзякуе ўсім удзельнікам гульняў, а таксама балельшчыкам. Журы падводзіць вынікі. Падарункі ўручаюцца ўсім удзельнікам гульнёвай праграмы.
Бабка Настачка. У мяне ёсць яшчэ два сувеніры — хусцінкі. Іх атрымаюць самыя ўвішныя гаспадыні з кожнай каманды. Выберуць іх гледачы. Я называю імя, а вы плясканнем у далоні вызначаеце лепшую.
Вось і заканчваецца наша свята.
Не заўсёды мне вось тут
Жартаваць, смяяцца.
Трэба зараз мне, сябры,
3 вамі развітацца.

Да пабачэння. Пайду са сваімі гульнямі да іншых дзетак.